Ужо закончаны першы этап выбарчага працэсу – утвораны тэрытарыяльныя камiсii па выбарах Прэзiдэнта РБ, у iх склад па вобласцi не ўключаны нi адзiн з амаль 70 прадстаўнiкоў дэмакратычных партыйных i грамадскiх арганiзацый.
Два тыднi працягваецца збор подпiсаў за вылучэнне кандыдатаў, якiя на выбарах 9 верасня будуць змагацца за пасаду Прэзiдэнта. 22 зарэгiстраваныя iнiцыятыўныя групы збiраюць подпiсы выбаршчыкаў у падтрымку свайго прэтэндэнта. У сувязi з гэтым у жыхароў узнiкае многа пытанняў, на некаторыя з якiх мы паспрабуем даць адказ.
1. Кожны выбаршчык мае права падпiсацца ў падтрымку аднаго, цi некалькiх прэтэндэнтаў, калi да яго звернецца сябар адпаведнай iнiцыятыўнай групы.
2. Калi да вас звяртаецца нехта за подпiсам, прасiце яго паказаць пасведчанне сябра iнiцыятыўнай групы i ягоны пашпарт. Збiраць подпiсы мае права толькi той, у каго ёсць пасведчанне сябра iнiцыятыўнай групы гэтага кандыдата. Калi вам прапануюць паставiць подпiсы за некалькiх кандыдатаў адразу, патрабуйце ад такога зборшчыка пасведчанне сябра iнiцыятыўных груп усiх кандыдатаў.
3. Паглядзiце, каб у падпiсным лiсце зверху былi напiсаны цi надрукаваны прозвiшча, iмя, iмя па бацьку i дадзеныя аб тым кандыдаце, у падтрымку якога вас просяць паставiць подпiс. Не стаўце подпiс у незапоўненым падпiсным лiсце.
4. Не здзiўляйцеся, калi зборшчыкi подпiсаў просяць вас паказаць пашпарт. Яны павiнны запiсаць у падпiсны лiст вашы дакладныя пашпартныя дадзеныя.
5. Паставiўшы свой подпiс, Вы павiнны сваёй рукой запiсаць i поўную дату пастаноўкi подпiсу (напрыклад: 05.07.2001г.).
6. Зборшчык подпiсаў мае права азнаёмiць вас толькi з фотаздымкам i бiяграфiяй асобы, за якую ён збiрае подпiсы.
7. Забараняецца збор подпiсаў пад прымусам, за ўзнагароду, у працоўны час на прадпрыемствах i установах, калi подпiсы вас «просiць» паставiць прадстаўнiк адмiнiстрацыi.
Калi ў вас узнiкаюць пытаннi, цi вы сутыкнулiся з парушэннямi заканадаўства цi вашых правоў пры зборы подпiсаў, тэлефануйце: 77-39-75, 72-11-83.
Сяргей Мальчык.
Праваабарончы цэнтр «Вясна»