Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

Мінулае

Раскулачаныя калгаснiкi

Расказ Мiкалая Георгiевiча ЦЭХАНА, 1913 года нараджэння, жыхара в.Парэчча Гродзенскага раёна

Не Парэчча мая радзiма, хоць палюбiў я гэтыя мясцiны здаўна, як у 1970 годзе пасялiўся тут на сталае месцапражыванне. Да скону дзён сваiх будзе шчымець сэрца па вёсцы Крывая Нiва Касцюковiцкага раёна, хоць яе з-за чарнобыльскай навалы сцерлi з твару зямлi. Быў я тут параўнаўча нядаўна. Зняўшы шапку, плакаў, прыгадваючы гаротны лёс усёй нашай працавiтай сям’i, якую (ужо на пачатку калгаснага будаўнiцтва) залiчылi ў кулакi.

Ш то i казаць, бясхлебiцы мы не ведалi. Але дабрабыт даваўся крывавымi мазалямi. Спазнаў iх i мой дзед, па бацькавай лiнii, Iван Антонавiч. У пошуках лепшага жыцця падаўся ў белы свет. Пашэнцiла: уладкаваўся шахцёрам на Данбасе. Вярнуўшыся праз колькi гадоў у Крывую Нiву, купiў у шнурах 18 гектараў зямлi, з iх 12 – ворыва. Астатняе – лугi, лес. Было дзе прыкласцi сiлы i здольнасцi.

Любоў да працы, паважлiвыя адносiны да людзей, самакрытычныя адносiны да сябе дзед перадаў сваiм дзецям i ўнукам. Як i ён, бацька наш Ягор Iванавiч адносiўся да дзяцей (шкада, што ўнукаў не дачакаўся) строга. Ды iнакш нельга было паводзiць сябе ў мнагадзетнай сям’i. Затое пазней нiхто з нас за гэта не скардзiўся на бацьку. Незадоўга да смерцi (а бабуля памерла раней) дзед даваў бацьку наказ: «Табе на Данбас ехаць не давядзецца. Прытрымлiвайся сваёй зямлi, не пакiдай вёскi. Бачыш, Савецкая ўлада за мужыка стаiць. Табе лягчэй будзе жыць, чым некалi мне з тваёй мацi».

Ад дзеда нам дасталася добрая спадчына. Але багацце наша давалася выключна вялiкай працай. Да таго ж, мы пазбавiлiся выдатнага работнiка, якiм з’яўляўся Грыша. У 1929 годзе ў Крычаве ён закончыў тэхнiчнае вучылiшча i, не прэтэндуючы на зямлю, паехаў ва Уфу. Там атрымаў вышэйшую адукацыю i стаў выкладаць у сярэдняй школе матэматыку.

Такiм чынам я застаўся правай рукой бацькi.

Паступова ў сялянскi быт укаранялася перадавая тэхналогiя вырошчвання сельскагаспадарчых i тэхнiчных культур. Шмат карыснага бацька браў з газеты «Беларуская вёска», якую пастаянна выпiсваў. Але ў нас доўгi час прылады працы заставалiся ранейшымi.

Наблiжалася калектывiзацыя. Пра яе тата ўжо чуў ад людзей, чытаў у газеце. Аднак па натуры ён быў прыватнiкам. Лiчыў, што калгасы, якiя так расхвальвала начальства, не па яго характары.

Усё часцей у Крывой Нiве сталi паяўляцца розныя агiтатары. На агульнасялянскiх сходах то адзiн, то другi прадстаўнiк з Касцюковiч ва ўвесь голас стараўся даказваць перавагi калектыўнага вядзення гаспадаркi над iндывiдуальнай, аднаасобнiцкай.

– Вы ўявiць сабе не можаце,– казаў адзiн з агiтатараў, – як багата вы ўсе зажывяце ў калгасе!

А сказаць канкрэтна як, не мог, таму што калектывiзацыя разгортвалася на голай тэорыi, прадказаннях, тым больш з парушэннем ленiнскiх рэкамендацый аб кааперацыi. Бацька таксама хадзiў на такiя сходы, але, нягледзячы нi на якiя ўгаворы, пiсаць заяву не збiраўся. А ўгаворшчыкаў хапала. Неяк прыйшоў да нас сакратар Вiтухноўскага сельсавета, усмiхаецца:

– Што, Ягор, не перадумаў? Паглядзi, якая вялiкая ў цябе сям’я. Цэлая брыгада. Пойдзе ў арцель твая сям’я, а за ёй астатнiя паспяшаюцца. Ох, i багата жыць будзеце!

– Не прымушайце мяне рабiць тое, што мне не па нутры, – усе супрацiўляўся бацька. – Я i на ўласнай гаспадарцы нядрэнна жыву, толькi вы мне не перашкаджайце.

Лёгка сказаць: не перашкаджайце. Бацьку хацелася, каб так было. А на справе атрымлiвалася зусiм iнакш. Перашкоды былi на кожным кроку. Ад начальства сыпалiся пагрозы, сталi абкладваць непасiльным падаткам. Хоць мы чужой працы не прымянялi, нас чамусьцi называлi кулакамi. Штодня тата хадзiў хмуры, на ўсiх злаваўся, нiбы кожны вiнаваты ў тым, што навокал адбывалася. Не-не, ды казаў: «Каб падняўся Ленiн, ён навёў бы парадак. Хiба можна сiлком заганяць людзей у калгас?»

