Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

Ваўкавыск

Горад без герба

На працягу сямi гадоў дэпутаты Ваўкавыскага райсавета не могуць зацвердзiць герб раённага цэнтра. Не здолелi яны гэта зрабiць i на апошняй сесii райсавета.

З 1979 года гербам горада лiчылася выява ваўка ў поўны рост на зялёным фоне з недарэчнай шэсцярней i калоссямi. Такую кампазiцыю прапанаваў у 1979 годзе мясцовы мастак Уладзiмiр Птушкевiч. У 1994 годзе пасля пастановы Саўмiна дэпутаты, тады яшчэ гарсавета, прыйшлi да высновы, што даны герб зроблены са шматлiкiмi парушэннямi агульнапрынятых нормаў геральдыкi. Пытанне тады разглядалася двойчы, але так i засталося адкрытым. Распрацоўку даручылi спецыяльнай камiсii.

Цяпер перад дэпутатамi паўстаў герб з выявай ваўка на блакiтным фоне ў поўны рост. Аднак, абраннiкаў народа не задаволiла, што воўк занадта худы, ды i блакiтны фон недарэчы. Некаторыя наогул заявiлi, што выява ваўка на гербе не адпавядае жыхарам горада.

Як высветлiлася, гэтая выява была ўзята з оццiска пячаткi Ваўкавыска, якi захаваўся ў архiвах Радзiвiлаў. Агульнавядома таксама, што з 1633 года ўсе ваўкавыскiя пячаткi змяшчалi галаву ваўка. Дарэчы, вядома i легенда, звязаная з ваўкамi. Дэпутаты не ўзялi гэтых фактаў пад увагу i зрабiлi запыты ў Нацыянальны архiў Беларусi, а таксама ў Архiў старажытных актаў у Варшаве, адкуль iм адказалi, што апiсанне герба Ваўкавыска не захавалася. Не захавалася таксама метрыкi Ягелончыка аб наданнi Ваўкавыску Магдэбургскага права. Зыходзячы з гэтага дэпутаты вырашылi намаляваць новы сучасны герб горада, як гэта зараз робiцца ў многiх гарадах Беларусi. Цiкава, якiм ён будзе?

А.КАНАПЕЛЬКА

Назад