Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

Сельская гаспадарка

Вёска наша гродзенская...

Пра глыбокi крызiс нагадвае Аляксандр Дубко, пасмяротны артыкул якога «Усё пачынаецца з вёскi», быў надрукаваны ў «Гродзенскай праўдзе» за 15 i 17 сакавiка. Не, там спяваецца песня калгаснаму ладу. Але аўтар не ўтрымлiваецца, каб прывесцi факты цяжкага становiшча ў вёсцы. Напрыклад, ў 330 населеных пунктах з агульных на Гродзеншчыне 4390 няма нiводнага працаздольнага. Сельская моладзь пакiдае бацькоўскi дом. У значнай ступенi знiзiўся выхаваўчы ўзровень сям’i i наогул адукацыйны цэнз жыхароў вёскi. Назiраецца слабая ўкамплектаванасць устаноў аховы здароўя сучаснымi медыцынскiмi прыладамi i абсталяваннем. Iснуе прабема недахопу дактароў. У сярэднiм шчыльнасць тэлефонаў на 100 чалавек у сельскай мясцовасцi не дасягае i 17. З 1830 маланаселеных пунктаў не тэлефанiзавана трэць. Кожная сельская ўстанова службы быту прыносiць адчувальныя страты. Пры гэтым, як адзначаў Аляксандр Дубко, «сельскiя жыхары прыкладна працуюць, не мiтынгуюць, па-сялянску мудрыя. Яны давяраюць цяперашняй уладзе, вераць у яе i спадзяюцца на перамены».

Перамены ў вёсцы, па словах А.Лукашэнкi, павiнна правесцi мясцовая «вертыкаль». Напачатку iм прадпiсана «удасканалiць» ляжачыя гаспадаркi. У дапамогу даюцца працоўныя калектывы, кiраўнiкi нерэнтабельных калгасаў i саўгасаў. Слаўная кампанiя! 13 лютага «Гродзенская праўда» змясцiла iнтэрв’ю старшынi аблсельгасхарчу Мечыслава Касцюка. Кiраўнiк крытычна ацэньвае стан сельскай гаспадаркi ў вобласцi. Зерня намалацiлi ў 2000 годзе нiбыта шмат. Рэнтабельнасць склала ажно 75 працэнтаў. Аднак тая ж рэнтабельнасць да ўзроўню 1999 года знiзiлася на 9,5 пунктаў. Кожны рубель, укладзены ў вытворчасць бульбы, прынёс ў шэсць разоў меншую аддачу, чым ў 1999 годзе, хаця цяпер збор клубняў з гектара большы на 40 працэнтаў. Знiзiлася эфектыўнасць вытворчасцi цукровых буракоў i льновалакна.

Сукупная рэнтабельнасць сельскай гаспадаркi за мiнулы год склала 14 працэнтаў, цi на 7,1 працэнта нiжэй паказчыкаў 1999 года. Асаблiва пацярпела жывёлагадоўля. У 11 раёнах з 17 зiмовы рацыён нiзкай якасцi толькi падтрымлiваў жыццё жывёлы. Не лепшыя справы ў свiнагадоўлi. Выручкi ад рэалiзаванай прадукцыi не хапае для паўторнага цыкла вытворчасцi, не кажучы пра яе пашырэнне. Гаспадаркi адчуваюць востры недахоп абаротных сродкаў. У цэлым крэдыторская запазычанасць на 1-га красавiка склала 77,870 млрд. рублёў. У сярэднiм на адну гаспадарку вобласцi прыходзiцца амаль 300 мiльёнаў рублёў доўгу. Цiкава i тое, што асобна ўзятая гаспадарка вобласцi павiнна крэдыторам у сярэднiм у 1,5 раза больш (283 млн. руб.), чым сярэднi калгас Вiцебскай (189 млн.руб.) цi Гомельскай (164 млн. руб.). Цi трэба чакаць прагрэсу ў грамадстве, дзе бедны лiчыцца заможным, бо мае меншыя даўгi, чым багаты сусед? Навошта iмкнуцца працаваць лепш...

Ёсць праблемы ў аплаце працы калгаснiкаў. Палова гаспадарак з цяжкасцю забяспечвае своечасовую выплату заробку. Каля 10 працэнтаў ад iх агульнай колькасцi папросту не маюць крынiц для аплаты працы. Жабрачая аплата ледзь складае 45 тысячаў рублёў, цi 37 долараў. Да канца года, мяркуецца, кошт аднаго долара дасягне 1900 рублёў. Пры гэтым цэны ўзрастуць неймаверна i з’ядуць усе намiнальныя прыбаўкi да заробкаў. Мару пра сярэднюю аплату ў 100 долараў можна забыць...