Нарэшце тата не вытрываў i скрозь слёзы выказаў дома, бадай што, самыя цяжкiя для сябе словы:

– Заўтра павядзем на агульны двор коней, карову... Кажуць, курэй чапаць не будуць.

Загаласiла мама:

– А Ягорачка ты мой мiленькi, а Ягорачка ты мой родненькi! Што ж ты надумаў? Гарбом i потам нажытае ды аддаць няма ведама каму?

Нават у гэтую часiну бацька не трацiў раўнавагi, гаварыў, не павышаючы голас:

– Ды нас абкладуць з усiх бакоў падаткамi, як ваўкоў чырвонымi сцяжкамi. Дзе ты дзенешся? Усе роўна за нявыплату падаткаў забяруць наша дабро. А так нешта ды застанецца.

У калгас мы уступiлi ў лiку апошнiх.

Стаўшы членамi сельскагаспадарчай арцелi, нiхто з нас па-ранейшаму не цураўся працы. Нават мацi змiрылася са становiшчам. Казала:

– Дзе б нi жыў, кiм бы нi быў, а працаваць трэба. Дасць Бог, i тут з голаду не згiнем. Галоўнае, што мы ўсе разам. Ды i Грыша добра ўладкаваўся ў той Уфе.

На вачах аднавяскоўцаў расла i прыгажэла наша Аня. Мне здавалася, што такую прыгожую i руплiвую дзяўчыну не знайсцi ва ўсiм Вiтухноўскiм сельсавеце. Добра ведаў гэта i сакратар сельсавета Саша Лукашэвiч. Нездарма ён пры сустрэчы з Аняй усё кiдаў ёй камплiменты. Асаблiва гэта прыкметна было на вячорках, што праводзiлiся па чарзе ў розных хатах. Мне ўжо было каля сямнаццацi, i я таксама стаў частым госцем на вячорках. Як i многiя равеснiкi, трымаўся нясмела. Больш за ўсе прыглядаўся да iншых. Аднаго разу на вулiцы стаў нявольным сведкам размовы Лукашэвiча з сястрой.

– Аня, – угаворваў ён яе, – выходзь за мяне замуж. Нiхто цябе не зможа так кахаць, як я.

Яна наадрэз адмаўлялася ад такой прапановы:

– Ды ёсць у мяне, Саша, хлопец, i ты ведаеш хто. Як жа я тады буду яму ў вочы глядзець? Ды без ўзаемнага кахання – якое будзе ў нас жыццё?

Раззлаваўся сакратар сельсавета:

– Ну, паглядзiм. Не хочаш замуж за мяне выходзiць, апынешся там, дзе белыя мядзведзi водзяцца.

«Ыш ты, – падумаў я, падслухаўшы iх размову, – як Саша добра геаграфiю вывучыў.»

Аня не стала жонкай нялюбага чалавека, але ён затаiў злосць не толькi на яе, а i на ўсю нашу сям’ю. Чакаў толькi зручнага моманту, каб з намi расквiтацца. I такi момант падыйшоў. Неяк на пачатку 1931 года калгаснiкi развозiлi па прыватных лазнях iльняныя снапы, каб падсушыць ix, а потым, падагнаўшы малатарню, абмалацiць галоўкi. За татам замацавалi чатыры лазнi – усе непадалек ад хаты. Адна з iх– наша, другая – бацькоў таго ж Сашкi Лукашэвiча.

Выцеплiў бацька лазнi, лён параскладваў. Здавалася, усе было ў парадку. Аднак з-за дрэннага зроку, якi тата сапсуў пад час хваробы воспай, ён не заўважыў, як адзiн снапок зляцеў на гарачае каменне печкi, i ноччу лазня з калгасным iльном згарэла. А можа, яе хто падпалiў? Для Сашкi Лукашэвiча i яго хаўруснiкаў з’явiлася прычына прызнаць бацьку ворагам калгаснага руху. Сталi яго цягаць у сельсавет, мiлiцыю, пракуратуру. Прыгадалi, як упарта не жадаў уступаць у калгас. У сельсавеце Сашка папракнуў: «Дык ты для таго i ўступiў у калгас каб яму шкодзiць? Не палучыцца!»

– Не, не можа быць, каб невiнаватага чалавека засудзiлi, – абураўся дома тата. – Будзем шукаць праўду.

Аднойчы тата пасадзiў мяне за стол, паставiў перада мной бутэлечку чарнiла, паклаў ручку i аркуш паперы з вучнёўскага сшытка.

– Будзем пiсаць пiсьмо Сталiну. Хто-хто, а ён не дазволiць крыўдзiць чалавека, калi той не вiнаваты.

Бацька хадзiў па хаце i, абдумваючы кожнае слова, як квалiфiкаваны настаўнiк, дыктаваў мне сказ за сказам. Атрымалася прыгожае пiсьмо. I я падумаў: «Хiба такiя цёплыя словы, звернутыя да «нашага бацькi i настаўнiка», не зачэпяць яго за жывое?»

Перапiсаўшы чарнавiк, я аднёс пiсьмо за пятнаццаць кiламетраў у Касцюковiчы, баючыся, каб тут, у сельсавеце, наша пiсьмо не перахапiлi. Але, вiдаць, гэта зрабiлi ў райцэнтры,паколькi з Крамля мы так i не атрымалi нiякага адказу.

