Канферэнцыя гэтай арганiзацыi, у якой бярэ ўдзел 175 краiнаў, 14 чэрвеня прыняла адмысловы параграф, наступствам якога можа быць пагаршэнне знешнеэканамiчнага становiшча Беларусi.
Як паведамiў рэгiянальны прадстаўнiк Мiжнароднай арганiзацыi працы Франк Хофер, беларускаму пытанню на жэнеўскай канферэнцыi надалi вялiкую ўвагу. Удзельнiкi абмяркоўвалi праблему iгнаравання ўладамi Беларусi мiжнародных стандартаў у сферы працы. Вынiкам ажыўленых дыскусiяў, як зазначыў спадар Хофер, сталася наступнае рашэнне канферэнцыi МАП: «Да Беларусi прынялi адмысловы параграф у сувязi з тым, што Камiтэт у справе свабоды асацыяцыяў прызнаў iстотнымi парушэннi краiнай мiжнародных канвенцыяў. Адмысловы параграф азначае, што найвышэйшы орган Мiжнароднай арганiзацыi працы -Канферэнцыя – лiчыць беларускую сiтуацыю надзвычайнай, яна патрабуе асаблiвай увагi мiжнароднай супольнасцi.
МАП не можа ўводзiць эканамiчных санкцыяў супраць парушальнiкаў. Але яна ўплывае на стаўленне да iх з боку iншых краiнаў, з боку Еўрапейскага Саюзу. Напрыклад, Еўрасаюз прадастаўляе дадатковыя гандлёвыя iльготы тым, хто выконвае мiжнародныя працоўныя стандарты. Беларусi цяпер нельга атрымаць такiх прэферэнцыяў», – паведамiў Франк Хофер.
Паводле ягоных звестак, супраць такога рашэння выступiла ўрадавая дэлегацыя Беларусi, што брала ўдзел у форуме, а таксама дэлегацыя Расii. Аднак Канферэнцыя не прызнала паўнамоцтваў беларускiх прадстаўнiкоў з той прычыны, што гэтая дэлегацыя была сфармаваная з парушэннем Статуту Мiжнароднай арганiзацыi працы.
Тым не менш, кiраўнiцы гэтай дэлегацыi Алене Колас форум МАП прадаставiў жэнеўскую трыбуну для тлумачэнняў. Яна запэўнiвала, што ўрад збiраецца спынiць антыпрафсаюзныя дзеяннi.
Iнакш лiчыць вiцэ-прэзыдэнт Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Уладзiмер Макарчук, якi ўрадавае абяцанне пракаментаваў наступным чынам: «Наш урад, наша ўлада прызвычаiлася тлумiць галаву як нашым грамадзянам, так i мiжнародным арганiзацыям. Яны гэта абяцаюць ужо 2 гады. Мiж тым, антыпрафсаюзныя парушэннi можна ўхiлiць iншым шляхам. З абраннем нармалёвага прэзыдэнта ўсе гэтыя пытаннi вырашылiся б адразу».
Радыё «Свабода»