Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

Пра мастака з палітычнымі фарбамі

Як паведамляла «БИ» два тыднi таму, гродзенскi мастак Дзмiтрый Iваноўскi, iнiцыятар стварэння ў 1992 годзе таварыства народных майстроў i яго старшыня, актыўны сябра мясцовай арганiзацыi БНФ «Адраджэньне» пазбавiўся сваёй майстэрнi.

Рашэннем Гродзенскага аблвыканкама яго выключылi са спiсу ўладальнiкаў творчых майстэрняў, якiя карысталiся iльготамi на арэндную плату. Прапанаваная новая арэндная плата за гэтую ж майстэрню аказалася вельмi высокай (як пазней мы даведалiся, па словах самога Дзмiтрыя, «за такую цану можна было б зняць чатырохпакаёвую кватэру, i гаспадар яшчэ б сто грамм i каўбасу кожны дзень прыносiў»), таму i прыйшлося мастаку шукаць таннейшае памяшканне. Памяшканне знайшлося побач з рэдакцыяй «Бiржы iнфармацыi» i мы завiталi да мастака ў госцi. Прасторны падвальны пакой без вакон. Дзмiтрый яшчэ не паспеў уладкавацца, сябры толькi-толькi дапамаглi перанесцi рэчы. Ён частаваў нас гарбатай.

– Вы знаёмы з указам, на падставе якога страцiлi iльготы на майстэрню?

– Я, праўду кажучы, не цiкавiўся iм. З другога боку – нават часу не было. А якi сэнс?

– З iнфармацыi, якая надавалася ў СМI, можна было зразумець, што страта майстэрнi звязана з вашай палiтычнай дзейнасцю.

– Гэта рэалii нашага жыцця... Кожная работа, якая не нацюрморт i не пейзаж, як толькi яна закранае нешта балючае для сёняшняга дня, адразу становiцца палiтычнай.

Дзмiтрый Iваноўскi спынiў размову, каб правесцi нас па сваёй яшчэ неабсталяванай майстэрнi. Давёў да сваiх прац, якiя былi раскладзены па ўсёй майстэрнi, адабраў некаторыя з iх, адгарнуўшы, паставiў адну каля другой. На iх – боль. Боль, якi адчуў мастак у сваёй душы, i перанес яго на палатно. Боль у бела-чырвона-белым колеры... Адразу становiцца зразумелай асабiстая пазiцыя мастака, яго погляд на беларускую гiсторыю, якi iдзе ў разрэз з тым, што нам прапануюць афiцыйныя ўлады.

– Вы – актывiст БНФ «Адраджэньне», вы ўдзельнiчаеце ў акцыях, якiя не падабаюцца ўладам. Магчыма, гэта сталася прычынай...

– Стан з майстэрняй выклiканы практычна адразу пасля мiтынгу байкоту выбараў у палату прадстаўнiкоў, якi праходзiў у мiнулым годзе на плошчы Ленiна. Я ў iм удзельнiчаў. На плошчы апынулася некалькi ветэранаў. Яны напiсалi зварот у гарвыканкам, у якiм прасiлi разабрацца з мастаком. У гарвыканкаме – селi, паглядзелi, разабралiся, i пазбавiлi мяне iльгот. Праўда, гэтае пытанне канчаткова мог вырашаць толькi аблвыканкам. I вось маю справу ўжо вырашылi. Мяне нiхто не выклiкаў, не пытаў. Мастакi з нашага таварыства народных майстраў пры аддзеле культуры гарвыканкама, якiя атрымалi майстэрнi ад нашага таварыства, карыстаюцца iльготамi пры аплаце за iх, а я, як старшыня, вылецеў з гэтага спiсу. Паколькi рашэнне гарвыканкама было прынята яшчэ ў мiнулым годзе, для мяне гэта не стала нечаканасцю. Я ведаў, што рабiў, i ведаў, як мяне аддзячаць.

– Вы малюеце ў бела-чырвона белым колеры...

– Не абавязкова. Але гэта больш усяго балiць. Гэта адчуванне колеру самой краiны, яе гiстарычнага колеру. Таму ён праз нас праходзiць у гэтым болю. Кожная краiна ганарыцца сваёй гiсторыяй, каранямi таго народа, якi жыве ў ёй.