Тым часам жыццё крыванiўскай моладзi iшло сваёй чарадой. Тыя ж вячоркi, тыя ж танцы, тая ж весялосць i бесклапотнасць. Радавалiся мы, што нарэшце скончыўся перадвялiкодны праваслаўны пост, i можна зноў весялiцца. Нiхто з бацькоў не будзе табе пярэчыць. Калi жо ў каго наладжвалiся танцы, то танцавалi да трэцiх пеўняў. На гэты раз я зноў доўга затрымаўся на танцах i калi рынуўся ў пасцель, то адразу забыўся моцным сном. У гадзiн шэсць-сем (пачало ужо вiднець) я прачнуўся ад мамiных слоў:

– Сынок, бяда. Мiлiцыя да нас увалiлася, вобыск пачынаюць.

Я борздзенька апрануўся. Тут жа i спаткаўся з мiлiцыянерам.

– О, дык ты ўжо дарослы, – загаварыў ён. – Сапраўдны падкулачнiк.

Разам з бацькам i пойдзеш у Касцюковiчы. Хопiць шкодзiць калгасу. Нажылiся на людскiм горы. Няхай цяпер бедната пашыкуе.

Я стаў сябе i тату апраўдваць, адказваючы, што мы багацце нажылi ўласнымi мазалямi (паказаў свае далонi), але ён мяне i слухаць не хацеў. Толькi крыва ўсмiхнуўся:

– У Касцюковiчах будзеш даказваць, якi ты харошанькi кулачок.

I строга:

– Пайшлi!

Мiлiцыянер не дазволiў нам нават лапцi нацягнуць. Iншага абутку на будзен дзень у нас не было. Калi не памыляюся, то штодня ў ботах з усей вёскi некалi хадзiў толькi мой дзед Iван Антонавiч Цэхан. Гонiць канваiр нас, босых, перад сабой, а сам на канi трымаецца. У размову ўступаць не хоча. А навокал – такая прыгажосць: сады расцвiтаюць, жаўрукi ў небе залiваюцца. Тата цяжка ўздыхае:

– Няўжо, сынок, мы з табой апошнi раз наша роднае паветра ўдыхаем?

– Маўчаць! – крычыць мiлiцыянер. – У расход, можа, i не пусцяць – тады i нагамонiцеся.

Спачатку мы апынулiся ў мiлiцыi, дзе на нас аформiлi розныя паперы. Адтуль – у турму, якая размяшчалася ў нейкiм падвале. Перад дзвярыма камеры нас дэталёва абшукалi. Нават загадалi вывернуць кiшэнi. Дзягi адабралi.

У камеры ўжо было шмат народу. Хто стаяў, хто сядзеў, хто ляжаў на палацях: ад сцяны да сцяны – на ўсiх адны. Запомнiўся шустры маленькага росту яўрэй.

– А ты за што? – не ўтрымаўся бацька.

– Вуй, вуй, вуй! – застагнаў ён. – Кажуць, што я злодзей. А якi я злодзей? Залез пару разоў да багатых у кiшэнi, i мяне злавiлi i ўпiхнулi сюды. Сказалi сядзець i не рыпацца. А хiба я рыпаюся?

I смех, i грэх.

Бацька хоць i стамiўся за дарогу, але адразу нават не прысеў.

– Эй ты, мужык! – звярнуўся да яго кiшэнны злодзей.– Не мазоль вочы. Калi ты стаiш, то думаеш, цябе не пасадзiлi? Сядзiм мы тут, браток, усе: i я,i тыя, што на нарах размясцiлiся, i ты – усе сядзiм.

– I доўга нам давядзецца сядзець? – не сунiмаўся бацька.

– Як каму, – усмiхнуўся той. – Мая жонка ўсё зробiць, каб мяне выпусцiлi, а ты, калi цябе, як ты кажаш, кулаком залiчылi, ой не скора вернешся.

Канечне, нiчога не ведаў пра гэта яўрэй, але ад яго слоў нам стала яшчэ больш сумна. Чуў, напэўна, пра тое, куды каго i на колькi гадоў высылаюць, таму так i гаворыць.

У камеры панаваў страшэнны смурод. На вулiцу не выпускалi – усе рабiлi ў вядро. Прыгнятала тое, што нiхто з родных нас так i не наведаў. Пазней даведалiся, што прыходзiла Аня, але ей у спатканнi адмовiлi. I перадачу не дазволiлi ўручыць. Праўда, голадам не мучылi: хлеб, суп, каша. Многiя вясной i на вёсцы такога не мелi.

Заўважыў я, што тут сядзелi целымi сем’ямi. У асноўным з лiку раскулачаных. Тыя ж вёдры для натуральных спражненняў. Толькi смурод не той – на склад больш паветра паступала, з дому ж усё яшчэ не было нiякiх паведамленняў.

Горкай, але ў той жа час радаснай была сустрэча ў Камунары з сям’ёй. Услед за намi пазбавiлi волi маму, Аню, Ваню i Дзiму. Цешыла, што ўсе-такi мы будзем разам.

Не было з намi двухгадовага Антошы трохгадовага Пецi: iх ўзялi на парукi два мамiны браты Янiцкiя з вёскi Скалiно. Крыху пазней маiх маленькiх братоў аддалi ў Пухавiцкi дзетдом. Грыша ж па-ранейшаму жыў ва Уфе i пакуль што пра наша гаротнае становiшча нiчога не ведаў.

