Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

Інтэлігенцыя давярае Сямёну Домашу

«Фэст старасьвецкае культуры» адбыўся сёмы год запар у музеi матэрыяльнае культуры «Дудуткi», што пад Мiнскам. Ладзiў фэст вядомы пiсьменнiк i бiзнэсовец Яўген Будзiнас супольна з музычным калектывам «Беларуская капэла» на чале з Вiктарам Скарабагатавым.

Сёлетнi фэст, што адбыўся 23 чэрвеня, быў адметны не толькi рэпрэзентаванымi на iм новымi музычнымi творамi, але i гасцямi, сярод якiх вылучаўся патэнцыйны кандыдат на пасаду прэзыдэнта Сямён Домаш.

У цэнтры фэсту, як i зазвычай, была праграма лiтаратурна-музычнага салону «Ў маёнтку Ельскiх». Штогод у ёй рэпрэзентуюць вернутыя з забыцця творы беларускiх кампазiтараў ХVIII-ХIХ ст. Сёлета была рэпрэзентаваная музыка сям’i Агiнскiх. «Фэст старасвецкае культуры» вёў заснавальнiк i кiраўнiк «Беларускае капэлы» В. Скарабагатаў, якi прапанаваў абраць прэзыдэнтам фэсту кiраўнiка аб’яднання «Рэгiянальная Беларусь» Сямёна Домаша. I, як патлумачыў В. Скарабагатаў, выбар ягоны быў невыпадковы. Колькi гадоў таму С. Домаш, займаючы пасаду кiраўнiка Гарадзенскае вобласцi, спрычынiўся да адраджэння славутае Гарадзенскае капэлы, што цяпер носiць iмя яе заснавальнiка графа Антона Тызэнгаўза.

I гэта не адзiнае, што ён зрабiў для культуры. Прыкладам, падчас ягонага кiравання Гарадзенскаю вобласцю, каля пяцiдзесяцi тамтэйшых мастакоў атрымалi майстэрнi. Мала гаварыць пра культуру. Трэба ўсё з сузiральнага стану пераводзiць у практычнае рэчышча.

Народны паэт Рыгор Барадулiн шчыра пажадаў Сямёну Домашу, каб ён, калi дасць Бог, стаў прэзыдэнтам не толькi дудуткаўскага фэсту, але i ўсяе краiны, i дадаў да зычэнняў свой блiскучы вершаваны экспромт:

На вострае пытанне,

Хто прэзыдэнтам стане,

Адказ адзiн, вядома ж, -

Надзейны толькi Домаш!

Р. Барадулiн назваў Сямёна Домаша «карэнным беларусам, непаказным i грунтоўным».

З выступаў на дудуткаўскiм фэсце вiдаць, што значная частка iнтэлiгенцыi прыхiльна ставiцца да С. Домаша як да патэнцыйнага кiраўнiка дзяржавы. Iнтэлiгенцыя ўсведамляе патрэбу яднання ўсiх дэмакратычных сiлаў вакол адзiнага кандыдата.

В.МУХIН

Назад