Два стагоддзi нямецкiя рыцары чынiлi вайну супраць Вялiкага Княства Лiтоўскага. Крыжакi з Прусii – раён цяперашняй Калiнiнградскай вобласцi – вялi наступ на жамойцкiя, лiтоўскiя i беларускiя землi. Яны глыбока пранiклi на тэрыторыю сённяшняй Айчыны i здзейснiлi больш за 140 паходаў. 15 лiпеня 1410 года каля вёскi Грунвальд (цяпер яна ў Ольштынскiм ваяводстве Польшчы) адбылася адна з самых вялiкiх бiтваў сярэднявечча. Пра значэнне Грунвальдскай бiтвы наша гутарка з гiсторыкам Анатолем Грыцкевiчам.
А.Г.: Перад беларусамi, а таксама лiтоўцамi, а на захадзе i перад палякамi, узнiкла вялiкая пагроза: тэўтонскiя рыцары ўвесь час пашыралi свае заваёвы. I менавiта вось тады, у пачатку 15 стагоддзя, у 1409-11 гадах, была вялiкая вайна. Асноўнай падзеяй стала бiтва пад Грунвальдам 15 лiпеня 1410 году. Практычна з усяе Беларусi былi сабраны войскi i пайшлi паходам на тэрыторыю Прусii.
З кожнага боку ў бiтве ўдзельнiчалi па 25-30 тысяч чалавек. Для таго часу гэта была вялiкая сiла. Рыцарская армiя ў той гiстарычнай бiтве амаль цалкам была знiшчана.
Менавiта пасля грунвальдскага разгрому нямецкiя крыжакi ўжо на Беларусь не наступалi. Фактычна гэтая перамога была заканчэннем нямецкай агрэсii. Цягам 500 гадоў – да першай сусветнай вайны – нямецкiя жаўнеры ўжо на землi нашыя не заходзiлi. Так што бiтва тая мела вялiкае значэнне. Была знята пагроза заваёвы Беларусi, а таксама Польшчы, – i з таго часу сiла Тэўтонскага ордэну была зламаная. Яны, праўда, яшчэ ваявалi, але ўжо на сваёй тэрыторыi.
Адзначаць дзень Грунвальдскай бiтвы ў Беларусi не стала традыцыяй. З пачатку 90-х гадоў у нашай краiне зрабiлася звыклым адзначаць дзень беларускай вайсковай славы 8 верасня, калi адбылася Аршанская бiтва. Тады, у 1514 годзе, Беларусь трывала яшчэ большую пагрозу – з усходу. Блiжэла маскоўская навала. Беларускiя войскi тады атрымалi ганаровую перамогу. Анатоль Грыцкевiч лiчыць, што гэты дзень нездарма шырока святкуецца дэмакратычнымi коламi.
А.Г.: Можна патлумачыць гэта тым, што ў Аршанскай бiтве беларускiх ваяроў было прыкладна ў 2,5 – 3 разы меней, чым у супрацiўнiкаў, а ў Грунвальдскай, разам з саюзнiкамi-палякамi, нашых было крыху нават болей, чым тэўтонскiх рыцараў.
Што тычыцца Грунвальдскае бiтвы, дык стала адзначаюць гэты незабыўны дзень у Польшчы. У нас, паводле Анатоля Грыцкевiча, усё яшчэ наперадзе.
А.Г.: Я думаю, што з цягам часу будзем святкаваць. Мне здаецца, афiцыйныя ўлады цяпер гэтага свята не заўважаюць. Калiсьцi гаварылася, што была такая бiтва, а цяпер нават не спамiнаюць. Але, памятаю, гадоў 10-12 таму ездзiлi нават невялiкаю дэлегацыяй на Грунвальдскае поле.
Прымаць дзень Грунвальдскай бiтвы за свята, ладзiць рыцарскiя фэсты, тэатралiзаваныя рэканструкцыi бiтвы, варта, найперш, моладзi. I гэта ўжо цягам колькiх гадоў, якiя цяпер завем адраджэнцкiмi, было неадменным. Але сёлета свядомая беларуская моладзь занятая больш важнаю справаю – удзельнiчае ў выбарчай кампанii.
Г.ЖАРКО