Доўга знаходзiцца i ў станцыйным бараку не давялося – настаў час адпраўкi ў далёкую дарогу, далёкую, невядомую. Развiтацца з намi прыйшоў з Касцюковiчаў мой аднагодак стрыечны брат Мiкола Балдоўскi, актыўны камсамолец. Чамусцi за мной, як i за некаторымi iншымi хлопцамi з сем’яу раскулачаных, нiхто пiльна не сачыў. Непрыкметна я ўсё далей i далей аддаляўся ад сваiх. Мог i ўцячы. Але рабiць гэта не хацеў: я ж заставаўся старэйшым з дзяцей у сям’i (з хлопцаў, вядома), i тата з мамаю разлiчвалi на маю дапамогу.

О, як галасiлi людзi, развiтваючыся з роднымi, блiзкiмi, знаёмымi! Нiхто не здагадваўся, што многiя раставалiся назаўсёды. На гэты раз я здзiўляўся вытрымцы сваёй мамы. Яна, вечна хворая, галасiла, як здавалi скацiну ў калгас, а цяпер паводзiла сябе спакойна. Казала:

– Звярнiце, дзеткi, увагу, каго вывозяць – самых лепшых, працавiтых людзей. Так што разам з iмi i там не прападзем.

Нехта з незнаёмых, пачуўшы мамiны словы, падскочыў да яе:

– Ты, гаспадынька, можа, i праўда ведаеш, куды нас адпраўляюць?

– Ды не, – адказала яна. – Але думаю, што ўсюды такiя людзi, як мы, патрэбны.

Падалi вагоны. Звычайныя цяплушкi-цялятнiкi. Адзiн на дзве-тры сям’i.

На першым этапе ў нас не было асаблiвых цяжкасцяў з прадуктамi харчавання. Перад адпраўкай па просьбе мацi добры сусед закалоў нам парсючка. Праўда, як толькi яго разабралi, нехта з начальнiчкаў забраў у свае калесы амаль усё мяса, пакiнуўшы сала ды галаву з нагамi.

– Дык што ж гэта робiцца?– не стрымалася Аня.– Крадуць на вачах. I хто? Тыя, што павiнны за парадкам сачыць. I – да старшынi сельсавета. Старшыня – не сакратар Сашка Лукашэвiч, добры быў чалавек – загадаў мяса вярнуць.

Прыхапiла мама з сабою i хлеб, i соль, i тое-сёе з посуду, адзення, бацькавага будаўнiчага iнструменту. Было з чаго асвойвацца на новым месцы. Ды i ў дарозе нейкi харч давалi.

Марудна цягнуўся час. Нi пра што не хацелася гаварыць. Але мне не даваў спакою мой сябра. Усё падбiваў на ўцёкi.

– Ты ведаеш, што цяпер дзеецца ў краiне?– з энтузiязмам пытаўся ён.

– Ведаю, – спакойна адказваў я,– вывозяць з вёскi лепшых працаўнiкоў.

– Гэта памылка. Усе нашы сем’i хутка вернуцца. Недзе там, у Маcкве, разбяруцца i ўсiх адпусцяць. Аддадуць i хаты нашы, i дабро наша – усе пазвозяць назад. А цяпер давай думаць, што мы яшчэ з табой можам зрабiць для сваей Радзiмы?

Ох, i наiўнымi былi мы ў той час! Нас усе далей i далей адвозiлi ад радзiмы, а мы марылi аб нейкiх мiрных подзвiгах. Паўсюдна нашы равеснiкi актыўна змагалiся за датэрмiновае выкананне першай пяцiгодкi, i нам хацелася быць разам з iмi.

– Усе на месцы?

– Здаецца, усе, – адказаў бацька.

– Як усе? – здзiвiўся Фешчанка-старэйшы. – Нашага большага няма.

– Так i есць,– пераканалiся ахоўнiкi, – ён з гэтага вагона.

Ды i здагадацца было няцяжка, бо як толькi адчынiлiся дзверы, утварыўся скразняк: акно аказалася выстаўленым.

– А ты?– ахоўнiк накiраваў промнi лiхтарыка ў мой твар.

Я спалохаўся, робячы выгляд, што не разумею, пра што iдзе гаворка.

– Ты, пытаюся, таксама збiраўся ўцякаць?

Маўчу, ад хвалявання лыпаючы вачыма.

– I не думай! – пасыпалiся павучэннi.– А паспрабуеш, таксама прыстрэлiм як сабаку.

Агульны пярэпалах дапоўнiўся галашэннем:

– А ты мой сыночак, а мой ты саколiк! На каго ж ты нас пакiнуў. А чаму ж з намi не параiўся? А хто ж пра нас цяпер клапацiцца будзе?

Прадстаўнiкi НКУС холадна, без усялякiх слоў суцяшэння зачынiлi дзверы вагона, i праз некалькi хвiлiн цягнiк рушыў далей.

Мая мама гадамi моцна хварэла, i мы разумелi, што валiць i церабiць лес ёй не пад сiлу. Ды i бацька па слепаце сваёй на такiя работы не падходзiў. Таму прасiлi, каб нас забралi ў саўгас. На тое нам адказалi:

– Цяпер многiя прыкiдваюцца хворымi. А як дома, дык са скуры вон вылазiлi, каб разбагацець. Знаходзiлася энергiя для ўласнай гаспадаркi, i для дзяржавы знойдзецца.

Адмовiлiся задаволiць просьбу не толькi нашай сям’i, але i многiх iншых. Якiя толькi знявагi не сыпалiся ў наш адрас:»Масква слязам не верыць». Адным словам, даводзiлася мiрыцца з воляй лёсу.

