Выстава
Сапраўдная творчасць, а не шабаш
Выстава «Дзяды» гродзенскага каваля Юрася Мацко адкрылася на мiнулым тыднi ў выставачнай зале Саюза мастакоў.
Самi мастакi назвалi гэта значнай падзеяй не толькi для Гродна, але ўсёй Беларусi, паколькi чагосьцi падобнага ў блiжэйшыя гады не было нi ў нашым горадзе, нi ў сталiцы. Мастакi назвалi працы Ю.Мацко сапраўднай творчасцю.
Тыя, хто прыйшоў на адкрыццё выставы, былi папросту ўражаны i зачараваны кавальствам Юрася Мацко. Асаблiва доўга наведвальнiкi затрымлiвалiся каля трыпцiха «Дзяды». Як зазначыў адзiн з мастакоў – гэта праца, якая ў будучым будзе абавязкова знаходзiцца ў Нацыянальным музеi Беларусi. Шматлiкiя крыжы розных канфесiй, пераплеценыя памiж сабой, нагадваюць лёс нашай Беларусi, прымушаюць памятаць аб тых, па кiм iх ставiлi. Памяць якраз i ёсць тое, па чым вызначаецца культура любога народа. Дарэчы, тэма «дзядоў» стаiць асобна ў творчасцi Ю.Мацко. Каваль сам зазначыў, што мы абавязаны пастаянна памятаць пра тых, хто ствараў на нашай зямлi дабрабыт, абараняў яе, кахаў i шанаваў. Адзiн з выступоўцаў падкрэслiў, што супадзенне творчай i грамадскай пазiцыi мастака надае ягоным працам сапраўднае гучанне.
Уразiў яшчэ i «Хрыстос». Тонка, мякка выкаваны з металу, распяты Хрыстос.
Цяжка было зразумець, што палiтычнага ў гэтай выставе пабачылi гарадзенскiя чыноўнiкi, якiя забаранiлi яе адкрыццё 23 сакавiка. Сам мастак задумаў гэту выставу менавiта да 25 сакавiка – дня Беларускай Народнай Рэспублiкi. Магчыма, усе ягоныя крыжы i сiмвалiзуюць памяць пра тых, хто змагаўся за гэтую рэспублiку на працягу многiх стагоддзяў, ды так i застаўся забытым. Напамiн: толькi крыжы. Гродзенскiя газеты пiсалi, што Iрына Працко, дырэктарка выставачнай залы, заяўляла, што не дапусцiць прапаганды палiтычных iдэй, што на выставе сабярэцца «нацыяналiстычны шабаш», пачнуць бiць вокны. Зрэшты, адзiн з выступоўцаў падчас адкрыцця выставы аб’явiў, што Iрына Працко адсутнiчае па асабiстых прычынах. А шкада. Хай бы яна паглядзела на той «нацыяналiстычны шабаш» i «прапаганду палiтычных iдэй».
Дзiўная рэч атрымлiваецца ў нашай краiне: сапраўднае мастацтва называюць палiтычнымi iдэямi, а самыя сапраўдныя палiтычныя iдэi ў выглядзе фiльмаў Азаронка штотыдзень круцяць па нацыянальнаму тэлебачанню, убiваючы ў галовы i да таго зацюканага народа. Зрэшты, час адкажа на пытанне, што больш каштоўнае для гэтага народа – сапраўднае мастацтва цi так званыя палiтычныя iдэi.
М.КАРНЕВIЧ
Фота В.ВАНЮКЕВИЧА
|