– Як патлумачыць такiя адносiны ўладаў да вас?

– Усе баяцца паказаць, што было сапраўды, давесцi сапраўдную гiсторыю. I чалавек, якi падняў яе, становiцца па за гульнёй – яго адразу цiснуць.

– Кожны мастак мае нейкую асабiстую пазiцыю...

– Не трэба прывязваць асабiстую пазiцыю да мастака. Бо гэта павiнен мець кожны чалавек. Малы ён цi дарослы. Есць такiя пазiцыi – i гэта цудоўна, што мы ўсе розныя.

– Цi ёсць у вас нейкая мэта, якая вызначае ваша мастацтва?

– Я проста безнадзейна хворы жывапiсам. Калi я штосьцi раблю, стараюся, каб гэта было i ад мяне, i каб дайшло да людзей. Калi гэта прыгажосць – то прыгажосць, калi гэта боль – значыць боль. I каб людзi адчувалi гэта. Часам задумвалiся. I калi не даюць выстаўляцца, гэта самае горшае, што можа быць.

– Вы выстаўлялiся за мяжой, вас там шануюць. Цi ведаюць там пра вашы праблемы, i як да iх аднеслiся?

– Ведаюць. Тэлефанавалi да дому не раз. Прапаноўвалi выехаць – «кантракт, умовы жыцця створым, прыязджай працуй». Гэта яшчэ i раней прапаноўвалi. Але прасцей за ўсё мне тлумачыць гэта палякам, я з некаторымi знаёмы з «Салiдарнасцi». Я пытаю ў iх: «Што было б з Польшчай, калi б ў 1980-я гады ўсе таксама выехалi?» Яны мяне разумеюць.

– Не будучы ў Саюзе мастакоў, шмат выстаўлялiся дома, у Беларусi?

– Толькi за свой кошт. Але каб не падстаўляць людзей, ведаючы сёняшнюю сiтуацыю, выстаўлялiся толькi пейзажы i толькi нацюрморты. У мяне было 38 асабiстых выстаў, не ўлiчваючы агульных.

– Няўжо так цяжка ўступiць ў Саюз мастакоў, каб не мець тых дробных праблемаў? Была б магчымасць выстаўляцца...

– Не цяжка ўступiць, цяжка адмыцца. I калi ў цябе ёсць нейкая пазiцыя, так выставiцца i там не дадуць.

– За мяжой якiя адносiны да мастацтва? Цi iснуе нейкая дзяржаўная падтрымка?

– Калi ёсць сродкi – калi ласка пiшы, працуй. Там так – цябе купляюць, значыць цябе прызнаюць, работы не знаходзяць водгуку – не купляюць. Але там няма такiх варварскiх законаў, як у нас. На перамяшчэнне карцiн, на вываз за мяжу. Гэта проста драконаўскiя законы, калi я сваю выстаўку не магу вывесцi за межы i паказць людзям. Мне гавораць – «Это достояние государства».

– Цiкава, як адбывалася ваша станаўленне i як мастака, i як грамадзянiна?

– ...Дзякуючы якому згубiў майстэрню? Напэўна, гэта з дзяцiнства. Мой школьны настаўнiк Белакоз Алесь Мiкалаевiч меў на мяне ўплыў. Яго многiя добра ведаюць. Увесь час у школе адбывалiся сустрэчы з тымi, каго сёняшнiя ўлады рознымi словамi абкладваюць – Васiль Быкаў, Нiл Гiлевiч, Ларыса Генiюш. Я ўвесь час падтрымлiваю сувязь са сваiм настаўнiкам.

– Калi вы пачулi цягу, што вам трэба маляваць?

– Гэта яшчэ, калi пад стоў пяшком хадзiў. Бацька столяр быў, дык я яго хiмiчным алоўкам маляваў, як лiзнеш яго – ён фiалетавы. Гэта першыя мае такiя, як некаторыя кажуць, наскальныя, а я кажу – падстольныя малюнкi. Там, пад сталом, i былi першыя выявы людзей.

– Калi да вас прыйшло першае прызнанне, як мастака?