Зазвiнеў, загудзеў лес, напоўнiўся шматгалоссем пiл i сякер, i на беразе рэчкi з загадкавай назвай Пожак пачаў расцi леспрамгасаўскi пасёлак. Вулiца як струна. Дамы – адзiн у адзiн.

I праўду казала мама: залатыя рукi ўсюды патрэбны. План пасёлка быў складзены загадзя. Усё астатняе ад нас самiх залежала. Сярод перасяленцаў знайшлiся розныя спецыялiсты: цесляры, сталяры, муляры, кавалi, шорнiкi, бондары, краўцы, шаўцы...Сказаць па-шчырасцi, многiя клапатлiвыя гаспадары, якiх залiчылi ў разрад кулакоў, былi майстрамi на ўсе рукi, i свой талент яны перадавалi з пакалення ў пакаленне. П’янiцы сярод нашага брата не вадзiлiся. Iншы раз, па дамоўленасцi з камендантам, у лесе мы заставалiся i начаваць. Не ганяць жа людзей туды-сюды за некалькi кiламетраў. Вечарамi доўга не маглi заснуць. I не так з-за машкары, як з-за ажыўленых размоў, што вялi памiж сабою. Падоўгу не сцiхаў гоман нi ў дзявоцкiх, нi ў хлапечых буданах. Прыгадвалi шчаслiвае мiнулае (дзяцiнства – яно заўсёды прыгадваецца з радасцю), адважвалiся ладзiць планы на будучае. Камендант, ведаючы мае схiльнасцi да вучобы, нават абяцаў дапамагчы ўладкавацца ў школу.

– Дык жа школ паблiзу нiдзе няма, – пярэчыў я.

– Гэта ўжо не твая справа, – адказваў камендант. – Захачу – знайду школу i за сто кiламетраў.

Камендант хоць i адносiўся да нас па божаску, але любiў падкрэслiць важнасць сваёй персоны: маўляў, ён самы галоўны на ўвесь пасёлак, якi, дарэчы, да восенi быў ужо ўзведзены. Каб не прымусовае высяленне, можна было б i радавацца такой падзеяй. Хаця i так людзi вiншавалi адзiн аднаго з наваселлем: надыходзiла зiма, i кожнага палохаў суровы клiмат тутэйшага краю.

У мамы быў свой клопат. Нарэшце яна выказалася перад камендантам:

– Вось бы нам хоць якую цэркаўку пабудаваць, а то няма дзе нават свечку паставiць.

– Цётка, – усмiхнуўся ахоўнiк парадку, – Божанька не пакрыўдзiцца, калi вернiкi без царквы застануцца. Нiхто не забараняе вам дома малiцца. I свечкi стаўце, толькi пажару не нарабiце. А то дай вам царкву – католiкi запатрабуюць касцёл будаваць, а яўрэi – сiнагогу, мусульмане – мячэць.

Нарэшце свой лаяльны тон камендант змянiў грубасцямi:

– Пасёлак – iнтэрнацыянальны, а iнтэрнацыяналiзм Бога не прызнае.Значыць, нiякiх малiтоўных дамоў тут быць не павiнна.

Быў ужо, здаецца, пачатак верасня 1931 года, калi я пакiнуў пасёлак Пожак, якi назвалi iменем рэчкi, на якой ён размясцiўся. На дзiва, з усяго пасёлка на вучобу адправiлi толькi мяне. З iншых жа мясцiн было шмат дзяцей перасяленцаў.

Мне было не да гуляў. Пяты клас я дома так i не змог скончыць, таму вучоба давалася цяжка, хоць у школу хадзiў з ахвотай. Горш за ўсё было з ядой. Некаторыя з дзяцей-перасяленцаў пухлi ад голаду. Я, нягледзячы на пастаяннае недаяданне, такога не дапусцiў. Атрыманую муку дзялiў на трыццаць порцый – прыблiзна па 260 грамаў у кожнай. I па два разы на дзень варыў полiўку, зацiрку або нешта накшталт кiсялю. Спаць, як правiла, клаўся без вячэры; выручалi cушоныя грыбы, ягады. А бруснiц i журавiн у тамашняй тайзе хапала. Але хадзiць адзiн у лес баяўся, бо часта на вочы траплялi мядзведзi, а я не ведаў, як ад iх ратавацца. Пасля шасцi класаў задумаўся над сваiм далейшым лёсам. Вярнуцца ў Пожак да сям’i? Там жа бацька, сястра Аня, браточкi Дзiма з Ванем чакаюць мяне. Дзiма ўжо быў прызначаны ў пермскi дзетдом, але чамусцi вярнуўся да бацькi.

Пры ўспамiнах аб членах нашай сям’i i застаў мяне ў Гайнах Дзiма. Перада мной стаяў не хлапчук, а нейкi цень ад чалавека, ад якога несла сырой зямлёй. Я не пазнаў брата, пакуль ён не кiнуўся ў абдымкi.

– Дзе тата, Аня, Ванечка? Што з iмi? – дапытваўся я.

– Есцi хачу, – замест адказу, якога я так дабiваўся, пачуў ад брата ўсяго толькi два словы, не звязаныя з маiм пытаннем. Гаспадыня прапанавала нейкага адвару. Дзiма глытнуў раз, другi, памiргаў вачыма i загаварыў больш жвава:

– Няма таты нашага, i Ванi няма. Памерлi. Не перанеслi голаду. Амаль увесь пасёлак вымер.

