Чалавек, падзелены на два, – Кандрат Крапіва
5 сакавiка – дзень нараджэння чалавека, пра якога ў Беларусi ведае цi не кожны. А бальшыня, пэўна ж, не толькi ведае пра яго, але i прыпомнiць пры нагодзе нешта з ягоных твораў. Са школьнае пары кожны вучыўся ягоных баек, так што прыгадаць хоць што, прынамсi загаловак, можна, здаецца, без праблем. Чалавек, пра якога тут мова, жыў ледзь не цэлае стагоддзе, пакiнуўшы па сабе нямала знакаў як у лiтаратуры, так i ў цэлым у летапiсе Савецкай Беларусi. I хвалячы яго, i ганячы, кожны прызнaе маштаб гэтай асобы. Гаворка, вядома ж, пра Кандрата Крапiву, 105-годдзе з дня нараджэння якога адзначалася 5 сакавiка.
Не так даўно ў купэ цягнiка, што ехаў з аднае еўрапейскае сталiцы ў другую, маiм суседам аказаўся сiмпатычны малады чалавек з пашпартам малазнанае ў нас дзяржавы Бэлiз. Пачуўшы беларускую мову, спадарожнiк – эмiгрант з Расii i ўладальнiк бэлiскае турыстычнае фiрмы – загаварыў па-руску i расказаў мне пра беларускi перыяд свайго жыцця. Выявiлася, што «новы бэлiзец» за Савецкага Саюзу пажыў з бацькам-вайскоўцам гадоў два ў Вiцебску, дзе ў садку i паспеў пазнаць славутыя Крапiвоўскiя байкi. «Дыпламаванага барана» ён цытаваў з мiлаю прыемнасцю. З такою самаю прыемнасцю памянёную байку цытавала колькi год таму i беларуская газета «Свабода», хоць на тое былi ўжо iншыя прычыны.
Сатыра Крапiвы 1920-ых – сатыра здаровага чалавека, таленавiтая сатыра без дазавання i аглядкi. Ну хiба што з пераборамi ў бязбожнiцтве, але на тое былi дырэктывы часу, а iм, як вядома, выклiкаў Крапiва не рабiў. Наадварот, зброяй сатырыка праводзiў iх у жыццё – так i напiсалася Крапiвоўская «Бiблiя», глум з Бога i Бiблii, паэма, якую, як сцвярджае ў сакавiку 2001-га пiсьменнiцкi тыднёвiк «ЛiМ», ведалi на памяць цi не ўсе. Вось i даводзь, начытаўшыся «ЛiМа», што беларусы – не народ бязбожнiкаў. Зрэшты, на заранку 1930-ых ратавацца даводзiлася i апалагетам бязбожнiцтва. Ратунку шукаў i былы ўзвышэнец Крапiва, крэслячы створанае раней ягонымi таварышамi – вiнавацiў, скажам, Уладзiмера Дубоўку ў прыхаванай антысавецкасцi i творчасць паэтаву абвяшчаў антыпралетарскаю. Лiў, значыць, ваду на млын бальшавiцкiх пагромнiкаў, у ласку ўбiваўся. А можа, проста рабiў так, як яму прыродная яго кемлiвасць падказвала? Каб выжыць. I каб у п’есах сваiх не засумнявацца. Цi лёгка давалася гэта яму, чалавеку з пяром сатырыка?
