Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

Пра шклоўскія страсці

Аляксандр Лукашэнка зноў рвецца да падаўжэння шляхам выбараў свайго прэзыдэнцкага тэрмiну. Таму сапраўдную цiкавасць выклiкаюць публiкацыi асобаў, якiя добра ведалi Аляксандра Рыгоравiча, працавалi поруч. Былая журналiстка шклоўскай раённай газеты «Ударны фронт» Вольга Паўлава выдала ў Маскве кнiгу «Шклоўскiя страсцi» (1999), ў якой асэнсоўвае сустрэчы з будучым прэзыдэнтам, яго блiжэйшае атачэнне, перадвыбарныя падзеi 1994 года. Перачытаць гэты твор карысна i сёння.

Вольга не хавае свайго першапачатковага захаплення смелым i напорыстым дырэктарам саўгаса «Гарадзец», якi не лез за словам у кiшэню, мог адстаяць уласную пазiцыю. Ён, ужо дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусi, лёгка расправiўся з начальнiкам раённай мiлiцыi палкоўнiкам Анатолем Якiмцовым, якога цiха адправiлi на пенсiю. У той барацьбе вызначыўся выкладчык шклоўскай спецшколы для дзяцей з аслабленым зрокам У. Канаплёў, сябра дзяцiнства Аляксандра Лукашэнкi. Разам з жонкай Уладзiмiр узначальваў мясцовае аддзяленне Фонду «Дзецi Чарнобыля». За мяжу на аздараўленне ездзiлi зусiм не хворыя дзецi. Гэта пацверджана фактамi, як i келейнае размеркаванне гуманiтарнай дапамогi. Скандальнае пытанне нават разглядалася на сесii райсавета. Але безвынiкова. Уладзiмiр Канаплёў пры падтрымцы ўжо прэзыдэнта краiны Аляксандра Лукашэнкi зрабiў крутую кар’еру: быў памочнiкам кiраўнiка дзяржавы, дэпутатам ВС, намеснiкам старшынi так званай палаты прадстаўнiкоў.

Аўтар кнiгi падрабязна спыняецца на выбарах у Вярхоўны Савет 1990 года. Дае характарыстыкi людзям, якiя прэтэндавалi разам з А. Лукашэнкам на дэпутацкi мандат, узгадвае закулiсныя iнтрыгi. Ужо тады Аляксандр Рыгоравiч выстаўляў сябе пакрыўджаным уладамi праўдашукальнiкам. Не цураўся лiшнi раз справацыраваць скандал, каб прымусiць людзей гаварыць пра сваю асобу. Напрыклад, адмовiўся загадзя запiсаць сваё выступленне для раённага радыё, паабяцаў прынесцi падрыхтаваны выступ. Замест 10 мiнут нагаварыў 19,5. Журналiстка была вымушана самастойна скарачаць тэкст, бо знайсцi дырэктара саўгаса аказалася немагчымым. Ён пасля абзаве Вольгу Паўлаву «паскудной бабёнкой» i абвiнавацiць у скамканасцi свайго радыёзвароту да выбаршчыкаў. А можа так i было задумана?

Напачатку 90-х Аляксандр Лукашэнка добра зразумеў, на чым можна зрабiць iмя. Крытыкаваў усiх i кожнага, але пры гэтым не забываў паказаць сябе ганiмым, гэткiм высакародным змагаром за iдэю. Ён карыстаўся папулярнасцю аўдыторыi. Выступленнi нагадвалi прадстаўленнi. Але ж гэта так даспадобы простаму чалавеку!

Меў дырэктар саўгаса «Гарадзец», як усе раённыя начальнiкi, прыватызаваны кавалак зямлi – 50 гектараў. Прылюдна, па рэспублiканскiм радыё схлусiў, адказваючы на пытанне дэпутата-калегi, што адмовiўся ад надзела. Аднак у родным Шклове ведалi, што дакументальна перадача ўчастка не аформлена. Раённы землеўпарадкавальнiк Аляксандр Гардзееў звярнуўся за тлумачэннямi да нардэпа Лукашэнкi, паўшчуваў таго i сказаў нешта пра сумленне. У адказ пачуў:

— Дзе, Саша, было сумленне, там вырас хрэн.