– А Аня?

– Ей пашэнцiла. Яе ўзяў ў служанкi камендант. Голаду вялiкага не адчувае, але гаспадары з хаты нiчога выносiць не дазваляюць.

Пакуль мы размаўлялi, гаспадыня загадала выцеплiць лазню i хуценька падрыхтавала яду. Не спрактыкаваная ў такiх выпадках, яна адразу паставiла перад хлопцам некалькi страў. Дзiма хапаўся то за адну мiску, то за другую. Пiхаў i пiхаў у рот усё, што трапляла ў рукi. Я здагадаўся, што галоднаму адразу многа есцi нельга, але было ўжо позна. Дзiма схапiўся за жывот i з дзiкiм крыкам пакацiўся з лаўкi. Бачу – канае на вачах. Пераеў. Трэба было пакрысе даваць яду, а не ўсё адразу. Аднак гаспадыня не разгубiлася. Нейкiм зеллем яна выклiкала ў хлопца ванiтаванне, i толькi калi ў брата ачысцiўся страўнiк, дала яму глытнуць вады. Знайшлося ў мяне тое-сёе з адзежы, каб замянiць падраныя штаны i сарочку. Потым зноў прапанавалi яму крыху перакусiць.

Праз колькi тыдняў знайшла мяне i Аня, хоць схуднелая, але выглядала намнога лепш за Дзiму. На шчасце, Дзiма аправiўся ад дыстрафii, i ў яго голасе адчувалiся ноткi бадзёрасцi. З дапамогай Анi я ўявiў карцiну: застаўшыся без яды, перасяленцы сталi грызцi кару, абiралi маладыя галiнкi дрэў. Скацiны сваёй нiхто не справiўся завезцi. Катоў i сабак, калi яны дзе паяўлялiся, палавiлi i з’елi. Былi б пацукi – i iм бы не пашанцавала. Не бедаваў камендант, у якога ўсё яшчэ заставалася служыць мая старэйшая сястра. На работу ўжо нiхто не адпраўляў. Коней некуды забралi. Людзi каналi на вачах. Спачатку iх хавалi па-хрысцiянскаму, мусульманскаму, iўдзейскаму цi проста грамадзянскаму абраду, потым, узiмку, толькi снегам прыкiдвалi. Нарэшце на трупы, што валялiся па ўсiм пасёлку, нiхто ўвагi не звяртаў. Ды i некаму было за гэтым глядзець. Ноччу iх раздзiралi ваўкi, ад чаго малюнак усеагульнай трагедыi станавiўся яшчэ больш жудасным.

Так i засталiся ляжаць на далёкай комi-пярмяцкай зямлi мае тата i мацi, мой малодшы брат Ваня. Для некаторых нават дошак на дамавiны не знайшлося.

Перабралiся мы ў Краснакамск. Работа знайшлася для кожнага. Аня – разнарабочая, я – кладаўшчык. Дзiма, праўда, пакуль што каля нас ацiраўся. Энтузiязм, вера ў перамогу справядлiвасцi ў некаторай ступенi дапамагалi мне пераадольваць цяжкасцi. Здавалася, што жыццё паступова наладжваецца. Тым больш, што мне дазволiлi вучыцца ў сёмым класе. Паколькi бацькоў не было, то харчаваўся за дзяржаўны кошт.

Яшчэ лепшым стаў заробак на пасадзе старшага дзяжурнага электрыка цэха па падрыхтоўцы масы для цэлюлозы. З барака перасялiлi ў кватэру. У камбiнатаўскай шматтыражцы з’явiўся мой партрэт. Здавалася, што знайшла месца ў жыццi i Аня, выйшла замуж за перасяленца Барыса Iвашкевiча – майстра на ўсе рукi. Аднак пра вяртанне на радзiму i думаць не маглi. А тут насоўваўся страшэнны 1937 год. Сведкам масавых рэпрэсiй давялося быць i мне.

Асаблiвым рэпрэсiям падверглiся камунiсты з дарэвалюцыйным стажам – удзельнiкi Кастрычнiцкай Рэвалюцыi i грамадзянскай вайны. Можна сказаць, камбiнат агалiлi. Вытворчасць аказалася на мяжы спынення. Мяне паставiлi выконваць абавязкi iнжынера. Але на гэтай пасадзе прарабiў мала. У сувязi з узрывам катлавана прыйшло распараджэнне звольнiць з работы ўсiх перасяленцаў. Што рабiць? Куды падацца? Дачуўся, што непадалёк на чыгуначнай станцыi Кын патрабуецца электрык. Прарабiў да вясны 1938 года. А вясной адзiн з кiраўнiкоў леспрамгаса, якому я падпарадкоўваўся, паведамiў:

– Шкада мне, Мiколка, з табою развiтвацца, але на тваё месца з Харкава прыслалi двух камсамольцаў. Дапамагчы я табе нiчым не магу.

Еду ў пасёлак Лысва i з дазволу каменданта падаю заяву на трэцi курс машына-будаўнiчага рабфака. Прымаюць. Стыпендыя – 70 рублёў у месяц. Адначасова, свядома, без прымусу, стараюся ўступiць у камсамол, цягу да якого я адчуваў ва ўсе часы юнацтва. Прызнаўся, што сын кулака, абяцаў справай даказаць вернасць iдэям Ленiна – Сталiна. I я на сёмым небе – прынялi! А тут яшчэ пасля заканчэння рабфака выдаюць пашпарт. Я – паўнапраўны грамадзянiн Саюза Савецкiх Сацыялiстычных Рэспублiк! Ура! Цяпер нiхто не мае права мяне беспадстаўна звальняць з работы, затрымлiваць, караць.

