Вялiкую ролю ў «прарыве» беларусаў у шэраг дзяржаўных нацый свету адыгралi прадстаўнiкi нацыянальнай элiты – Антон ды Iван Луцкевiчы, Вацлаў Ластоўскi, Аркадзь Смолiч, Раман Скiрмунт. Яны раней за iншых зразумелi, што без уласнай дзяржавы беларусы сказаныя на духоўнае нявольнiцтва i матэрыяльнае жабрацтва. Аднак першая ў ХХ ст. беларуская дзяржава не здолела вытрымаць цяжкiя палiтычныя i ваенныя выпрабаваннi 1918 г. У большасцi яе жыхароў не хапiла рашучасцi i смеласцi, каб адстаяць права на ўласную свабоду.
Страта дзяржавы наклала адбiтак на ўсё беларускае ХХ стагоддзе. У многiх адносiнах яно было бязлiтасным да беларускай зямлi. Яе дзялiлi ва ўгоду iмперскiм або нацыяналiстычным амбiцыям суседзяў, ператваралi ў арэну бясконцых сацыяльных, эканамiчных i культурных эксперыментаў, рабiлi закладнiцай чужых палiтычных гульняў. Насельнiцтва Беларусi мэтанакiравана пазбаўлялi нацыянальнай свядомасцi, прывучалi размаўляць на чужой мове. Праўдзiвая гiсторыя краiны была пад забаронай, бо народ, якi ведае свае каранi, не будзе цярпець улады чужынцаў або iх памагатых.
Абвяшчэнне незалежнасцi 27 лiпеня 1990 г. было актам гiстарычнай справядлiвасцi. Беларусь iзноў зрабiла выбар на карысць свабоднага самастойнага iснавання. Аднак шлях да сапраўднага нацыянальнага суверэнiтэту аказаўся даволi цяжкiм. Прэзiдэнцкiя выбары 1994 г., рэферэндум траўня 1995 г., трагiчныя падзеi лiстапада 1996 г. адкiнулi Рэспублiку назад.
Прыдворныя гiсторыкi i прапагандысты не шкадуюць намаганняў, каб пераканаць людзей, што сённяшнi цяжкi стан Беларусi з’яўляецца наступствам распаду СССР. Хаця на самой справе галоўную адказнасць нясе кiраўнiцтва краiны, якое аказалася няздольным прыняць выклiк часу. Гэтыя кiраўнiкi могуць iсцi толькi назад. Але адрадзiць Савецкi Саюз нават у межах нашай Рэспублiкi немагчыма. Людзi, якiя адчулi водар свабоды, нiколi не будуць маўклiвым быдлам.
Сёння гiсторыя iзноў прапануе беларусам выбар. Трэба выбiраць памiж нявольнiцтвам i свабодай, памiж баязлiвасцю i верай ва ўласную моц, памiж тыранiяй i дэмакратыяй, памiж хлуснёй замяталiных-азаронкаў i суровай праўдай нацыянальных гiсторыкаў. У 1918 г. «тутэйшыя» не пайшлi за беларускiмi палiтыкамi i тым самым асудзiлi сябе i сваiх нашчадкаў на працяглую барацьбу за выжыванне. У 2001 г. падобнае не павiнна паўтарыцца. «Тутэйшых» больш няма. Ёсць нацыя, годная свабоднага i шчаслiвага жыцця, i ёсць жаданне iсцi тым шляхам, па якому iдзе большасць вольных народаў свету.
Алесь Смалянчук