ЭКАЛОГiЯ
Каб выжыць, трэба быць у гармоніі з прыродай
Калi той, хто гаспадарыць на зямлi бескантрольна i без усялякай меры выкарыстоўвае мiнеральныя ўгнаеннi, хiмiчныя сродкi аховы раслiн, сiнтэтычныя гармоны i фiзiялагiчна актыўныя рэчывы, то гэта негатыўна ўплывае на здароў’е чалавека, скарачае працягласць яго жыцця. Iнтэнсiўныя тэхналогii даюць небывалыя ўраджаi, але пры гэтым забруджваецца паветра, глеба, паверхневыя i грунтовыя воды.
На шчасце, ужо ёсць альтэрнатыва традыцыйным падыходам, – экалагiчнае земляробства. Яно з’явiлася яшчэ ў сямiдзесятыя гады мiнулага стагоддзя ў краiнах Захаду. У Версалi, што побач з Парыжам, у 1972 годзе была створана Мiжнародная федэрацыя экалагiчнага земляробства, якая сёння аб’ядноўвае 300 арганiзацый з 60 краiн свету. З мiнулага году прадстаўлена тут i Рэспублiка Беларусь, – грамадскае аб’яднанне «Земляробства экалагiчнае». Паколькi аснову гэтага аб’яднання складаюць выкладчыкi i студэнты гарадзенскага аграрнага ўнiверсiтэта, то тут i праводзяцца пастаянна разнастайныя семiнары i сустрэчы з замежнымi спецыялiстамi ў галiне экалагiчнага земляробства.
Чарговы семiнар «Праблемы вытворчасцi экалагiчна чыстай прадукцыi ў Рэспублiцы Беларусь» праходзiў у Гродне ў рамках мiжнароднай праграмы «Зберажы росы белыя» пры падтрымцы ISAR/ USAID.
Беларусам не застаецца iншага выйсця, як сур’ёзна ўзяцца за развiццё экалагiчнага земляробства. Такая выснова напрошваецца пасля выступлення на семiнары кiраўнiка грамадскага аб’яднання кандыдата сельскагаспадарчых навук Сяргея Тарасенкi.
Чацвёртая частка тэрыторыi нашай краiны пасля Чарнобыльскай катастрофы забруджана радыёнуклiдамi. 830 тысяч сельскагаспадарчых угоддзяў пацярпелi ад тэхнагенных выкiдаў прамысловых цэнтраў. На 6% сельскагаспадарчых угоддзяў колькасць бiягенных элементаў перавышае гранiчна дапушчальныя канцэнтрацыi. Усе гэтыя фактары, уключна з эканамiчным крызiсам прыводзяць да таго, што нашыя людзi спажываюць няякасныя прадукты харчавання. Як вынiк, у нашай краiне скарачаецца працягласць жыцця, а ў некаторых рэгiёнах паказчыкi смяротнасцi перавысiлi паказчыкi нараджальнасцi. Ёсць вялiкая колькасць дзяцей, якiя ў той цi iншай ступенi церпяць ад захворванняў у сувязi з неспрыяльным экалагiчным становiшчам. Зразумела, што цалкам накармiць насельнiцтва Беларусi экалагiчна чыстымi прадуктамi сёння немагчыма. Але гэта можна зрабiць дзеля дзяцей, людзей сталага ўзросту i тых, хто мае разнастайныя захворваннi.
Як нi парадаксальна, але займацца экалагiчным земляробствам нас падштурхоўвае i цяперашняя беднасць краiны. Энергетычныя i сыравiнныя рэсурсы для вытворчасцi мiнеральных угнаенняў i хiмiчных сродкаў аховы раслiн рэзка падаражэлi. Таму самае разумнае – шукаць замену «хiмiчнаму прэсiнгу».
Альтэрнатыва ёсць. Гэта выкарыстанне арганiчных i зялёных угнаенняў, бiялагiчных сродкаў барацьбы са шкоднiкамi раслiн, правiльны севазварот.
Атрыманая з улiкам патрабаванняў экалагiчнага земляробства харчовая прадукцыя каштуе нятанна. Але паводле апытанняў, што былi праведзены на Гарадзеншчыне, 17% жыхароў нашай вобласцi гатовы спажываць такiя прадукты, нягледзячы на высокi кошт. Больш за 60% фермераў i дачнiкаў ў нашым рэгiёне згодны «жыць у гармонii з прыродай» i вырошчваць на сваiх участках экалагiчна чыстую прадукцыю. Зрэшты, першапраходцы ў гэтай новай справе ўжо ёсць. У калгасе «Шлях Ленiна» Лунiнецкага раёна экалагiчную сертыфiкацыю з удзелам спецыялiстаў з Германii правялi на 300 гектарах тарфянiкаў. Вырашчаныя там сталовыя буракi гаспадарка летась прадала ў Польшчу, атрымаўшы неблагую капейчыну. Замежныя партнёры таксама засталiся ў выйгрышы. Прайшла сертыфiкацыю i фермерская гаспадарка Трамбовiча ў Гарадзенскiм раёне, якая спецыялiзуецца на вырошчваннi яблык. Атрыманую ў мiнулым годзе прадукцыю фермер рэалiзаваў на завод па вытворчасцi дзiцячага харчавання.
Так што гэта справа вельмi i вельмi перспектыўная. Стрымлiвае яе адсутнасць у Беларусi прававой базы. Вельмi неабходны закон аб альтэрнатыўных сiстэмах вядзення сельскагаспадарчай вытворчасцi. I сябры грамадскага аб’яднання «Земляробства экалагiчнае» спадзяюцца, што такi прававы акт усё-такi з’явiцца. Аб гэтым яны напiсалi ў звароце, прынятым удзельнiкамi семiнару на адрас камiсii па аграрных пытаннях Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага Сходу. Але цi пачуюць iх ў сталiцы? Там яшчэ не разабралiся, што рабiць з «ляжачымi» калгасамi i ўсё спрачаюцца аб тым, быць цi не прыватнай уласнасцi на зямлю.
Раман ПЯТРОЎСКI
|