Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

22 кандыдаты - хто з іх "народны", "наменклатурны", "прамаскоўскі"?

"Экспертыза Свабоды", прысвечаная падвядзенню вынiкаў кампанii рэгiстрацыi iнiцыятыўных групаў кандыдатаў у прэзыдэнты.

Эксперты: Вiталь Цыганкоў, Алег Груздзiловiч, Уладзiмер Глод

Цяпер, калi iнiцыятыўныя групы прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта Рэспублiкi Беларусь зарэгiстраваны, можна аналiзаваць нейкую канфiгурацыю прэзыдэнцкай кампанii, тое, якiя блокi могуць стварыць гэтыя кандыдаты.

У нашай апошняй экспэртызе мы гаварылi пра тое, што ў гэтай выбарчай кампанii адрозна ад выбараў 1994 году даволi мала выпадковых людзей. Але апошнiя два днi, асаблiва ў пятнiцу, падалi дакументы многiя, каго дакладна можна назваць выпадковымi.

Назавем толькi некаторыя прозвiшчы, каб паказаць, што гэтыя людзi ад прэзыдэнцкай кампанii найперш чакаюць падвышэння свайго рэйтынгу, сваёй стаўкi ва ўласнай прафесiйнай дзейнасцi. Гэта найперш бiзнэсоўцы - Данькоў, дэпутат "палаты прадстаўнiкоў" i бiзнэсовец Скрабец, а таксама даволi вядомы артыст Крыжаноўскi i некаторыя iншыя.

Думаю, не варта пералiчваць гэтыя прозвiшчы, а варта спынiцца на тым, якi старт прэзыдэнцкай кампанii дае той факт, што падалi дакумэнты 25 iнiцыятыўных групаў?"

Глод: "Мне здаецца, што лiчба 25 мае i адмоўны, i разам з тым станоўчы эфект. Што я маю на ўвазе, кажучы пра станоўчы эфект? Калi сёння шмат хто пытаецца: а хто ж будзе альтэрнатывай Лукашэнку, альтэрнатывы, маўляў, няма - дык мы бачым, што ёсць ажно 24 асобы, якiя лiчаць сябе альтэрнатывай Лукашэнку. I гэта безумоўна станоўча.

Але з другога боку, з'яўленне такiх фiгур дае адмоўны эфект. Лукашэнку вельмi лёгка цяпер выкарыстоўваць народную прымаўку - казаць, што гэта несур'ёзныя людзi, "i жук i жаба" лезуць у прэзыдэнты".

Груздзiловiч: "У гэтым я згодны з Уладзiмерам Глодам. На маю думку, гэта будуць не выбары памiж рознымi iдэалогiямi, а выбары за Лукашэнку цi супраць. Тое, што знайшлiся 24 чалавекi, якiя сябе вызначаюць апанентамi Лукашэнкi, гэта выдатна, гэта сведчыць пра тое, што цяперашнi прэзыдэнт грамадству ўжо надакучыў.

Але варта пагадзiцца з заўвагай наконт таго, што прэтэндэнтаў замнога, i галоўнае, сярод iх мала пазнавальных. Фактычна цалкам пазнавальныя толькi Лукашэнка i Пазьняк".

Цыганкоў: "Гаворачы пра колькасць кандыдатаў, варта адразу адзначыць, што большасць з iх не дойдзе да наступнага этапу, не збярэ неабходных 100 тысяч подпiсаў. Я ўжо не кажу пра нейкiя процiдзеяннi ўлады, а мяркую паводле рэсурсаў прэтэндэнтаў.

Нагадаю, у 1994 годзе пачыналi выбарчую кампанiю 18 чалавек, а на фiнiшную прамую выйшлi 6 кандыдатаў, за якiх ужо галасавалi людзi. На маю думку i без уздзеяння ўлады наўрад цi колькасць тых, хто дойдзе да выбараў, будзе большай за 10 чалавек. А яшчэ трэба ўлiчваць, што ўлада пэўна будзе рабiць свой адсеў, свой выбар.

Сацыёлагi яшчэ за некалькi месяцаў да выбараў вызначылi тры ўмоўныя варыянты, схемы, паводле якiх альтэрнатыўны кандыдат можа перамагчы Лукашэнку. Гэта, умоўна кажучы, "наменклатурны", "народны" i "прамаскоўскi" кандыдат.

Паспрабуем паразважаць, якiя з кандыдатаў у гэтыя схемы ўпiсваюцца, хто з iх больш падыходзiць да гэтых плыняў?"

Глод: "Калi адысцi ад канкрэтных iмёнаў, то перамога Лукашэнкi ў 1994 годзе азначала адыход ад улады мiнскай прамысловай групоўкi.