Прывучаны ў пару высечак да пiльнасцi, Крапiва на ўсё засталае жыццё цвёрда асеў у каардынатах бальшавiцкiх ацэнак. Партыя не змусiла чакаць – па вайне даручыла яму фронт акадэмiчнае навукi. Крапiва распраўляў плечы – ён быў не з тых людзей, што хаваюць сваю значнасць. Прафесар Бугаёў прыпомнiў днямi, як хадзiў быў да Крапiвы, на той час вiцэ-прэзыдэнта Акадэмii навук, узгадняць кнiжку. Кнiжку тую Дзмiтры Бугаёў напiсаў пра Крапiвоўскiя творы. Пытанне было ў тым, цi ўпадабае напiсанае сам аўтар твораў. На шчасце для Бугаёва, акадэмiк кнiжку да друку дапусцiў. А колькi ж было тых, чые працы вердыкт зашоранага Крапiвы перакрэслiваў. Пра такi свой выпадак напiсаў летась у «Полымi» наш выдатны фiлосаф Уладзiмiр Конан. Раздражнялi савецкага акадэмiка спробы рэабiлiтацыi рэпрэсаванай iнтэлiгенцыi, ягоных некалi паплечнiкаў, Гарэцкага, скажам, цi Ластоўскага. Амбiцыi Крапiвы нярэдка не ведалi межаў. Адрэдагаваўшы «Беларуска-рускi слоўнiк» 1962 году, не ўбачыў у iм свайго прозвiшча рэдактара пiсьменнiк i мовазнаўца Мiкола Лобан. Выкраслiўшы Лобана, Крапiва ўпiсаў сябе. А ўвогуле ў пытаннях мовы прытрымлiвацца «злiццёвых» кампартыйных установак Крапiву, здаецца, было найцяжэй. Добры знаўца мовы дый не пры малой пасадзе, ён дазваляў сабе болей, чымся многiя ягоныя калегi з Iнстытуту мовазнаўства, а значыцца, болей беларускага дазвалялася мець i мове, выпхнутай тым часам на перыферыю жыцця. Хто не верыць, хай параўнае рэдагаваную Крапiвом у 1960-ых акадэмiчную «Граматыку беларускай мовы» з той, якую Крапiвовы наступнiкi выпусцiлi ў сярэдзiне 1980-ых.
Але i ў моўных пытаннях жаданне не астацца ад курсу партыi нярэдка брала сваё. Фёдар Янкоўскi прыпамiнаў у сваiх запiсах, як баранiў Крапiва пры рыхтаваннi Беларускай Савецкай Энцыклапедыi формы iмёнаў на -iй (-ый) (формы, заўважым, небеларускiя) – лiчыў, што толькi яны павiнны застацца ў мове нарматыўнымi: маўляў, не Васiль, а Васiлiй. Асадзiў тады, у сярдзiне 1960-ых, Крапiву Пятро Глебка: «Кандраце, што ж у нас будзе, як пойдзем за тваёю прапановай. Ад заўтрашняга дня не будзе Кандрата Крапiвы, а ўсе дазнаюцца, што ёсць Кандрацiй Крапiва». Ну ўжо такога, ясна, Крапiва знесцi не мог i зараз жа асекся.
Калi ў 1970-ых партыя чарговым разам абвясцiла пра свой «клопат» аб беларускай мове – а клопат палягаў у яе далейшай русiфiкацыi аж да злiцця з рускаю – Крапiва выступiў аўтарам праграмнага артыкулу, дзе з усёй сваёй партыйнаю прынцыповасцю задаў лупцоўкi тым, каму савецкая беларуская мова «недастаткова беларуская». Шмат якiя лiтаратары не давалi веры – няўжо Крапiва сам мог такое пiсаць, не ягоная ж манера, не ягоны стыль? Пiсаў – не пiсаў, галоўнае, падпiсваў. I па-хлапечаму крыўдаваў, што людзi, пiшучы па-беларуску, ужываюць словы, якiх няма ў слоўнiку, якi ён, Кандрат Крапiва, адрэдагаваў. Смяяўся з гэтага ў сваiм дзённiку мудры Максiм Танк, дзiвячыся, як гэта Кандрат хоча ўсю лексiку нашае зусiм ня беднае мовы звесцi да стотысячнага слоўнiка.
Вось такi ён, Крапiва, стаў – з гэтым сваiм бальшавiцкiм iмкненнем стрымаць беларускае жыццё пад напарсткам уласных уяўленняў i перакананняў. Як многа пагубляў ён у млыне нялёгкага стагодздзя ад сябе колiшняга – свабоднага i здаровага. Такi вось выходзiць чалавек, падзелены на два, – Кандрат Крапiва.
Юрась БушлЯкоЎ
|