З шэрагам пытанняў аб стварэннi калектыву i аб яго новых распрацоўках мы звярнулiся да загадчыцы Святланы Яўгенаўны Сельвестаравай-Куль.
– Святлана Яўгенаўна, як i чаму стварылася лабараторыя?
– Лабараторыя была створана ў снежнi 1999 года тымi людзьмi, якiя захацелi займацца гiсторыяй i культурай свайго рэгiёна. Пры адкрыццi нас было пяцёра, потым штат стаў павялiчвацца, i зараз у iм стала працуюць сем чалавек. Паралельна з нашай пры Гродзенскiм дзяржаўным унiверсiтэце было створана яшчэ сем падобных лабараторый: эканамiчная, фiзiчная, сацыялагiчная ды iншыя. Якiя, як i мы, займаюцца даследваннем пэўных праблем нашага рэгiёну.
– Вядома, што дагэтуль няма адзiнага погляду на беларускую гiсторыяграфiю. Якой канцэпцыi прытрымлiваецеся вы (супрацоўнiкi лабараторыi), у якiм рэчышчы працуеце?
– Мы прытрымлiваемся таго, што гiсторыя Беларусi з большага на сённяшнi дзень ужо напiсана, але iснуе вялiкая колькасць мiфаў, якiя трэба дэталёва разбiраць i дабiвацца таго, каб у гiсторыi не было «белых плямаў» i ўяўнай хлуснi. На якой канцэпцыi стаю я? Зараз у сусветнай гiсторыi назiраецца такая тэндэнцыя, калi прыарытэтнай становiцца гiсторыя развiцця чалавечай думкi. Я думаю, спачатку трэба гаварыць пра Ньютона, Капернiка, Скарыну, а потым пра тое, колькi было ў феадала зямлi цi якiм быў падатак.
– Напэўна, у вас ёсць канкрэтныя мэты i задачы, якiя павiнны былi стаяць перад вамi, калi стваралася лабараторыя?
– Галоўная задача як i была, адна – стварэнне своеасаблiвага цэнтра рознабаковых даследванняў праблем нашага рэгiёну i iх вырашэнне. А ўжо мэта гэтага цэнтру – злучыць намаганнi навукоўцаў розных спецыяльнасцяў, якiя будуць працаваць над тым, каб навука прыносiла карысць, бо ва ўсiм свеце яна працуе не толькi на культурнае развiццё, але i на дабрабыт грамадства. Чаму ў нас павiнна быць iнакш?
– Гэта, хутчэй галоўная мэта, а якiя галоўныя задачы?
– Ужо амаль год адной з галоўных мэтаў, да якой мы спрабуем наблiзiцца, з`яўляецца адкрыццё Аўгустоўскага каналу з беларускага боку.
– Цi гэта рэальна?
– У дадзены момант разам з «Гроднатурыстам», з якiм мы падпiсалi дамову аб супрацоўнiцтве, працуем над адкрыццём каналу для турысцкага выкарыстання ўжо гэтым летам. Ёсць зацiкаўленасць i з боку нашых турыстычных службаў, i з боку польскiх партнёраў. Дарэчы, лабараторыя гатова аказваць метадычную i iнфармацыйную дапамогу i iншым турыстычным фiрмам.
– Напэўна, адкрыццё Аўгустоўскага каналу не адзiная ваша задача?
– Галоўнай мэтай работы лабараторыi мы лiчым вывад рэгiянальных даследванняў на новы, сучасны ўзровень. Рэгiён трэба даследваць комплексна, улiчваючы пры гэтым досыць прагматычныя мэты. Нездарма ў лабараторыi працуюць не толькi гiсторыкi, а ў навуковых праграмах, якiя мы рэалiзоўваем, задзейнiчаны спецыялiсты розных профiляў. Кожны праект мае патэнцыйнага спажыўца – ад памежнiкаў, да турыстычных фiрмаў. I, безумоўна, важнай задачай з`яўляецца прапаганда гiстарычных ведаў, культурнай спадчыны. Чаму палякi iснуюць як нацыя? Толькi таму, што яны з маленства ведаюць пра свой род, пра сваю мiнуўшыну.