З такiмi пачуццямi я паслаў заяву ва Уральскi iндустрыяльны iнстытут. Iду, на радасцях падбiваю нагой каменьчыкi. Не заўважыў, як напароўся на аднаго з работнiкаў НКУС, якi ведаў мяне па Кыну. Пазнаў гад печаны. I прозвiшча не забыўся:

– Што, Цэхан, у Беларусь уцякаеш? Я табе ўцяку. Ану iдзi са мной. Ты быў i застанешся сынам кулака, i нiкуды ад улады не ўцячэш. Злосны службiст не даў мне i слова вымавiць у адказ. Прыбылi ў кабiнет чыгуначнай станцыi, у якiм сядзеў работнiк мiлiцыi. Ён – да мяне:

– Вашы дакументы.

Паказваю пашпарт, выклiк прыёмнай камiсii. Мiлiцыянер сур’ёзна – не столькi да мяне, колькi да энкавэдыста:

– Не маю права затрымлiваць. У грамадзянiна з дакументамi ўсе ў поўным парадку.

– Калi ты не можаш справiцца з нягоднiкам, – раззлаваўся мой канваiр, – то я даб’юся свайго цераз адпаведныя органы Свярдлоўска. «Божа мой!– уздыхнуў я. – Калi ж спыняцца здзекi нада мной? Атрымоўваецца, што я дарэмна еду ў Свярдлоўск?»

I ўсе-такi экзамены на энергетычны факультэт я здаў, i мяне залiчылi ў iнстытут. Далi iнтэрнат, назначылi стыпендыю. Радасцi было шмат. Пагрозы свае мой зламыснiк не ажыццявiў. Але спакойна вучыцца не далi. З першага ж месяца сталi заходзiць вербаўшчыкi, угаворваючы студэнтаў паступаць у ваенныя, асаблiва – летныя, вучылiшчы. Некалькi разоў i са мною гутарылi. Я ўсё аднекваўся, заяўляючы, што сабе ўжо выбраў грамадзянскую прафесiю.

– Усё роўна ты ад нас не выкруцiшся, – сказалi мне ў апошнi раз на развiтанне. I не выкруцiўся. Ужо 30 лiстапада са Сталiнскага райваенкамата прыслалi павестку, у адпаведнасцi з якой мяне прызвалi ў Рабоча-Сялянскую Чырвоную Армiю. Служыў у Навасiбiрскай ваеннай акрузе. У час вайны з Фiнляндыяй цяжка паранiла. У шпiталi сказаў, што мяне па-бацьку правiльна трэба называць не Ягоравiчам, а Георгiевiчам.

Спадзяваўся, што нарэшце ўдасца замесцi сляды, i не стане больш сына кулака. На дзiва пачуў у адказ:

– Якая рознiца? Гэта ж адно i тое. Так i стаў я лiчыцца Цэханам Мiкалаем Георгiевiчам 1916 года нараджэння.

Пэўныя выпрабаваннi ў маральным сэнсе давялося перацярпець у гады Вялiкай Айчыннай вайны. На фронце ў 1943 годзе перад чарговым боем падаў заяву з просьбай прыняць мяне кандыдатам у члены ВКП(б). Але мне, як сыну кулака, адмовiлi . Задумаўся: адкуль жа яны ведаюць пра мае паходжанне? Я ж усе гэта ўтаiў. Няма бацькоў. Памерлi, i ўсё тут. А разгадка была простая. Неяк у хвiлiны зацiшша на iмя члена Дзяржаўнага камiтэта абароны К.Я.Варашылава я напiсаў пiсьмо са скаргамi на неабгрунтаванае раскулачванне нашай сям’i. Усе яшчэ спадзяваўся, што праўда пераможа. Хутка прыйшоў адказ, у якiм гаварылася, што ўсё зроблена ў адпаведнасцi з савецкiм заканадаўствам, i бацькi рэабiлiтацыi не падлягаюць. Вiдаць, перш чым перадаць пiсьмо мне, яно трапiла ў штаб палка. Выступаючы на партыйным сходзе, камiсар палка Садавой прапанаваў устрымацца з прыёмам мяне кандыдатам у члены партыi.

– Цэхан утаiў сваё паходжанне, няхай у баi дакажа, цi варты ён быць камунiстам.

Са словамi: «Калi загiну, то лiчыце мяне камунiстам» i пайшоў ў атаку разам з аднапалчанамi. Вытрымаў выпрабаваннi, i мяне, параненага, прынялi кандыдатам у члены ВКП(б). Аднак пасля гэтага я больш не ваяваў: прызналi iнвалiдам. Працаваў камсоргам ЦК ВЛКСМ вугальнай шахты «6-Капiтальная» у Пермскай вобласцi (г.Кiзiл).

У чэрвенi 1944 года мяне выклiкалi у Маскву. Прымаў другi сакратар ЦК камсамола Рыгор Раманаў, якому на тую пару iшо ўсяго дваццаць другi год. Раманаў мне спадабаўся. У iм адчуваўся клопат аб людзях, жаданне дапамагчы iм чым толькi можна.

Далi накiраванне ў распараджэнне ЦК камсамола Беларусi. Толькi што ўтворана Гродзенская вобласць, у склад якой уваходзiць пятнаццаць раёнаў.