Прыйшла тады нейкая магiлёўская - напалову аграрная, напалову невызначаная групоўка. I зараз мiнчукi, здаецца, хочуць узяць рэванш. I фiгура, якую яны для гэтага абралi, даволi цiкавая i, на маю думку, прахадная - гэта Мiхаiл Марынiч. Я не выключаю, што за iм стаiць i Мiхаiл Мясьнiковiч, i нават Уладзiмер Ярмошын.

Усе гэтыя людзi цалкам звязаныя мiж сабой працай у сталiцы Беларусi, звязаныя з прамысловасцю. Гэтыя людзi ў пэўнай ступенi хочуць рынкавых пераменаў. Таму я думаю, што наменклатурны варыянт будзе найперш замыкацца на фiгуры Марынiча".

Груздзiловiч: "Наконт "народнага" i "прамаскоўскага" кандыдата. Мне здаецца, што з'яўленне Наталлi Машэравай прэтэндуе аб'яднаць гэтыя два паняццi. Па-першае - "народны", дык тут усё звязана з прозвiшчам Машэрава, i людзям не трэба нiчога тлумачыць. А па-другое, "прамаскоўскi", бо сёння ёсць прыкметы, што менавiта на яе могуць паставiць у Маскве.

Калi ёй забяспечаць фiнансавую i iдэалагiчную падтрымку праз пэўныя расiйскiя СМI, калi будуць нейтралiзаваныя яе канкурэнты, калi ёй створаць спрыяльнае для Масквы амплуа, тады яна можа аб'яднаць гэтыя два кампаненты i якасна падвысiць свае шанцы стаць прэзыдэнтам".

Цыганкоў: "Мне здаецца, са з'яўленнем Машэравай можна перагледзець некаторыя тэзiсы, якiя былi ўжо неяк утрамбаваныя ў думкi аналiтыкаў.

Напрыклад, тое, што ў Беларусi не можа перамагчы жанчына. Гэта быў даволi абстрактны тэзiс, не звязаны з канкрэтным прозвiшчам. А па-другое, жыццё паказвае, што часам беларускiя выбаршчыкi абвяргаюць самыя правiльныя пабудовы сацыёлагаў. Iх разбурае нейкая асоба альбо абставiны, i людзi выбiраюць тых, хто не падпадаў пад схемы аналiтыкаў i сацыёлагаў".

Груздзiловiч: "Роля Машэравай пакуль што ёсць iнтрыгай гэтых выбараў. Цi сапраўды яна прэтэндуе на галоўныя ролi альбо яна выконвае другасныя?

Пры гэтым другарадная роля можа быць дваiстай. Першы варыянт: яна працуе на Лукашэнку i кансалiдуе электарат, якi сумуе па савецкiм часе. А потым аддае свае галасы Лукашэнку.

Другi варыянт: Машэрава гуляе на баку Масквы, яна супраць Лукашэнкi. На гэта сведчаць апошнiя звесткi - што яна ездзiла ў Маскву пасля таго, як ёй прапаноўвалi пасаду вiцэ-прэм'ера Беларусi ды адмовiлася ад гэтай пасады.

Другая iнтрыга - з'яўленне Марынiча. Зараз уся беларуская наменклатура ў роспачы. Яна не ведае, як гэта тлумачыць. Цi значыць гэта, што сапраўды ёсць велiзарная моцная групоўка (усiм здавалася, што iх ужо няма), i калi яна ёсць, то наменклатура зараз не ведае, што рабiць. Гэты час вызначальны для яе".

Глод: "Так, Наталля Машэрава будзе таксама знакавай фiгурай разам з Лукашэнкам i Пазьняком. Зараз улады будуць перад цiкавым выбарам. Калi будзе шмат кандыдатаў у бюлетэнях, то прозвiшчы сур'ёзных кандыдатаў растворацца ў спiсе 12-14 асобаў. I гэта для ўлады добра. На мой погляд, найбольш цiкавай падзеяй выбараў будзе сiтуацыя, калi Машэрава, Марынiч i кандыдаты пяцёркi раптам аб'яднаюць свае сiлы. Тады выбарчая кампанiя набудзе абсалютна новы характар".

Цыганкоў: "Калi гэта сапраўды адбудзецца, зменiцца ўвесь малюнак кампанii. Але я хачу зазначыць, што ён ужо ў пэўным сэнсе змянiўся пасля таго, як зарэгiстравалi iнiцыятыўную групу Зянона Пазьняка.