Шмат месца ў кнiзе адведзена амурным справам Аляксандра Лукашэнкi. Яго жонка Галiна Радзiвонаўна дагэтуль не пераехала да мужа ў Мiнск, неяк сказала: «А мяне туды нiхто i не клiча». З мужам заўсёды мела праблемы, асаблiва з-за яго слабасцi да жанчын. У малым горадзе нiчога не схаваеш. Так здарылася, што малады лектар шклоўскай раённай арганiзацыi таварыства «Веды» пазнаёмiўся з Надзеяй Вашкевiч. Райкам партыi аператыўна ўмяшаўся i хуценька адправiў Лукашэнку ў пагранвойскi зампалiтам роты. Надзея звольнiлася з працы па «асабiстаму» жаданню, размяняла кватэру i з дзецьмi пераехала жыць у Маладзечна.

Прыводзiць Вольга Паўлава i такi факт. Пасля вяртання Аляксандра Рыгоравiча з вайсковай службы ўслед за iм на работу ў саўгас «Гарадзец» уладкавалася Надзея Барташ. Яна мела двух сыноў. Меншы на дзiва меў падабенства на былога афiцэра пагранвойскаў. За вочы малога так i звалi – «лукашок». Пройдзе час i Надзея прыме прапанову прэзыдэнта ўзначалiць элiтную ўрадавую сельгасгаспадарку пад Мiнскам «Атолiна». Пакiнула след у жыццi А.Лукашэнкi i Ларыса Маськова.

У публiкацыi сустракаецца нямала прозвiшчаў, якiя сёння на слыху. Былы генеральны дырэктар гаспадарчага аб’яднання «Шклаўчане» Аляксандр Папкоў стаў вiцэ-прэм’ерам. Упраўляючая шклоўскiм аддзяленнем «Аграпрамбанка» Надзея Ермакова ўзначалiла праўленне «Беларусбанка»...

Вольга Паўлава расчаравалася ў Лукашэнку не адразу. Сама даводзiць: чым больш даведвалася пра Лукашэнку i яго атачэнне, тым большае расчараванне закрадалася ў сэрца. Са штрышкоў паводзiн, словаў, дробязных дэталяў вырысоўвалася сапраўднае аблiчча чалавека, якi напралом рваўся да ўлады. Акрамя жадання быць у цэнтры ўвагi, хваравiтага самалюбавання, заблытанасцi ў думках i дзеяннях, непрадказальнасцi ўчынкаў – нiчога не было. Можна ездзiць у суперсучасных iншамарках, апранаць касцюмы ад лепшых куцер’е, мець шмат грошай – i быць духоўным жабраком, якому не па плячы пасада кiраўнiка дзяржавы, якi ад разумення гэтага мучыцца сам i мучыць 10-мiльённы народ.

Кнiга «Шклоўскiя страсцi» уводзiць чытача ў асяродак местачковага чынавенства звычайнага правiнцыйнага райцэнтра Шклоў, паказвае побыт яго насельнiкаў, iх клопаты i турботы. Менталiтэт тутэйшых грамадзян тлумачыць супярэчлiвасць iстоты цяперашняга кiраўнiка Беларусi. Вёску нiбыта перарос, а да горада так i не дайшоў. Прывычка саўгаснага дырэктара даводзiць сваё горлам засталася назаўсёды. За недахопам уласнай культуры i аўтарытарным стылем кiравання стаiць звычайны прымiтывiзм. Цi не таму Беларусь аказалася на задворках еўрапейскай цывiлiзацыi?

9 верасня адбудуцца чарговыя выбары прэзiдэнта. Сутнасць iстоты аднаго кандыдата падрабязна раскрыла ў сваёй кнiзе «Шклоўскiя страсцi» Вольга Паўлава. Аляксандр Лукашэнка зноў падрыхтаваў граблi для кожнага з нас. Засталося толькi наступiць...

Антон ЛабовIЧ

Назад