Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

Цудоўны боршчык на аснове гісторыі

У Гродне адбылася мiжнародная навуковая канферэнцыя «Канфесiйныя адносiны ў Вялiкiм княстве Лiтоўскiм у ХVI-ХVIII ст». Арганiзатарамi выступiлi Гуманiтарны цэнтр даследаванняў Усходняй Еўропы (Гродна), Нямецкi гiстарычны iнстытут у Варшаве i Цэнтр даследаванняў гiсторыi Заходняй Лiтвы i Прусii Клайпедскага унiверсiтэта. Канферэнцыя атрымалася прадстаўнiчай, у яе рабоце ўзялi ўдзел навукоўцы з Польшчы, Лiтвы, Украiны, Расii, Германii i Беларусi. Наша гутарка з адным з асноўных яе арганiзатараў прафесарам Дзмiтрыям Каравым.

– Дзмiтрый Уладзiмiравiч, на фоне нашага жыцця трохi нават не звыкла, што ў Гродне можна было наладзiць такую прадстаўнiчую канферэнцыю?

– Справа ў тым, што гэта iдэя ўзнiкла недзе каля года таму, калi ў нас праводзiўся круглы стол: «Беларусы-палякi». Дарэчы, гэта адбывалася ў межах праэкта «Беларусь у кантэксце народаў-суседзяў». I паколькi большасць праблемаў нацыянальнай гiсторыi, мiжэтнiчнай гiсторыi выходзяць з канфесiйных праблемаў, i была абрана такая тэма. Гэта iдэя спадабалася арганiзатарам, i, як бачыце, з часам здзейснiлася.

– Разумею, што ў вас, як i ўдзельнiка, i ў арганiзатара, засталося шмат уражанняў, зроблены нейкiя высновы...

– Адна з галоўных высноў на гэтай акадэмiчнай канферэнцыi прагучала так, што распрацоўка праблемы была вельмi прафесiйнай, пашырылася панарама асэнсавання агульных праблем. На блiжэйшыя часы закладзены падмурак для далейшага сумеснага даследавання i выдання сумеснай кнiгi па матэрыялах канферэнцыi. Спадзяюся, што гэта будзе дзесятая кнiга «Нашага Радавода». Нямецкi бок узяў на сябе абавязак перакласцi яе, што паслужыць прамоўшынам для беларускае культуры на Захадзе.

– Цiкава, што на канферэнцыi сабралiся навукоўцы з краiнаў, якiя ў ХУI-ХУIII ст. належылi да аднае краiны. Хiба, што немцы трошкi выглядалi збоку. Тым не менш у гэтым кантэксце: наколькi сёння ў навукоўцаў з розных краiнаў адрознiваюцца погляды на тое, што некалi было адзiным?

– Ёсць дыскусiйныя праблемы, розныя падыходы ў некаторых пытаннях. Напрыклад, важнасць каталiцкага фактару. Беларускiя гiсторыкi i не толькi сучаснiкi, але яшчэ i народнiкi ў свой час не даацэньвалi гэтага фактару. Але не ў гэтым справа, паколькi ў сучаснай гiстарыяграфii ўсё ж больш агульнага чым рознага. Пазiцыi навукоўцаў зблiжаюцца, яўна бачна гэтая тэндэнцыя. I, дарэчы, на канферэнцыi адчуваўся дух акадэмiчнай добразычлiвасцi.

– Тым не менш, калi кожны валодае нейкiмi канкрэтнымi даследаваннямi, нават выслухаўшы думкi i погляды iншых паважаных людзей, застаецца пры сваёй думцы.

– Вось што цудоўна падчас такiх канферэнцый, што на аснове пададзеных новых фактаў i адкрыццяў думкi i меркаваннi карэктуюцца. У гэтым сэнс падобнай канферэнцыi. Iнакш, людзi, якiя ў ёй удзельнiчалi былi папросту непадрыхтаваныя. У нашай канферэнцыi бралi ўдзел цi не першыя асобы па прапанаваных тэмах. Такога ж узроўню былi i эксперты. Пасля выступу кожнага з iх па сваёй тэматыцы стваралася агульная панарама праблематыкi. Як заўважыў прадстаўнiк Украiны: «мы варылi агульны боршчык». I сапраўды гэты боршчык аказаўся нядрэнным.

