Хутка супраць Купалы паўстала ўся хеўра прыдворных лiтаратараў, крытыканаў i нянавiснiкаў яго таленту (Л.Бэндэ, М.Аляхновiч, I.Гурскi, А.Канакоцiн, Р.Мурашка, З.Жылуновiч, Я.Рамановiч). Непры- кметна за кратамi апынулiся яго лепшыя знаёмыя – Я.Дыла, В.Ластоўскi, А.Смолiч, С.Некрашэвiч, Я.Лёсiк, У.Пiчэта, Б.Эпiмах-Шыпiла, М.Гарэцкi, М.Грамыка, У.Дубоўка, А.Гурло, Я.Пушча, народны камiсар асветы А.Балiцкi, народны камiсар земляробства З.Прышчэпаў…Амаль усе яны былi расстраляны.
Купалу цягалi на допыты ў ГПУ. Яго зборнiкi заставалiся ў выдавецтвах. Зноў пачалi капацца ў бiяграфii, знайшлi газету «Звон» ад 17 верасня 1919 года, дзе быў змешчаны верш «Паўстань...», прыпiсалi яго прысвечаным нiбыта Пiлсудскаму. Раптоўна раскулачылi мацi i сясцёр, павезлi ў Котлас. Ледзь дамаглiся вызвалення. Павесiўся Ясенiн, застрэлiўся Маякоўскi. Калi вярнуўся з чарговага допыту, Купала адразу сеў пiсаць лiст старшынi ЦВК СССР i БССР Чарвякову...
Купала зрабiў спробу самазабойства. Каб не жонка Уладзiслава Францаўна, паэт бы загiнуў. Ён уласнай крывёю змыў з сябе цэтлiк лiдэра контрэвалюцыйнай арганiзацыi, якi старанна прыпiсвалi яму следчыя. Змыў i Усевалад Iгнатоўскi, якi застрэлiўся менш, чым праз год. Перад смерцю ён наведаў Янку Купалу.
...Можна ўявiць з якой радасцю Янка Купала прыехаў у Заходнюю Беларусь у 1939 годзе, адразу пасля 17-га верасня. Гэта быў глыток свежага паветра, вяртанне на сапраўды беларускiя землi. Ён выступае перад працоўнымi Беластока i Гродна, вяртаецца ў Мiнск праз Лiду, заязджае да свайго даўняга сябра.
У 1940 годзе паэт зноў у нашых краях. У той жа Лiдзе сустракаецца з Валянцiнам Таўлаем, Нiнай Тарас, Анатолем Iверсам, Пятром Гранiтам. Яшчэ адна паездка была зроблена перад самай вайной у 1941 годзе.
28 чэрвеня 1942 года Купала загiнуў. Ён упаў з дзесятага паверха гасцiнiцы «Масква». Сталася так, што ў пакоi Мiхася Лынькова зазванiў тэлефон i Лынькоў папрасiў усiх выйсцi на балкон, бо «вельмi важная размова». Кажуць, што ён перадаў трубку Купалу, той паслухаў i моўчкi выйшаў на лесвiчную пляцоўку. Нiбыта бачылi нейкую дзяўчыну, якая размаўляла з паэтам...
Пятро Глебка, удзельнiк той вечарыны, успамiнаючы 19 чэрвеня 1962 года той страшны вечар, адхiлiў усялякiя меркаваннi пра самазабойства Янкi Купалы. Ён хацеў жыць, бачыць вызваленне роднай Беларусi, адсвяткаваць свой 60-гадовы юбiлей.
Анатоль Астрэйка, якi амаль не адлучаўся ад Купалы, вiну за смерць паэта ўскладае на падначаленых Берыi. Яны сачылi за Купалам паўсюдна. У той вечар былi ў гасцiнiцы. Купала не раз, нетоячыся, крытыкаваў дзеяннi Сталiна, якога вiнавацiў у тым, што Беларусь «стогне i сцякае крывёю» пад фашысцiм ботам. Гэтыя размовы лёгка маглi падслухаць агенты «кампетэнтных органаў». Жонка паэта таксама трымалася такой жа думкi...
У 1957 годзе Уладзiслава Францаўна прыехала ў Гродна, удзельнiчала ў наданнi звання педагагiчнаму iнстытуту iмя Янкi Купалы. Ёй заставалася жыць два гады. Яна сардэчна прывiтала студэнтаў i выкладчыкаў. Прысутнiчала на канцэрце, добрую частку якога складалi творы яе мужа, пажадала моладзi памятаць Песняра, бо пра Гродна ён заўсёды быў вельмi высокай думкi. Каб не раптоўная смерць, сюды Купала прыехаў бы яшчэ не раз.
Вось такi роздум выклiкае чарговы дзень нараджэння Янкi Купалы 119 год таму...
Антон ЛабовIч