Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

Культура

«Мы – жменька зярнят у прасторы...»

Гродзенцы адзначаюць 160-ю гадавiну з дня нараджэння сваёй зямлячкi, прызнанай польскай пiсьменнiцы Элiзы Ажэшкi (6.6. 1841 – 18.5.1910). Адкрыты мемарыяльны пакой у доме, у якiм лiтаратарка жыла, i адкуль яе праводзiлi ў апошнi шлях. Калi чытачам добра вядома творчасць Ажэшкi, то куды менш — аб шырокай перапiсцы «Каралевы жывога слова i пакутлiвай праўды» (Францiшак Багушэвiч). Сярод аўтараў шэрагу пiсьмаў быў i вядомы ўкраiнскi пiсьменнiк, вучоны, грамадскi дзеяч Iван Франко. На той час Львоў уваходзiў у склад Аўстра-Венгрыi.

Элiза Ажэшка даслала лiст Iвану Франко 20 сакавiка 1886 года. «Не ведаю, цi займаецеся польскай лiтаратурай, цi вядома Вам iмя адной з прадстаўнiц гэтай лiтаратуры. Як пiсьменнiца прадстаўлюся Вам дзвума сваiмi апавяданнямi, якiя дасылаю разам з гэтым пiсьмом... Год ужо, як давялося мне займацца русiнскай (украiнскай) мовай i лiтаратурай. Колькi прычын пацягнула мяне на гэта, але найбольш непасрэдна з iх было карэспандаванне з маiмi землякамi, што жывуць на Украiне. Яны прасяклiся гарачай сiмпатыяй да мясцовага люду, працавiта вывучаюць яго мiнуўшчыну, звычаi i ўсе праявы нацыянальнага духу. Ад iх я даведалася тыя рэчы, што зацiкавiлi мяне...

Запазнанне з маларускай мовай не ўяўляе дужа цяжкасцi. Нарадзiлася я ў Гродзенскай губернii i большую частку жыцця жыла на вёсцы сярод беларуска-украiнскага люду. Праўда, лiтаратурная мова значна рознiцца са штодзённай мовай люднасцi, таму слоўнiк пры чытаннi мне быў непазбежны. З дапамогай слоўнiка я прачытала «Кабзар» Шаўчэнкi, збор паэзii i драмы Кастамарава i Катлярэўскага, апавяданнi Ваўчок, Нечуя, Барвiнка. Апошнiмi днямi – два цудоўныя Вашы, шаноўны пане, творы – «Захар Беркут» i «На дне». Апрача таго, поўны 1885 год выпiсвала львоўскае «Дiла». Але расейская цэнзура мне ў гэтай газеце выразала цэлыя матэрыялы i чорным тлушчам закрывала цэлыя калонкi. Так што амаль нiчога для чытання не заставалася...».

Гродзенская пiсьменнiца запэўнiвае Iвана Франко, што ёсць шмат прычын вычарпальна вывучаць малароскую нацыянальнасць, бо «маю тут сур’ёзныя лiтарацкiя i грамадскiя мэты». Напачатку хоча перакласцi адну вялiкую аповесць i пару навэл, напрыклад, «Захара Беркута». Ажэшка просiць Франко ўсе пiсьмы да яе дасылаць па-украiнску, бо «у чытаннi твораў малароскiх набрала спраўнасцi», а таксама адказаць на шэраг пытанняў па геаграфii Львоўшчыны, адносiнаў да Беларусi, граматыкi, гiсторыi малароскай лiтаратуры, «адрозненняў мовы маларускай ад чырвона-рускай».

Праз два тыднi пошта прынесла адказ са Львова. Iван Франко дзякуе за лiст i дасланыя кнiгi, пiша, што iмя Элiзы Ажэшкi «як выдатнага прадстаўнiка перадавога i здаровага духу ў польскай лiтаратуры мне даўно вядома, i што з вялiкай раскошай чытаў Вашы апавяданнi з яўрэйскага жыцця («Элi Маковер», «Мэiр Эзафовiч»), абразкi «З розных сфераў». На небасхiле цяперашняй польскай белетрыстыкi Вы ўяўляеце для мяне зорку першай велiчынi».

