Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

Стаць студэнтам ужо сёння

Менш за два месяца засталося да апошняга званка, i сённяшнiя школьнiкi стануць абiтурыентамi. Зразумела, што не ўсе назавуць сябе студэнтамi. У гэтым годзе конкурс на ўсе факультэты будзе большы, чым у папярэднiя гады. Гэта звязана з выбухам нараджальнасцi ў 1983 – 1984 гадах. Таму студэнтамi, безумоўна, стануць найлепей падрыхтаваныя i адукаваныя вучнi.

Менавiта з мэтай выяўлення найбольш таленавiтай i прасветленай моладзi сярод будучых абiтурыентаў 2001 года Гродзенскi дзяржаўны унiверсiтэт iмя Янкi Купалы з 5 па 13 траўня праводзiць шэраг алiмпiяд i конкурс па наступных прадметах:

5 траўня – матэматыка

12 траўня – фiзiка; гiсторыя

13 траўня – iнфарматыка i бiялогiя

12 – 13 траўня – конкурс выканаўчага мастацтва.

Праводзяцца алiмпiяды на добраахвотнай платнай аснове. Паўдзель-нiчаць могуць i навучэнцы адзiнаццатых класаў, i выпускнiкi мiнулых гадоў, якiя не здолелi паступiць у ВНУ, а таксама выпускнiкi 2001 года сярэднiх спецыяльных навучальных устаноў i прафесiйна-тэхнiчных вучылiшч.

Заданнi, падрыхтаваныя старшынямi прадметных экзаменацыйных камiсiй, будуць максiмальна наблiжаны да школьнай праграмы. Пераможцы, вызначаныя па вынiках выкананых заданняў, атрымаюць дыпломы 1, 2 i 3 ступеняў, акрамя таго будуць вызначаны i лаўрэаты па кожнаму прадмету або конкурсу. А самае галоўнае, што пераможцы алiмпiяд будуць залiчаны на адпаведны факультэт без экзаменаў.

Таму, калi вы хочаце паспрабаваць стаць студэнтам ГрДУ ўжо зараз, вам патрэбна перавесцi на рахунак 3622000000048 у фiлiяле № 405 АСБ «Беларусбанк» г.Гродна МФО 152101506 з паметкай «За алiмпiяду» або «Конкурс» аплату ў памеры 5200 рублёў за ўдзел у алiмпiядзе i 8900 рублёў – у конкурсе. З квiтанцыяй аб аплаце i пашпартам прыйсцi ў аўдыторыю № 215 у галоўным корпусе ўнiверсiтэта па адрасу вул. Э. Ажэшка, 22 для атрымання пропуска, а пазней, у дзень правядзення алiмпiяды цi конкурсу, з’явiцца па таму жа адрасу ў 10 гадзiн, маючы пры сабе пропуск, пашпарт i асадку з фiялетавым стрыжнем. Акрамя гэтага не забудзьце пра самае галоўнае – свае веды. Тады i перамога абавязкова будзе за вамi.

Вольга Арцёменка

Назад