Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

Салон

Савецкі марафет

Апошнiм часам будынкi ў цэнтры горада зноў пачалi перафарбоўваць. Але дамы неўзабаве пачынаюць аблазiць. Новы асфальт, якiм закатваюць дарогi хутка раструшчваецца. I падаецца, што дамы робяцца таўсцейшымi ад новых слаёў фарбы. А новыя i новыя сантыметры асфальта падымуць дарогi да ўзроўню другога паверха.

Думкi пра гарадскую рэстаўрацыю выказвае гродзенскi архiтэктар Роланд ЖАМОЙЦIiН

Тое, што робяць зараз у цэнтры, нельга назваць рэстаўрацыяй. Гэта касметычны рамонт. Прычым, марафет наводзiцца абавязкова з нейкай нагоды (напрыклад, фестываль нацыянальных меншасцяў). Гэта старая савецая звычка. Паняцце рэстаўрацыi азначае аднаўленне фасадаў будынку, яго iнтэр’ераў i, магчыма, функцыянальнага прызначэння. Пры такiм падыходзе ў горадзе вылучаюць пэўныя раёны i ствараюць планы iх рэгенерацыi. На маю думку, замест таго, каб распыляць грошы на касметычны рамонт, лепей было б узяць некалькi будынкаў i адрэстаўраваць iх так, каб галава не балела 50 год.

«Мадэрн»

У цэнтры горада шмат будынкаў у стылi «мадэрн», якi вылучаецца своеасаблiвым раслiнным дэкорам. Характэрныя для такiх дамоў ляпныя аздобы з цягам часу развальваюцца. Звярнiце ўвагу на будынак мiлiцыi на Тэльмана. Або, праходзячы па Сацыялiстычнай, зiрнiце на фасад дома №44, дзе побач месцiцца радыёмайстэрня, або «Беларусбанк», што насупраць яе. Цi на кiнатэатр «Зорка». Вы ўбачыце ляпныя кветкi без пялёсткаў i фрагменты сiмпатычных раслiнных завiткоў. Не аднаўляючы, iх замазваюць усё новымi слаямi тынкоўкi ды фарбы. Будынкi трацяць свой твар. На сценах можна заўважыць крывыя карнiзы i дэкаратыўныя гарызантальныя палосы - фрызы, якiя вельмi часта нават не сыходзяцца на стыках.(Гэта датычыць не толькi «мадэрновых» будынкаў). На вулiчцы, што ляжыць перпендыкулярна вулiцы Ленiна i пачынаецца непадалёк ад корпуса фiлфака, знаходзiцца Станцыя пералiвання крывi. Цокальная частка гэтага будынку, зробленная з натуральнага каменю, пакрыта звычайнай фарбай для падлогi!. Надваконныя ўпрыгожваннi ў форме iльвiных галоваў зрабiлiся непрыемна-карычневага колеру.

I самае галоўнае. На вулiцы Кiрава падыдзiце да буцiка «Тедди» . Тынкоўка на сценах дома выцвiла, дах заржавеў, кветкавы арнамент абвалiўся. Апрача крамы, у гэтым будынку месцiцца таксама Гарадское вытворчае аб’яднанне жыллёва-камунальнай гаспадаркi. А гэта ўстанова як раз i павiнна сачыць за знешнiм выглядам гарадскiх пабудоваў.

«Польскi канструктывiзм»

Будынкi Дома афiцэраў, Нацбанка (ля помнiка Чапаева), Беларусьбанка на Ажэшцы адносяцца да стылю «канструктывiзм», якi быў папулярны ў 20-30-я гады (Заходняя Беларусь знаходзiлася тады пад уладай Польшчы). Простыя геаметрычныя лiнii, плоскiя дахi. Для гродзенскiх пабудоваў такога кшталту характэрна тэразiтавая тынкоўка. Я кажу пра «польскi канструктывiзм», бо ён троху адрознiваецца ад рускага.

Цiкава тое, што архiтэктурныя творы канструктывiзму ў нас чамусьцi ўвогуле не лiчацца помнiкамi. Напэўна, абывацелю яны нагадваюць савецкiя пабудовы брэжнеўскiх часоў. Таму i адносiны да iх адпаведныя. Узяць хаця б Дом афiцэраў. Па-першае, яго зрабiлi напалову белым, напалову ружовым, прычым лiнiя стыку фарбаў знаходзiцца на самым заўважным месцы – аб’ёме лесвiчнай пляцоўкi ля аднаго з уваходаў. Вось вам сапраўдны ваенны падыход.

Другое. Падыйдзiце да вакна з кратамi (па правым боку плакатаў, блiжэй да аўтобуснага прыпынка). Вы ўбачыце пад iм спецыяльную «кiшэню». Яна была зроблена адмыслова для таго, каб апускаць туды рухомую ваконную крату. Гэта вельмi зручна: можна было падымаць яе нанач i зноў прыбiраць удзень. Зазiрнiце ўнутр «кiшэнi» – там i тырчыць дзесяцiгоддзямi забытая крата. Замест таго, каб аднавiць яе, «намёртва» прымацавалi новую.

Дзверы i масты

Наконт дзвярэй прывяду адзiн прыклад. На будынку аптэкi, што побач з Фарным касцёлам, паставiлi новыя, добра зробленыя, стылiзаваныя пад старыя дзверы. Праз некаторы час у iх сапсавалася ручка. Потым у дзвярах выразалi паз – бо новая не падыходзiла. Цяжка было знайсцi ручку патрэбнага памеру?..

Агароджы гродзенскiх мастоў зроблены са сталi. Мелася на ўвазе, што яны будуць выглядаць моцна, манументальна, салiдна. Таму яны павiнны быць цёмнага колеру. Зараз жа iх фарбуюць ва ўсе адценнi вясёлкi. Нават зорачкi на «старым» мосце праз Нёман чырвоным павымалёўвалi. Мост праз Гараднiчанку – зялёны. Дык давайце тады i Ленiна размалюем, вочы яму зробiм блакiтныя, вусны – чырвоныя...

Якасна

Вельмi якасна пабудаваны дом, што на вулiцы Карла Маркса насупраць Фарнага касцёла. Роўныя карнiзы, якасная тынкоўка, прыгожыя дзверы. Нават падваконнiкi спецыяльна загнутыя з бакоў, каб людзi выпадкова не чаплялiся вопраткай.

Занатавала I. АСТРАЎЦОВА

Назад