– Мэта шыкоўная, але што для гэтага робiць ваша лабараторыя?
– Накiрункаў такой дзейнасцi шмат. Супрацоўнiкi лабараторыi распачалi серыю выступленняў на абласным радыё i тэлебачаннi, выступаюць у перыядычным друку. У мiнулым годзе мы правялi дзве мiжнародныя канферэнцыi – чытаннi ў гонар Ю. Ядкоўскага i па гiсторыi сядзiбна – паркавага мастацтва. Плануем правесцi канферэнцыю па памежных войсках. Ладзiцца яна будзе сумесна з музеем войска польскага ў Беластоку. Таксама запланавана яшчэ некалькi экспедыцый у раён Берштаў i Адэльска, а таксама ў Сапоцкiнскую зону, дзе ў мiнулым годзе толькi фальклору было запiсана пяць касет i дзе можна знайсцi яшчэ шмат чаго цiкавага.
– Зразумела, што на гiстарычныя даследваннi, як i на вытворчасць, патрэбны грошы. За кошт чаго iснуе ваша лабараторыя?
– Пакуль што нам дапамагае ўнiверсiтэт, але ад яго мы маем толькi свой заробак. Грошы на ўсё астатняе – камандзiроўкi, раскопкi, сацыялагiчныя апытаннi i канферэнцыi мы павiнны знайсцi самi. Выйграць гранд цi прыцягнуць тых людзей, якiя б маглi прафiнансаваць нашыя праекты. А праз 2 гады лабараторыя павiнна выйсцi цалкам на самастойнае фiнансаванне.
– Цi плануеце вы выданнi вашых даследванняў. Дойдуць яны да шырокага колу чытачоў цi толькi для спецыялiстаў?
– Артыкулы, падрыхтаваныя супрацоўнiкамi лабараторыi, можна ўбачыць як у навуковым друку, так i ў папулярным. За мiнулы год нашымi намаганнямi было выдадзена тры манаграфii. Акрамя гэтага мы рыхтуем зборнiк па паркава – сядзiбнаму мастацтву, дзе збiраемся прадставiць артыкулы розных спецыялiстаў на дадзеную тэму – эканамiстаў, эколагаў, гiсторыкаў. Хачу таксама распавесцi пра вельмi, на мой погляд, цiкавую i карысную задуму. На наступны год мы плануем выдаць кнiжку этнiчнага анекдота з навуковым каментарам. Мне здаецца, будзе цiкава даць тлумачэннi тым вобразам, да якiх мы прызвычаiлiся. Адкуль узялiся досцiпы пра беларусаў, пра палякаў, пра ўкраiнцаў, пра яўрэяў? Просты чалавек не ведае. Канечне, iснуе вялiкая колькасць падобных зборнiкаў анекдотаў, але, згадзiцеся, яны больш са знакам мiнус, чым са знакам плюс.
– Цi можа далучыцца да працы вашай лабараторыi не гiсторык, а проста зацiкаўлены чалавек, якi шмат часу трацiць на вывучэнне гiсторыi роднага краю?
– Вядома, так. Дзверы нашай лабараторыi заўсёды i для ўсiх адкрыты. Прыходзьце – i я абавязкова, чым змагу, дапамагу.
– З кiм з гiсторыкаў вы супрацоўнiчаеце?
– Калi стваралася лабараторыя, мы завялi такi своеасаблiвы альбом, дзе збiраем пажаданнi тых людзей, якiя наведалi нас. За год ён запiсаны амаль цалкам. У нас пабывалi гiсторыкi з Польшчы, Расii, Германii, i з Японii, i, вядома, з Беларусi. Ёсць кантакты з амерыканскiмi навукоўцамi.
Вольга КАМЯГIНА