Пiсьменнiк паведамляе, што польскай мовай валодае хаця i не зусiм добра, але пiша карэспандэнцыi ў мясцовы штомесячнiк «Пшэглёнд спулэчны» па-польску – «я ж скончыў польскую гiмназiю ў Драгобычы».

З пiсьма Iвана Франко вынiкае пра цяжкi стан газеты «Зоря» – адзiнага лiтаратурна-навуковага выдання, пры якiм пiсьменнiк «нiбыта» рэдактар, але таксама супрацоўнiк i карэктар, i друкаваць, што хацелася б, не можа. Надрукаваць уласную кнiгу немагчыма, бо толькi «за свой кошт, а я такi чалавек, што хутчэй самому патрэбен заробак, чым выдаткi».

«А цяпер пераходжу да Вашых спецыяльных пытанняў. Геаграфiя. Беларусь у нас не залiчваюць да Украiны. Прызнаюць за беларусамi права да самастойнага нацыянальнага развою...

Тое, што Вы, ласкавая панi, хочаце узяць на сябе цяжар перакладу «Захара Беркута», мяне трохi здзiвiла. Цi варта мая мiзэрная проба, каб над ёй мучылася такая вялiкая пiсацелька, арыгiнальныя творы якой бязмерна вышэй стаяць ад маiх. Але калi Вы сапраўды думаеце штосьцi зрабiць для свайго грамадства, то магу толькi парадавацца таму, i зразумела з найвялiкшай ахвотай даю свой дазвол».

Франко ведае, што Элiза Ажэшка — папулярная аўтарка. За 20 гадоў лiтаратурнай дзейнасцi з-пад яе пяра выйшлi творы «Пан Граба», «Марта», раман «Пампалiнскiя», аповесцi «Элi Маковер», «Маер Эзафовiч», «Дзюрдзi», «Нiзiны». На час перапiскi працавала над рукапiсам рамана «Над Неманам», працавала над аповесцю «Хам». Не мог не ведаць, што пiсьменнiца-дэмакратка ўдзельнiчала ў нацыянальна-вызвольным паўстан-нi 1863 года, за што была выслана ў Гродна без права выязджаць з горада на працягу трох гадоў.

Iх аб’ядноўваў агульны мяцежны стан душы, аднолькава душыла атмасфера як царскага рэжыму, так i аўстра-венгерскай дэспатыi. Абодва ненавiдзелi ўдушэнне беларускага, польскага i ўкраiнскага народаў, цэнзуру, якая ўчэпiста трымала ў полi зроку кожнага творцу. Нездарма Элiза Ажэшка ў чарговым пiсьме адзначыла:

«Час цяпер такi цяжкi, так напоены жоўцю i воцатам, што iншы раз думаю: хто ведае, як будзе далей...

Да навучання, чытання i пiсання маю бязмежнае замiлаванне, таму спрыялi i асаблiвыя акалiчнасцi майго жыцця...

Дастала многiя рэкамендаваныя Вамi ўкраiнскiя кнiгi.Чым больш чытаю, тым мацней адчуваю дзiўную слодыч i паэзiю гэтай лiтаратуры, чыстая яна, як крышталь, цёплая, як летнi вечар, неспадзявана арыгiнальная, да любой iншай, мне вядомай, непадобная. Бракуе ў ёй астрынi думкi, не знайшла яшчэ ўсiх струнаў людскога пачуцця. Здаецца, што Вы, шаноўны пане, прызначаны, каб улiць у яе больш фiласофскай першаасновы. Грунтуюся пры гэтым на Вашых аповесцях «Удаў» i «На дне».

