Уладзiмiр Ганчарык, Сямён Домаш, Павал Казлоўскi, Сяргей Калякiн i Мiхаiл Чыгiр сёння ранiцай сабралiся за зачыненымi дзвярыма. Паводле папярэднiх дамоўленасцяў, яны павiнны былi вызначыцца з прозвiшчам адзiнага кандыдата ад пяцёркi. Але большасць вырашыла адкласцi гэтае пытанне, пакуль не пададзены дакументы на рэгiстрацыю. Пяцёрка таксама прыняла адмысловы зварот.
Гаворыць удзельнiк сустрэчы генерал Павал Казлоўскi:
Казлоўскi: «Мы падпiсалi зварот да нашых грамадзян, у якiм зазначылi: пытанне аб адзiным кандыдаце будзе разгледжана пасля таго, як подпiсы будуць здадзены на рэгiстрацыю. I другi пункт гэтага звароту аб тым, што ў сувязi з гэтым рашэньнем мы звяртаемся да палiтычных партый, грамадзкiх аб’яднанняў i просiм устрымацца ад неўзгодненых з намi дзеянняў па вызначэннi адзiнага кандыдата».
Павал Казлоўскi сказаў, што за дзве гадзiны сустрэчы пытанне пра тое, хто будзе прэтэндаваць на ролю адзiнага кандыдата, нават не падымалi:
Казлоўскi: «Я вельмi задаволены такiм сцэнарам, таму што ўсё будзе iсцi нармальна – законычыцца збор подпiсаў, а 21-га, ў суботу, мы сядзем i будзем вырашаць, хто адзiны кандыдат».
Павал Казлоўскi лiчыць, што галасаванне, якое прапаноўвалi ўчора прадстаўнiкi партыяў i рухаў на сустрэчы аргкамiтэту руху «За новую Беларусь» у выпадку, калi пяцёрка сама дамовiцца, не спатрэбiцца. А вось Сяргей Калякiн такой цвёрдай упэўненасцi не мае.
Калякiн: «Рашэнне прынята, i калi яно прынята, то тыя, хто яго прымалi, упэўнены ў тым, што яны будуць рабiць далей, астатняе – са сферы разважанняў», – сказаў Сяргей Калякiн.
Сямён Домаш пра адносiны ў пяцёрцы заявiў наступнае:
Домаш: «Я думаю, што з сёняшняга дня яны сталi яшчэ больш адкрытыя. Калi да гэтага былi яшчэ, можа, якiя недамоўленасцi, нехта за некiм чагосьцi не ведаў, не бачыў адзiн за адным, то сёння мы канчаткова вызначылiся, што будзем усё-такi адной камандай i будзем разам на вынiк працаваць. А 21-га павiнны вызначыцца».
Сямён Домаш упэўнены, што 21 лiпеня iмя адзiнага кандыдата вызначаць i паведамяць грамадзтву. Сябры пяцёркi спадзяюцца, што гэтае рашэнне падтрымаюць многiя грамадзкiя арганiзацыi i палiтычныя партыi.
Радыё «Свабода»