Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

Дык што там з Кузьмой?

Старшыня Свiслацкага райвыканкама Анатоль Кузьма, якi здолеў за час свайго кiравання раёнам з 1996 года аднавiць на Алеi герояў бюст Сталiну, знаходзiцца пад пагрозай адстаўкi.

Адразу зазначу, што нiводзiн з раённых i абласных чыноўнiкаў не пагадзiўся пацвердзiць, што iснуе загад аб адстаўцы А.Кузьмы. Праўда, нам усё ж удалося паразмаўляць з кiраўнiком Упраўлення справамi райвыканкама С.Гулевiчам, якi напачатку падцвердзiў, што ў аўторак ранiцай прыйшоў факс з Гродзенскага аблвыканкама за подпiсам старшынi аблвыканкама У.Саўчанкi аб адхiленнi А.Кузьмы з пасада старшынi райвыканкама «за парушэнне дзейнiчаючага заканадаўства». Пазней чыноўнiк спахапiўся i папрасiў перазванiць пазней. А пазней ён наогул адмовiўся даваць якую-небудзь iнфармацыю, маўляў, тэлефануйце ў аблвыканкам. А там, як заўсёды, «не мешайте работать», «к нам еще ничего непоступало». I толькi намеснiк старшынi аблвыканкама М.Прысада параiў нам звярнуцца за каментарам да У.Саўчанкi, спаслаўшыся на тое, што не валодае сiтуацыяй, паколькi знаходзiўся ў камандыроўцы.

Што датычыць свiслацкiх чыноўнiкаў, то за цэлы дзень не ўдалося адшукаць нават самога А.Кузьму. Астатнiя – нiчога не ведаюць, нiчога не чулi.

Тым не менш у мясцовай мiлiцыi не абверглi iнфармацыю аб тым, што на мiнулым тыднi А.Кузьма побач з сваiм домам з пiсталетам у руках затрымаў маладых хлопцаў быццам за тое, што яны кiдалi камянi па ягоным доме. Справа ў тым, як нам паведамiлi мясцовыя жыхары, «недобразычлiўцы» ужо неаднойчы бiлi шыбы ў вокнах дома старшынi райвыканкама. Людзi распавядаюць, што А.Кузьма настолькi затэрэрызаваў свiслачан, што нават у прыватную фiрму без яго дазволу нельга ўладкаваць прыбiральшчыцу. Хоць гэта, па iх словах, толькi кветачкi.

I ўсё ж самае «вялiкае» дасягненне «мясцовага царка» у тым, што ён здолеў паставiць бюст Сталiну на Алеi герояў. Такога ў Беларусi не ўдалося нiкому. Наша газета пiсала аб гэтым падрабязна.

Дарэчы, А.Кузьма быў дэпутатам 12 i 13 склiканняў ВС, а ў 1996 годзе стаў дэпутатам Палаты прадстаўнiком. Ён ужо ў пенсiйным узросце, мае больш чым 60 гадоў.

М.МIКАЛАЙЧЫК

Назад