Пазьняк - сапраўды знакавая фiгура. Часта ў правiнцыi (асаблiва заходняй) акрамя Лукашэнкi i Пазьняка iншых палiтыкаў людзi проста не ведаюць. З'яўленне Пазьняка ў пэўным сэнсе мяняе задачу пяцёркi. I асаблiва пазiцыю правацэнтрысцкага Сямёна Домаша. Пазьняк, калi збярэ галасы, калi дойдзе да таго, што ягонае прозвiшча з'явiцца ў бюлетэнях, безумоўна, найперш у Домаша забярэ галасы. I калi пяцёрка, як казаў Уладзiмер, пачне аб'ядноўвацца з Машэравай i Марынiчам, то Домаш якраз той чалавек, якi можа ў такой сiтуацыi ад пяцёркi адкалоцца. Калi ўжо фантазiраваць на тэму магчымых блокаў, то магчымае пэўнае зблiжэнне Домаша з Пазьняком. Для Домаша аб'яднанне з Машэравай i Марынiчам будзе непрымальнае, як для нiкога з пяцёркi".

Глод: "Не пагаджуся. На мой погляд, наадварот, Домаш якраз i будзе iнiцыяваць далучэнне пяцёркi да Марынiча i Машэравай. Калi Домаш, гэтага не зробiць, то можа застацца нi з чым. Са з'яўленнем Пазьняка Домаш, каб захаваць твар, павiнен прыцягнуцца да цэнтра".

Цыганкоў: "Але ж людзi не могуць галасаваць за пяцёрку - няма такога прозвiшча ў бюлетэнi. Гэта будзе нехта адзiн з iх. А хто будзе прадстаўляць левацэнтрысцкi блок, дапусцiм, з Машэравай i Марынiчам? Можа, Ганчарык, можа Чыгiр, але нiяк не Домаш. У такiм хаўрусе ён можа растрацiць свой электарат".

Груздзiловiч: "Мне здаецца, са з'яўленнем Пазьняка пра пяцёрку ўвогуле можна забыць. Яна раскалваецца. Не толькi Домашу давядзецца шукаць сваю новую нiшу. Вымушаны шукаць новых хаўрусьнiкаў i Чыгiр, якому абавязкова трэба дыстанцыявацца ад пяцёркi ды iсцi блiжэй да блоку з Машэравай, Марынiчам.

Яму трэба нешта зрабiць, каб вылучыцца на першыя ролi. Праблема i Чыгiра, i Калякiна, i Ганчарыка, што яны раствараюцца ў гэтым блоку, у пяцёрцы.

Трэба не забывацца, што акрамя такiх пазнавальных фiгураў як Пазьняк, Лукашэнка, Машэрава ў спiсе ёсць асобы, якiя могуць выскачыць як Пiлiп з канапель. Напрыклад, Сяргей Антончык. Калi ён здолее завалодаць сiтуацыяй i зрабiць нешта экстраардынарнае, ён можа зрабiцца трэцяй сiлай. Увогуле, адной з вялiкiх iнтрыгаў гэтых выбараў ёсць тое, што на нiшу трэцяй сiлы прэтэндуе шмат людзей, i шмат хто сапраўды можа ёй стаць".

Цыганкоў: "Гэтая кампанiя вымагае ад беларускiх палiтыкаў вялiкай iнтэлектуальнай i тэхналагiчнай працы. Столькi з'явiлася камбiнацыяў, што ўсiм прыйдзецца прапаноўваць сябе ў розныя блокi. Менавiта ад гэтага, ад таго, наколькi ўдасца розным палiтыкам згрупавацца, зразумець, што перад iмi адзiная мэта - ад гэтага залежыць перспектыва перамогi альтэрнатыўнага кандыдата. Гэта пытанне палiтычнай адказнасцi".

Груздзiловiч: "Галоўнае дасягненне гэтых выбараў на сённяшнi дзень я бачу ў тым, што ўсе кандыдаты вымушаныя крытыкаваць Лукашэнку i ствараць такi адзiны антылукашэнкаўскi фронт.

Вось кандыдат, якi зяўляецца амбасадарам Беларусi ў Латвii, Марынiч - ён выходзiць да людзей з лёзунгам "трэба спынiць тое, што краiна коцiцца ў тупiк, iдзе да безданi". Машэрава вымушаная казаць, што трэба шукаць iншы, новы курс да новага жыцця. Усе астатнiя вымушаныя пець тую ж песню.

Цяперашнiя ўмовы Лукашэнкi - як у таго ж Кебiча ў 1994-м, калi ўсе былi супраць яго. Лукашэнку будзе вельмi складана. Стартавыя магчымасцi для тых, хто жадае прыходу новай улады, ёсць".

Глод: "У Лукашэнкi па сутнасцi адзiн шанец - растварыць у гэтым вялiзным спiсе кандыдатаў знакавыя асобы".

Радыё "Свабода"

Р.S. Калi эксперты вялi гаворку, у цэнтрвыбаркам былi пададзены заяўкi на рэгiстрацыю 25 iнiцыятыўных груп. У аўторак вечарам было аб'яўлена, што зарэгiстравана толькi 22 з iх.

Назад