Мастак без майстэрні
Дзьмiтры Iваноўскi, адзiн з самых цiкавых гродзенскiх мастакоў, старшыня таварыства вольных майстраў, актыўны сябра мясцовай арганiзацыi БНФ «Адраджэньне» стаўся насамрэч самым што нi ёсць вольным мастаком. Гродзенскiя ўлады адабралi ў яго творчую майстэрню.
Па пошце мастак атрымаў афiцыйную паперу з ЖЭСа №5, у якой гаворыцца, што да 10 мая ён павiнен вызвалiць займаемае памяшканне. У сваiм прадпiсаннi ЖЭС абапiраецца на ўказ прэзiдэнта №302 ад 12 жнiўня 1996 года. У суадносiнах з гэтым указам Гродзенскi аблвыканкам выключыў мастака са спiску ўладальнiкаў творчых майстэрняў, якiя карысталiся iльготамi на арэндную плату. Цяпер замест арэнднай платы ў памеры 20-25 тысяч рублёў, мастаку неабходна плацiць суму роўную прыкладна 150 далярам у месяц.
Нi ў кога не выклiкае сумневу, што рашэнне гродзенскiх уладаў – рэакцыя на актыўную палiтычную пазiцыю Д.Iваноўскага. Мясцовыя крытыкi параўноўваюць творчасць мастака з творчасцю Матэйкi, паколькi сваiмi вялiкiмi карцiнамi ён адлюстроўвае гiсторыю беларускага народа. Знаўцы лiчаць, што ў будучынi карцiны Iваноўскага будуць знаходзiцца ў Нацыянальным музеi Беларусi.
Што датычыць майстэрнi, то Iваноўскi ўжо не першы ў гэтым спiсе. Пару гадоў таму у iм быў А.Сураў за кнiгу актуальных карыкатураў. Рэжым пазбаўляе майстэрняў па-сапраўднаму людзей творчых i значных для нашага горада. Сам Д.Iваноўскi зазначыў, што iншага рашэння ад сённяшняга рэжыму ён i не чакаў.
У адным з блiжэйшых нумароў «БИ» мы прапануем iнтэрв’ю з Д.Iваноўскiм.
М.КАРНЕВIЧ
|