– На ваш погляд, хто з навукоўцаў найдалей пайшоў у даследаваннi канфесiйнай праблематыкi?

– Калi казаць пра крынiцазнаўчую распрацоўку праблемы, мне здаецца, што далей за iншых пайшлi польскiя навукоўцы. Шмат зрабiлi ўкраiнцы. Што датычыць нашых навукоўцаў, то вы добра ведаеце, што яны атрымалi магчымасць займацца гэтай тэматыкай трохi больш як дзесяць гадоў таму. Шмат тэмаў iснавала наогул закрытых. У расiйскай навуцы падобныя даследаваннi таксама былi перарваныя пасля 17 года. З гiсторыi знiк чалавек, што пацягнула за сабой знiкненне культуры. I гэта вiдавочна. У нашых гiсторыкаў шмат работы наперадзе.

– Якiя пытаннi ў разглядаемай на канферэнцыi тэме застаюцца ў гiсторыкаў найбольш прынцыповымi?

– Трэба заўважыць, што няма канчатковага агульнага бачання на ролю праваслаўнай царквы. Часцей яе роля падаецца толькi ў тым, што яна кансервавала традыцыю i толькi. Каталiцкай канфесii прыпiсваюць, што яе дамiнант выспяваў на дамiнуючым палiтычным кантэксце. З гэтым таксама не ўсе пагаджаюцца.

– Дарэчы, Дзмiтрый Уладзiмiравiч, я калi пабачыў праграму канферэнцыi, то падумаў, што Гродна самае адпаведнае месца для яе правядзення. Нават цяпер у нашым горадзе магчыма зайсцi ў храм розных канфесiй.

– Ёсць падобнае i ў iншых гарадах былой Рэчы Паспалiтай, але не так канцэнтравана, сапраўды, як у Гродне. Вазьмiце тую ж Варшаву – храмы iснуюць розныя, але у нас з аднаго вакна можна ўсе iх пабачыць.

– Аб чым гэта гаворыць?

– Гэта сведчыць аб моцных каранях i традыцыях. Значыцца iснуе нейкi код у народа, якi нягледзячы на цяжкiя выпрабаваннi, не даў гэтага знiшчыць. Магчыма ў гэтым крыецца нейкая вялiкая разгадка.

– Дзмiтрый Уладзiмiравiч, не магу не запытацца пра вунiю, якой практычна не стала, але якая ў нашай гiсторыi была па-сапраўднаму беларускай.

– Вунiю сапраўды выцiснулi сiлаю. Яе няма ўжо 170 гадоў, i традыцыi вунii за гэты час перарваныя. Адрадзiць яе не ўдалося. Але яе з’яўленне было не штучным i невыпадковым i спробы яе ўтварэння назiраюцца раней, чым была падпiсана Брэсцкая вунiя. Гэта iдэя паўстала ў людзей, якiя не былi здраднiкамi сваёй дзяржавы i народа, а наадварот. Гэтыя людзi жадалi мадэрнiзацыi праваслаўнай царквы, паколькi бачылi, што па ўзроўню культурнаму яна саступала каталiцкай царкве. Гэта была вельмi глыбокая iдэя пахавання расколу ў межах сваёй дзяржавы. Аднак гiсторыя склалася па-iншаму.

– Зрэшты, iдэалы вунii нечым нагадваюць iдэю сблiжэння хрысцiянства сёння.

– На мой погляд, сённяшняя iдэя аб’яднання хрысцiян намнога залежыць ад палiтычнага фактару. Калi палiтыкi будуць намагацца стварыць адзiную Еўропу, то яны будуць дапамагаць хрысцiянам аб’яднацца. У адваротным выпадку, напэўна будзе па-iншаму.

Гутарыў М.КАРНЕВIЧ

Назад