КАНIКУЛЫ, КАНIКУЛЫ...
Праз некалькi дзён у школах нашай краiны пачнуцца канiкулы - вясёлая пара. У выпускных класах хутка экзамены. Поспехаў вам, дарагiя выпускнiкi. У добры шлях.
Вучань года - 2001
У гарадскiм Палацы Дзiцячай i Юнацкай Творчасцi прайшоў чарговы конкурс сярод вучняў гродзенскiх школ «Вучань года – 2001». Чатыры ўдзельнiкi, пераможцы папярэдняга районнага конкурсу, спаборнiчалi памiж сабой за ганаровае званне Вучня года.
Выпрабаванне доўжылася каля трох з паловай гадзiн. Стамiлiся, безумоўна, i журы, i прэтэндэнты, i iх балельшчыкi. Але падчас узнагароджвання пераможцаў атмасфера залы зноў ажывiлася. Радавалiся ўсе, бо прайграўшых не было, i падарункi атрымаў кожны ўдзельнiк. Тытул «Вучань-iнтэлект» дастаўся Сяргею Евецу, удзельнiку ад лiцэя № 1; вучнем, а дакладней, вучанiцай-талентам стала Антанiна Лось з СШ № 14. Чатыры пераможцы мiнулых гадоў вызначылi вучанiцу глядацкiх сiмпатый. Ёй стала Алеся Бяленiк, прадстаўнiца СШ № 26. I тытул «Вучань года» атрымаў дзесяцiкласнiк Дзянiс Кашко з СШ № 19.
Пасля падвядзення вынiкаў конкурсу кожнага пераможцу чакалi шчырыя вiншаваннi, кветкi i моцныя абдымкi з пацалункамi.
Што можа быць прыемней, асаблiва напярэдаднi канiкулаў. Прычым, радасць удзельнiкi прынеслi не толькi сабе, а i сваiм настаўнiкам, сябрам, бацькам. А наперадзе лета, адпачынак, добры настрой. Нехта можа i пазайздросцiць, але гэта дарэмна. Кожны з нас можа да гэтага iмкнуцца i абавязкова дасягнуць. Шмат не трэба: кожны дзень вучыцца, вучыцца i яшчэ раз вучыцца. А праца нiколi не здрадзiць.
Вольга Арцёменка, выпускнiца СШ №5
Фото IREX/ProMedia www.irex.minsk.by
|