Ужо вызначаны рубяжы, якiя трэба дасягнуць сёлета. Канечне, яны вышэй, чым у 2000 годзе. Але наколькi абгрунтаваны рэальна? Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што адсеецца – адсеемся. Праблемай стане ўборка вырашчанага. Па Беларусi плануецца атрымаць да 6 мiльёнаў тон збожжа, 7,5 млн. т – бульбы, 1,5 млн. т – цукровых буракоў, надаiць да пяцi млн. тон малака. Атрымаць да 900 тысяч тон мяса.

Прыгожыя лiчбы. Не забiўшы мядзьведзя, ўжо дзеляць шкуру. А як атрымаць запланаванае? На Гродзеншчыне, напрыклад, не хапае сродкаў для набыцця мiнеральных угнаенняў i сродкаў аховы раслiн. Запасы тукаў i сродкаў аховы раслiн пад ураджай бягучага года меншыя, чым летась. Вялiкая зношанасць тэхнiкi не адпавядае тэмпам яе аднаўлення: 2-6 працэнтаў пры нарматыве 10-12.

Гродзенскiя кiраўнiкi любяць паразважаць пра страты ад непарытэту цэнаў на сельскагаспадарчую i прамысловую прадукцыю, энергарэсурсы. За два гады кошт дызпалiва павялiчыўся ў 36 разоў, бензiна – амаль у 30, мiнеральных угнаенняў – у 10 разоў. У вынiку з агульнай запазычанасцi ў 77, 8 млрд. рублёў даўгi гаспадарак за электраэнергiю складаюць 31 млрд., за газ – 8. Закупачныя цэны на ялавiчыну за два гады выраслi ўсяго ў 10 разоў. На свiнiну – у 14 i на малочныя прадукты – у 11-12 разоў. Добра было б да гэтага пералiку дадаць канкрэтныя сумы атрыманых ад дзяржавы iнвестыцый.

Праблемы аграрнiкаў сталi ўжо болем усёй краiны. Да абмеркавання сiтуацыi падключаны дэпутаты i мiнiстры, фiнансiсты i эканамiсты. Усе гавораць аб неабходнасцi рэформавання сельскай гаспадаркi. Пачалася пасяўная, а нiчога не мяняецца. Цi не таму, што ўдасканальваць стратныя гаспадаркi даручана ўладам на месцах? А тут клопат адзiн: хаця б адсеецца своечасова, тэхнiку адрамантаваць, а рэформы пачакаюць. Крый Божа, яшчэ што не так зробiш. Зверху, яно вiдней, няхай самi i праводзяць. Прэзiдэнт разумны, давядзе да ладу...

Народ жа спадзяецца на сябе. Гараджане вобласцi спажылi ў 2000 годзе 83,5 працэнта бульбы, 65,1 – гароднiны, 49 працэнтаў – садавiны i ягад, вырашчаных на дачных участках цi на зямлi сваiх родных. Каб не гэтая акалiчнасць, цяжка было б. Сельскi жыхар меў 53,1 працэнта мяса з уласнай гаспадаркi, гарадскi – 11,3 працэнта. У сярэднiм на душу насельнiцтва па вобласцi колькасць спажываемых калорый склала 2525,6 ккал у суткi. Для работнiка фiзiчнай працы патрэбна 4000-6000...

Мяса i мясапрадуктаў спажываецца ў сярэднiм на аднаго члена дамашняй гаспадаркi 47,6 кг у год, рыбы – 10,8, хлеба i хлебабулачных прадуктаў – 104, 3, малака i малочных прадуктаў – 301,6, гароднiны – 79,4, садавiны i ягад – 32, 6 кг. Так i жывём. Летась прадпрыемствы харчовай прамысловасцi Гродзеншчыны знiзiлi аб’ём выпуску мясных вырабаў на 15,6 працэнта, мукi – на 3,1, малочнай прадукцыi – на 9,4, макаронных вырабаў – на 28,9 працэнта.

