| Масты 
Новае ў справе М.Хандогі 
            У некалькiх нумарах запар «БИ» паведамляла аб справе непаўналетняга Максiма Хандогi, якi пасля наведвання мастоўскага РАУС быў дастаўлены ў бальнiцу, дзе яму зрабiлi аперацыю i выдалiлi селязёнку. Хлопец заявiў, што ў раённым аддзяленнi РАУС яго збiлi мiлiцыянеры. Справай займаецца абласная пракуратура. 
            
             
            
	    Як паведамляла «БИ» у мiнулым нумары, следчы абласной пракуратуры А.Громаў правёў очныя стаўкi пацярпелага з падазраваемымi, падчас якiх апошнiя адмаўлялiся ад таго, што яны збiвалi Максiма. Больш таго, судмедэксперт заключыў, што цялесныя пашкоджаннi маглi быць нанесены Максiму i тры днi раней, калi адбылася бойка побач з раённым Домам культуры, у якой быццам удзельнiчаў хлопец. Аднак на руках пацярпелага засталiся сляды ад кайданкаў. Максiм сцвярджае, што на яго адзелi не толькi кайданкi, але i звязалi вяроўкаю ногi, а потым бiлi, каб ён даваў паказаннi. У сваю чаргу мiлiцыянеры тлумачаць, што надзелi кайданкi дзеля таго, каб ён не ўцёк з памяшкання. Дарэчы, у мiлiцыю Максiм прыйшоў сам з бацькамi свайго сябра, яго нават не выклiкалi позваю. 
 Як зазначыў «БИ» следчы А.Громаў, следства працягваецца i хутчэй за ўсё будзе прызначана паўторная медыцынская экспертыза. Тым часам мiлiцыянеры, якiя, па словах М.Хандогi, збiвалi яго ў памяшканнi РАУС, працягваюць выконваць свае службовыя абавязкi. 
 М.КАРНЕВIЧ  |