Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

57 гадоў таму...

16 лiпеня Гродна адзначыў 57-ю гадавiну вызвалення ад фашыстаў.

Святочныя мерапрыемствы адбывалiся ў нядзелю. Упершыню яны ладзiлiся на левым беразе Нёмана побач з цеплаходным прычалам. Арганiзацыя свята нiчым асаблiвым не адрознiвалася, але, вiдавочна, што месца было абрана ўдалае, паколькi практычна ўсе выяздныя кiёскi са столiкамi знаходзiлiся ў цянi пад старымi разгалiстымi дрэвамi. Вiншаваў ветэранаў, гродзенцаў i гасцей старшыня гарвыканкама А.Пашкевiч. Затым слова ўзяў ветэран II сусветнай вайны Г.Арцем’еў, якi ўдзельнiчаў у 1944 годзе ў вызваленнi нашага гораду. Дарэчы, менавiта ён i распавядаў, што горад наш быў вызвалены ад немцаў не 16 лiпеня, як мы адзначаем, а пазней. 16 лiпеня войскi Чырвонай армii занялi толькi правабярэжную частку горада i ў гэты ж дзень голас Левiтана ад савецкага iнформбюро паспяшыў перадаць, што Гродна ўжо вызвалены. Насамрэч, як распавядаў Г.Арцем’еў, баi ў раёне тытунёвай фабрыкi вялiся яшчэ 24 лiпеня. Прычым, па яго словах, гэта былi вельмi цяжкiя баi, дзе палегла шмат салдатаў i афiцэраў. Наогул пры вызваленнi Гродзеншчыны загiнула больш 30 тысяч чалавек.

Па словах ветэрана, iх пабеда была азмрочана тым, што быў развалены Саюз: «преступная группировка Ельцина, Шушкевича, Кравчука развалила страну...» Асаблiвую трывогу ў ветэрана выклiкае i тое, што моладзь зараз не хоча iсцi ў войска. Па яго словах, на прызыўныя пункты не з’явiлася больш чым 70 прызыўнiкоў, якiя спрабуюць ухiлiцца ад службы ў войску. А ўрэшце Г.Арцем’еў заклiкаў гараджан галасаваць на прэзыдэнцкiх выбарах за цяперашняга кiраўнiка дзяржавы, маўляў, «он зарекомендовал себя надежно». На гэтым афiцыйная частка мерапрыемства скончылася. Свята працягвалася да 23 гадзiн на Савецкай плошчы i скончылася сцiплым феерверкам.

М.КАРНЕВIЧ

Photo IREX/ProMedia www.irex.minsk.by

Назад