I яшчэ адзiн факт. У «багатай», у параўнаннi з iншымi абласцямi Гродзеншчыне, летась доля насельнiцтва з даходамi нiжэй бюджэта пражытачнага мiнiмума склала 42, 2 працэнта. Гэта 184,8 тысячы сем’яў з агульнай колькасцi 456,9 тысяч хатнiх гаспадарак. У 1995 годзе такiх было 37,6 працэнта. У 2005 годзе?

Сiтуацыя ў сельскай гаспадарцы вобласцi складаная. 35 гаспадарак завяршылi 2000 год са стратамi. У 159 калгасах i саўгасах узровень рэнтабельнасцi склаў да 15 працэнтаў, у 88 – ад 15 да 40. I толькi 12 гаспадарак перакрочылi рубеж 40 працэнтаў.

Гродзенская вёска вымiрае. За перыяд з 1955 па 1999 год колькасць сельскага насельнiцтва зменшылася на 46,5 працэнта. Сёння толькi ў пяцi сельскiх населеных пунктах жыве больш двух тысяч чалавек. У большасцi 4000 вёсак пераважае ад 51 да 100 i ад 26 да 50 чалавек. У 336 вёсках налiчваецца пяць i менш жыхароў. У 1998 годзе натуральны спад сельскага насельнiцтва закрануў усе раёны вобласцi.Назiраецца значны працэс старэння вёскi, асаблiва ў Слонiмскiм, Карэлiцкiм i Зэльвенскiм раёнах.

Напрошваюцца вывады. Калi здае пазiцыi сельскагаспадарчая Гродзеншчына, якая штогод перамагае ў спаборнiцтве астатнiя вобласцi Беларусi, то якiя паказчыкi маюць калгасы i саўгасы Мiншчыны, Гомельшчыны, Магiлёўшчыны (там святкавалi ў 2000 годзе «багатыя» дажынкi!), Вiцебшчыны, нават Брэстчыны? Летась было намалочана, на дзiва, больш зерня, чым чакалася. Не сапсавала агульнай карцiны нават непрадказальная вясна з халадамi i маразамi. Ураджай атрымаўся. А чаму такой галоднай сталася зiмоўка для жывёлы? Чаму цэны на хлеб i хлебабулачныя вырабы па-ранейшаму скакалi толькi ўверх? Чаму жыццё грамадзян не палепшылася, а пагоршылася? У нас жа, па заклiнаннях кiраўнiцтва краiны, стабiлiзавалася эканамiчнае становiшча. А можа, мiнулагодняя ўраджайнасць была «зададзена» прэзiдэнтам, як той дождж , абяцаны iм жа старшынi калгаса ў спякотны час? Чаму так раптоўна перасталi дзяржаўныя газеты ўспамiнаць веснавыя страты па вiне прыроды, значныя перасевы плошчаў? Цi не таму, што наперадзе былi выбары ў так званую палату прадстаўнiкоў? Без аптымiзму цяжка загнаць народ на выбарчыя ўчасткi. Вось i пагрымелi на паперы ўяўнымi намалотамi. Хто лiчбы праверыць?

Дарэчы, аб праблемах гродзенскай вёскi пiсаў у сваiм адкрытым пiсьме Аляксандру Лукашэнку «Не абражайце маiх землякоў» («Народная воля», 3 лiстапада 2000 г.) былы старшыня Гродзенскага аблвыканкама i абласнога Савета дэпутатаў, сябра Прэзiдыума Вярхоўнага Савета Беларусi 13-га склiкання Сямён Домаш. Прыведзеныя ў артыкуле лiчбы стратаў i даўгоў калгасаў i саўгасаў за мiнулы час падвоiлiся i патроiлiся. Узнятыя вядомым палiтычным дзеячам пытаннi засталiся без адказу. Вёска працягвае скатваццца ў багну.

Сёлета прэзiдэнцкiя выбары. Зноў трэба чымсьцi пераканаць людзей у прэзiдэнцкай «мудрасцi» i правiльнасцi яго палiтыкi. Дзяржаўныя СМI дружна забiлi ў барабаны бадзёрасцi. Вясковец моўчкi зашпiлiў фуфайку на ўсе гузiкi. Гродзенская калгасная вёска распачала барацьбу за ўраджай. На гэты раз да светлых перамог яе вядзе новы старшыня аблвыканкама. Харчовая бяспека краiны вымагае подзвiгаў. Вынiкi будуць падлiчаны ўвосень.

Антон ЛАБОВIЧ

Назад