Крэва
Свята для абодвух народаў
З 7 на 8 лiпеня на руiнах Крэўскага замка лiтоўцы Гродзеншчыны адзначалi 748 угодкi каранацыi Мiндоўга. Наладзiлi свята прадстаўнiкi гродзенскага таварыства лiтоўцаў «Цiвiне» («Радзiма») на чале з Альгiсам Дзiргiнчусам.
Трэцi год запар лiтоўцы Гродзеншчыны збiраюцца на руiнах Крэўскага замка з тым, каб адзначыць пачатак станаўлення дзяржавы Вялiкае княства Лiтоўскае. У свяце традыцыйна бяруць удзел мноства гасцей з Лiтвы, а таксама жыхары Крэва i навакольных вёсак. Традыцыя правядзення мерапрыемства менавiта ў Крэва звязана з тым, што тры гады таму ўлады Навагрудка адмовiлi iм ў святкаваннi на Замкавай гары. Смаргонскiя ж улады аказалiся больш гасцiнныя i спрыяльна паставiлiся да традыцый мясцовых лiтоўцаў. Зрэшты, па словах кiраўнiка лiтоўскага таварыства з Гродна А.Дзiргiнчуса, каранацыя Мiндоўга, ад якой i вядзецца адлiк утварэння ВКЛ, згодна з крынiцамi Ватыкана, адбылася нават не ў Навагрудку, а ў Вiльнi.
Крэва, магчыма, адно з самых цiкавых гiстарычных мясцiн на тэрыторыi нашай вобласцi. Менавiта ў Крэўскiм замку у вынiку барацьбы за вялiкакняжацкую ўладу трагiчна загiнуў князь Кейстут, адсюль з палону ад Ягайлы скрала жонка князя Вiтаўта, перапрануўшы яго ў адзенне служанкi, менавiта тут у жнiўнi 1385 года была заключана Крэўская ўнiя – дагавор пра аб’яднанне ВКЛ з Каронай Польскай, у вынiку якога ў 1410 годзе на Грунвальдскiм полi сумеснымi намаганнямi ўдалося спынiць нашэсце крыжакоў на нашы землi. Гiсторыя тоiць мноства легендаў i гiстарычных фактаў аб гэтых мясцiнах. На жаль, так i невядомых для сучасных яе жыхароў. Уявiце сабе, што рэшткi Крэўскага замку знаходзяцца на вулiцы Дзяржынскага, а шыльда, прымацаваная на мурах, яшчэ з часоў БССР.
Пад цеплым дожджыкам я любаваўся замкам з вышынi Юравай гары. Некалi тут заўсёды стаяў вартавы, якi падаваў знакi небясьпекi для тых, хто быў у замку. На рэдкасць, замак збудаваны не на ўзвышшы, як гэта звычайна рабiлася, а практычна ў балоце, акружаны вялiкiмi ўзгоркамi. Я зайздросцiў гэтаму вартавому сярэднявечча, магчыма, блiзкаму майму продку, бо ён бачыў больш прыгожы i цiкавы пейзаж. Мне гiсторыя заставiла толькi рэшткi сцен з непакароных каменняў. Ды яшчэ невялiчкае мястэчка, у якiм працуе толькi адна крама, а ў некалькiх астатнiх забiтыя вокны. Нашчадкi тых, хто будаваў замак, абараняў яго i тварыў гiсторыю сваёй дзяржавы, сядзяць побач сваiх нефарбаваных хатаў i распавядаюць аб тым, як цяжка iм жывецца: заробкаў не плацяць па паўгады, заробкi малыя – па 20-30 тысяч. Маўляў, ходзiм, наймаемся да пенсiянераў, а яны нам з сваёй пенсii плацяць за работу. Начальства iм не падабаецца, Лукашэнка таксама, а каго абраць на яго месца – нiкога не ведаюць, бо нiхто да iх не прыяждае i не расказвае. Адзiн мужчына паказвае свае мазолiстыя рукi, маўляў, цяжка працую ўсё жыццё, а дзецям не магу купiць нават прыстойную вопратку... Зрэшты, нават побач касцёла, хоць i выбеленага, з адчыненай форткай – няскошаная трава.
Арганiзатары свята часта апраўдвалiся, што многае ў iх як бы не запланавана i iмправiзуюць яны па ходу дзеянняў. Але, на мой погляд, свята па-сапраўднаму нагадвала свята. Без паказухi, справаздачнасцi. I нездарма сюды збiраецца не толькi ўсё мястэчка, але i ўсе навакольныя вёскi. Пачалося з таго, што школьнiкi з Крэўскай школы, Гальшанскай, Друскенiцкай i лiтоўскай Пеляскай школы пачалi спаборнiчаць у ведах гiсторыi. Я асабiста радаваўся за ўсiх, але не мог схаваць хвалявання, калi дзеткi з Крэва i Гальшанаў на прыгожай беларускай мове распавядалi аб гiсторыi iх зямлi. Недзе ў глыбiнi цяплiлася думка: магчыма яны калi-небудзь тут нешта зменяць. Дарэчы, яшчэ адна дэталь уразiла: з мiкрафонаў увесь час даносiлася некалькi моваў – лiтоўская, беларуская, руская. Як бы ў нейкiм Вавiлоне. Я зразумеў, што гродзенскiя лiтоўцы разам з Альгiсам Дзiргiнчусам арганiзавалi свята не толькi для сябе, нягледзячы на тое, што мясцовыя жыхары называюць яго лiтоўскiм... У руiнах Крэўскага замку iм ўдалося аднавiць у гэтую ноч кавалачак даўняй дзяржавы – Вялiкага княства Лiтоўскага, у якой побач 500 гадоў пражылi лiтоўцы i беларусы. Вiдавочна, што i 700 гадоў таму ў сценах гэтага замку таксама гучалi дзве мовы, два народы былi, як адзiн. Уразiла, як кiраўнiк лiтоўскага хору, сталы спадар Ёнас, сядзеў адзiн на лаўцы i спяваў «Магутны Божа». Сам пра сябе, не вельмi голасна, але затое, як спяваў...
Школьнiкi апроч тэарэтычных ведаў спаборнiчалi нават у стральбе з лука. Зразумела, тут iм патрэбна яшчэ падвучыцца. Але гэта было цiкава.
Пасля доўгага канцэрта (i лiтоўцы, i беларусы любяць шмат спяваць) пад пражэктарамi i паходнямi пачалася дыскатэка. Яна працягвалася ўсю ноч, да таго часу пакуль не сталi выганяць кароў на пашу. Прычым, тут таксама былi ўсе ад малога да старога. А ранiцай чыста прыбралi тэрыторыю замка, спалiлi смецце i госцi ад’ехалi. Побач з замкам застаўся спаць на зямлi нейкi мясцовы мужчына. А разам з iм ляжаў, вiдавочна, ягоны сабака.
М.КАРНЕВIЧ
|