– Мяне гэта менш за ўсё цiкавiць. Калi выстава адбываецца, мне не трэба, каб камусьцi падабалiся ўсе работы, мне дастаткова, калi глядач затрымаецца i задумаецца хоць каля адной карцiны. I гэта цудоўна.

– Чыё меркаванне аб вашых працах асаблiва каштоўнае?

– Думка прафесiяналаў мяне не цiкавiць, яна не аб’ектыўная, асаблiва мастацтвазнаўцаў. Мяне цiкавяць вочы простага чалавека, якi праходзiць па выстаўцы. Як ён на гэта глядзiць. Я бачу на якой рабоце ён затрымаўся... I не трэба нiякай падзяiкi i водгуку.

– У вас ёсць нейкая карцiна, якую вы лiчыце галоўнай у жыццi, якая мае для вас асаблiвае значэнне?

– Ну, гэта вы пытаеце, як у мёртвага мастака!..

– Лепшае яшчэ наперадзе? А ўсё ж такi самае цёплае, самае блiзкае...

– Есць некалькi прац. Але, заўсёды, калi пачынаеш з чыстага палатна, думаеш, што гэта будзе лепшае за ўсе. А час праходзiць, i нешта адсейваецца.

– Як у вас складваецца вобраз карцiны – спачатку ў галаве, цi як некаторыя мастакi гавораць – у працэсе працы, i не ведаеш, что напрыканцы атрымаецца?

– Гэта хiтрасць сёняшнiх мастакоў – «прыйшло натхненне, пачаў мазаць, мазаць, пазней штосьцi з’явiлася, а пасля назву прыдумаў». Гэта значыць, не той справай чалавек займаецца. Калi гэта прафесiйная праца, то задумаў твор, вобраз у галаве, назву падабраў – тады ён выходзiць на палатне.

– А цi даводзiлася працавацць пад заказ?

– I не раз. Але справа ў тым, што гэта самыя цяжкiя працы. Я называю гэта прастытуцыяй у мастацтве. Калi гэта партрэт пад заказ – яшчэ адна справа. А так, калi прыносяць фатаздымак i просяць намаляваць з яго, дык нiчога ад мастака не застаецца.

– Ёсць у мастака Iваноўскага прафесiйная зайздрасць?

– Хутчэй за ўсё, пачуцце, што трохi не паспеў. Хтосьцi зрабiў лепш. Я наадварот рады за чалавека.

– Чула, што ёсць у мастацтве так званыя цяжкiя колеры...

– Трэба звярнуцца да маiх сяброў, якiя насiлi мае працы: «Якi колер цяжкi?»... Як нельга сказаць, што ёсць непрыгожыя кветкi, так i з колерам – кожны колер прыгожы. Проста трэба ўмець яго выкарыстаць.

– Кажуць многiя мастакi, што ў нашым горадзе вельмi добра пiшацца. Гэта праўда?

– Пiшацца цудоўна. Гэта адразу вiдаць i па рашэнню аблвыканкама... Але, час ад часу каб адчуць прыгожае, свой горад, трэба выязджаць. Я быў у Еўропе на розных пленэрах. Кожны раз прыязджаеш i на тым жа месцы знаходзiш штосьцi iншае.

– Зараз вясна, i дыхаецца лепей. Не гледзячы на праблемы, што вы зараз адчуваеце?

– Я духам адчуваю восень...

– Як?!! Ужо восень?

– Выбары...

– А як мастак, што адчуваеце?

– Таксама выбары... – усмiхаючыся адказаў Дзмiтрый Iваноўскi.

Вось так атрымоўваецца ў жыццi, што пачалося наша iнтэрв’ю з мастаком не з рамовы аб творчасцi, а аб палiтыцы i скончылася палiтыкай. Бо Дзмiтрый Iваноўскi вельмi востра адчувае непакой i боль за сваю краiну, i з надзеяй чакае лепшых пераменаў, як сапраўдны грамадзянiн, а свае пачуццi, думкi, погляды перадае нам праз сваё мастацтва, свае карцiны, якiя кранаюць душу.

Пажадаем мастаку натхнення i творчых поспехаў, каб яго працы i надалей наводзiлi гледачоў на роздум.

Гутарыла Ю.УРБАНОВIЧ

Назад