Элiза Ажэшка закранае ў сваiх пiсьмах не толькi лiтаратурныя стасункi. Таксама звяртаецца да грамадска-палiтычных праблем грамадства. Падкрэслiвае, што не ведае жыццё польскага i ўкраiнскага насельнiцтва ў Галiцыi, але можа гаварыць пра ўласныя назiраннi. Разважае аб нацыянальнай большасцi, «якая часта хварэе на розныя старажытныя мiфы – паланiзацыю, мiсiянерскую выключнасць ў адносiнах да суседнiх народаў, патрыятычны шавiнiзм i г.д. – дык апроч гэтай большасцi iснуе яшчэ спорая колькасць шырокiх i вольных розумаў, што лiчаць усялякiя русiфiкацыi, паланiзацыi, германiзацыi i таму падобнае недарэчнасцю i амаральнасцю».

Пiсьменнiца з Гродна падкрэслiвае вялiкае значэнне для развiцця грамадства моцнай меншасцi, калi яна згрупаваная i дзейнiчае разам. Аднак, на жаль, «тут няма нiякай арганiзацыi i аб’яднанне немагчыма пад нiякiм знакам, на нiякiм полi. Мы – гэта жменька зярнят, жорсткай рукой кiнутых у прастору...».

Iван Франко на гэтыя заўвагi адказвае, што ў Галiцыi сiтуацыя нiчым не лепшая, «нiшчыць нас уплыў нямецкай школы i цесната светапогляду... Хаця мала ў нас iнтэлiгенцыi, ды i тая разбiта на атамы, ваюе памiж сабой за азбуку, за правапiс, за мову, за фантастычныя мары аб будучынi. У той час не бачыць таго, што найбольш патрэбна, чаго трымацца, куды i за кiм iсцi ўслед».

Украiнскi грамадскi дзеяч ведае, аб чым гаворыць. Яго аналiз украiнiзацыi 60-х – 70-х гадоў 19-га стагоддзя сведчыць пра глыбокую занепакоенасць станам «тэарэтычнай абароны самастойнасцi малароскага народа» з боку iнтэлiгенцыi замест ранейшых практычных захадаў.

Сам пiсьменнiк за сваю рэвалюцыйную дзейнасць тройчы сядзеў у турме. Яго вершы «Каменяры» i «Гiмн» асуджаюць прыгнёт, клiчуць да барацьбы за нацыянальнае вызваленне. Сын каваля з мяцежным сэрцам, Iван Франко добра разумее душэўны стан Элiзы Ажэшкi з далёкага Гродна, якой наканавана ўсё жыццё быць пад кантролем цэнзуры i наглядам палiцыi. На час перапiскi Франко выдаў чарговы зборнiк «З вяршынь i нiзiн» (1887), у якiм па-ранейшаму клiкаў украiнцаў да свабоды. Годам раней свет пабачыла камедыя «Рабiнэ». Наперадзе чакалi кнiгi «Турэмныя санеты», «Мой iзмарагд», «З дзён журбы», паэма «Майсей», драма «Украдзенае шчасце». Яму было нададзена ганаровае званне доктара фiласофii i доктара рускай славеснасцi. Iван Франко перажыў Элiзу Ажэшку на шэсць гадоў.

Не спраўдзiлася жаданне Элiзы Ажэшкi выдаць уласныя пераклады асобнай кнiгай «Украiнская анталогiя». Яна шмат працавала над раманам «Над Нёманам», хварэла. Iншыя пераклады апавяданняў свайго ўкраiнскага знаёмага здолела змясцiць у найбольш прагрэсiўных выданнях. Засталiся, забароненыя цэнзурай, у чарнавiках яе працы аб украiнскай лiтаратуры. Iван Франко не здолеў надрукаваць альманах «Поступ» з творамi Ажэшкi. Пiсь-меннiкi нiколi не сустракалiся, хаця пераслалi адзiн другому фотаздымкi. Пiсьмы захавалi цеплыню адносiн, шчырую павагу i агульную закаханасць у лiтаратуру, веру ў здольнасць польскага i ўкраiнскага народаў быць свабоднымi.

Беларусам Элiза Ажэшка прысвяцiла такiя радкi: «Хачу абавязкова пазнаць добра беларусiнаў, у моры якiх мы з’яўляемся астраўком, шмат пра iх пiсаць». Гэтаму пiсьменнiца прысвяцiла ўсё жыццё.

Антон ЛабовIЧ

Назад