Так я апынуўся ў старажытным мястэчку Радунь, якое, па дакументах, вядомае з XVI стагоддзя.У 1947 годзе я ўжо з’яўляўся прапагандыстам Радунскага райкома партыi, i мяне накiравалi ў Мiнск у двухгадовую Рэспублiканскую партыйную школу. Пакуль вучыуся, у Гродзенскiм абкоме камсамола даведалiся аб маiм кулацкiм паходжаннi. Цяжка сказаць, як бы павярнуўся мой лёс, калi б першым сакратаром абкома камсамола не працаваў тады С.О.Прытыцкi. Пасля заканчэння школы мяне накiравалi ў распараджэнне Гродзенскага абкома камсамола. Адразу трапiў на пасяджэнне бюро, якое i вёў Сяргей Осiпавiч. Якiя толькi меры спагнання не прапаноўвалi! Самае страшнае было для мяне застацца беспартыйным. А нехта з членаў бюро абкома ЛКСМБ так i сказаў: «Перадаць яго справу ў абком партыi». А апынуцца на той час беспартыйным – значыць, аказацца без работы. Тым больш, што iнвалiднасць не дазваляла мне займацца фiзiчнай працай.

Памяркоўную пазiцыю заняў Прытыцкi. I ўсё ж персанальная справа супраць мяне не скончылася. Колькi здзекаў давялося мне перанесцi з-за таго, што разам з бацькамi як сын раскулачаных, быў вывезены далёка за межы Беларусi! I вось аднойчы памочнiк сакратара РК КП(б) на пленуме райкома партыi на ўсю залу аб’явiў, што Мiкалаю Цэхану не месца ў партыйным апараце i ў партыi наогул, таму што ён з’яўляецца сынам кулака.

Перавялi на працу ў Бераставiцкi раён. Рабiць бы з душой. Але i тут спакою не далi. Зноў пра мяне сталi распаўсюджвацца чуткi, што я з’яўляюся сынам «ворага народа». Больш за ўсiх, бадай што, злараднiчаў загадчык аддзела прапаганды i агiтацыi абкома партыi Зелянеўскi.

– Цэхан утаiў, што ён з’яўляецца сынам кулака, таму ёсць прапанова вызвалiць ад займаемай пасады i пакараць у партыйным парадку. На гэтым настойваў i старшыня аблвыканкама Iпалiт Сiльвестравiч Канановiч.Я не апраўдваўся, але скрозь слёзы выпалiў:

– Цi ж можна з мядзведзя дзве шкуры драць? Я за ўтойванне свайго паходжання ўжо атрымаў спагнанне. Нiхто мяне слухаць не хацеў – з работы звольнiлi, але ў радах партыi пакiнулi.

Праз якi месяц з ЦК прыбыў iнспектар, i маю справу перагледзелi, рашэнне райкома партыi адмянiлi. Праўда, працаваць паслалi не ў райком партыi, а рэферэнтам Гродзенскай абласной арганiзацыi Усесаюзнага таварыства па распаўсюджваннi палiтычных i навуковых ведаў. На жаль, тут доўга папрацаваць таксама не давялося: абком партыi, па рэкамендацыi Гродзенскага гаркома, паслаў мяне ў Шчучынскi раён, дзе i выбралi старшыней калгаса iмя Кiрава. Так, па волi лёсу сын «кулака» узначалiў калектыўную гаспадарку, якая, мiж iншым, спраўлялася з пастаўленымi перад ёй задачамi. Некалькi разоў на базе нашай сельскагаспадарчай арцелi праводзiлi розныя семiнары. Аднак злыя людзi i тут не пакiдалi мяне ў спакоi. Адны па-ранейшаму лiчылi ворагам народа, другiя (начальнiчкi розныя), прыязджаючы ў калгас, не-не, ды ўхмылялiся: маўляў, глядзi, хто ты ёсць. Аднойчы па той жа прычыне (сын кулака) адхiлiлi маю кандыдатуру пры выбарах Шчучынскага райкома КП(б)Б.

Пасля перадачы калгасных спраў па маёй просьбе райана накiраваў мяне ў Будраўскую сярэднюю школу таго ж раёна. Так я стаў выкладчыкам гiсторыi i грамадазнаўства.

Потым папрасiўся перавесцi мяне ў Парэчскую сярэднюю школу Гродзенскага раёна: у гэтай вёсцы жыла жончына сястра, якая, спадзяваўся, дапаможа мне гадаваць сына пасля смерцi жонкi. Так i атрымалася. Адсюль i адправiлi мяне на пенсiю. Тут i дажываць свой век сыну раскулачанага. А мiж iншым, мае браты Рыгор, Пятро i Антон, абараняючы Савецкую уладу, загiнулi на франтах Вялiкай Айчыннай вайны. Мы з Дзмiтрыем засталiся iнвалiдамi: ён – першай, а я – другой групы. Нiхто з нас не здрадзiў Радзiме, нiхто не iмкнуўся, дабравольна, узняўшы рукi, здацца ў палон. Ваявалi да апошняй кроплi крывi. Верылi, што справядлiвасць у адносiнах да нашай сям’i пераможа. Крыўдна толькi, да болю ў сэрцы крыўдна, што з-за неправiльных дзеянняў тагачасных уладаў да селянiна i нам давялося перанесцi столькi пакут i выпрабаванняў.

Запiсаў Барыс МАНЦЭВIЧ, член Беларускага Саюза журналiстаў.

Назад