Аляксандр Канстанцiнавiч – заслужаны дзеяч культуры Беларусi, кампазiтар, педагог. Аўтар вядомых песен «Колькi ў небе зор», «Песня пра Гродна», «Ой, ты, Нёман родны». Яго песня «Колькi ў небе зор», якую ён прысвяцiў каханай жонцы, стала ўжо класiкай. Шыдлоўскi – «хросны бацька» многiх беларускiх кампазiтараў. Пры гродзенскiм абласным Доме народнай творчасцi, якi ён узначальваў у пасляваенны час, iснавала секцыя самадзейных кампазiтараў, дзякуючы якой гучна заявiлi пра сябе Семеняка, Iваноў, Захлеўны, Бандарэнка. Усё гэта iмёны, якiя добра ведаюць у музычным свеце.
Юбiлей Шыдлоўскага святкаваўся ў Гродзенскiм гарадскiм Доме культуры. Яго вiншавалi сябры, калегi, вучнi. Са сцэны гучалi песнi, якiя ён напiсаў. А сам Аляксандр Канстанцiнавiч успамiнаў тое, што перажыта. У гэтых успамiнаў асаблiвая каштоўнасць.
Шыдлоўскi – адзiн з выхаванцаў славутай Вiленскай беларускай гiмназii. Вось што нагадвае ён пра гады вучобы ў Вiльнi:
«Вiленская беларуская гiмназiя знаходзiлася каля самой Вострай Брамы. Гэта быў вялiкi двухпавярховы будынак, – Базыльянскiя муры. На другiм паверсе размяшчалася духоўная семiнарыя, а ўнiзе – беларуская гiмназiя. Паступiў я ў гiмназiю ў 1927 годзе.
Гэта быў сапраўдны беларускi асяродак. I настаўнiкi, i вучнi размаўлялi толькi па-беларуску. У гiмназii выкладалi такiя выдатныя педагогi як Iгнат Дварчанiн, Рыгор Шырма.
У Вiленскай беларускай гiмназii я правучыўся няпоўныя тры гады. Яна назаўжды засталася ў маёй памяцi».
Падрыхтаваў Раман ПЯТРОЎСКI