Гродна
Духоўнае яднанне Еўропы
Упершыню на штогадовыя экуменiчныя сустрэчы ў Коданi была запрошана беларуская дэлегацыя.
Ужо васемнадцаты раз былая вёска беларускiх магнатаў Сапегаў збiрае хрысцiян розных канфесiй з усiх куткоў Еўропы. У гэтым годзе ў апошнiя выходныя мая яе наведала больш за трыста чалавек, якiя прытрымлiваюцца экуменiчных поглядаў.
Экуменiзм, як паняцце, iснуе ў Еўропе ўжо даволi доўгi час i мае на мэце наблiжэнне да аб’яднання хрысцiян розных канфесiй. Гэтую iдэю i старалiся падкрэслiць арганiзатары – за тры днi, што доўжылася сустрэча, удзельнiкi наведалi праваслаўныя ды каталiцкiя набажэнства, унiяцкую царкву, дарэчы, адзiную ў Еўропе, а таксама татарскiя ды яўрэйскiя могiлкi. У праграму ўваходзiлi i даклады, якiя выкладалi прафесары з Люблiнскiх, Кракаўскiх i Варшаўскiх семiнарыяў.
Сустрэча скончылася сымбалiчным ламаннем хлебу, як знак таго, што ўсе людзi роўныя, негледзячы да якой канфесii яны належаць i на якой мове моляцца. Адзiн з арганiзатараў ксёнз Кароль зазначыў: «Мэтай такiх сустрэч з’яўляецца не толькi аб’яднанне хрысцiян, а i нараджэнне ў людзях цярплiвасцi да iншых канфесiй ды рэлiгiяў».
Вiка МАЙСКАЯ
|