Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

Асоба, якіх не хапае Беларусі

Iмя Цёткi (Алаiза Сцяпанаўна Пашкевiч) на Беларусi шырока вядома. Гэта першая беларуская паэтка 20-га стагоддзя. Цяпер прыпадаюць 125-я ўгодкi з дня яе нараджэння (15.7. 1876, фальварак Пешчын Шчучынскага раёна – 17.2.1916. Пахавана там жа каля вёскi Стары Двор).

Яна нарадзiлася на Гродзеншчына. Тут i памерла. Пакiнула невялiкую лiтаратурную спадчыну. Але гэтыя творы ўвайшлi ў скарбнiцу беларускай лiтаратуры. Са школьнай лаўкi мы памятаем апавяданне «Клятва над крывавымi разорамi». Больш спрактыкаваныя ведаюць прызнаныя шэдэўры яе рэвалюцыйна-агiтацыйнай паэзii «Хрэст на свабоду», «Мора», «Пад штандарамi» (пачатак 90-х г.). Знаўцы творчасцi Цёткi прыгадаюць кнiгу на беларускай мове «Першае чытанне для дзяцей беларусаў» (1906), зборнiкi вершаў «Хрэст на свабоду» i «Дудка беларуская» (1906), актыўнае супрацоўнiцтва з газетамi «Наша доля», «Наша нiва», рэдагаванне часопiса «Лучынка»...

«У сваю творчасць яна заўсёды ўкладала душу. Не заўсёды было ёй лёгка выказаць сваiмi словамi перажываннi, пачуццi i думкi. Чарнавiкi ейных друкаваных твораў паказваюць, што часта патрэбная была марудная праца, пакуль выражаныя думкi знаходзiлi сабе адпаведную форму на паперы. Можа, дзеля гэтага Цётка не паспела стварыць гэтулькi, колькi абяцаў ейны, перажываннямi надзiў багаты, нутраны свет».

Сцяпан Кайрыс, муж паэткi

Партыйная клiчка Цётка стала яе лiтаратурным псеўданiмам. Удзельнiчала ў стварэннi Беларускай рэвалюцыйнай грамады. Была паплечнiкам К. Каганца, братоў Iвана i Антона Луцкевiчаў, В. Iваноўскага, Я.Хлябцэвiча, А.Бурбiса, В.Ластоўскага, I.Буйнiцкага. У 1912 годзе яе творы ўзгадвалiся крытыкамi нароўнi з вершамi Янкi Купалы, Якуба Коласа, Максiма Багдановiча.

Яна была беларускай-каталiчкай не толькi па паходжаннi, але i па зместу свайго жыцця. Падпольная рэвалюцыйная дзейнасць моцна шкодзiла лiтаратурнай рабоце. У Вiльнi арганiзоўвала рабочыя рэвалюцыйныя гурткi, пiсала i распаўсюджвала пракламацыi. Была вымушана эмiграваць у Аўстра-Венгрыю (Львоў). На радзiму прыязджала нелегальна. Пасля заканчэння ў Санк-Пецярбургу Аляксандраўскай жаночай гiмназii, хацела вучыцца далей. Аднак толькi ўрыўкамi папаўняла веды ў Львоўскiм, Кракаўскiм унiверсiтэтах. Вывучала фiласофiю.

«Як усе натуры, каторыя працуюць парывамi – выбухова, Цётка пачынала пiсаць многа, але даводзiла да канца толькi нязначную частку распачатых прац. Цётка (...) цалкам вырастае з творчасцi Багушэвiча».

Антон Луцкевiч, лiтаратар

У пачатку 1900-х гадоў Цётка працавала ў Вiленскай бальнiцы. У 1914 зноў як сястра мiласэрнасцi аказвала дапамогу ў салдацкiм тыфознфм бараку. Сама ўжо хварэла на сухоты, лячылася ў Польшчы, Фiнляндыi, Швецыi. I смерць сваю прыняла ад тыфу, на роднай зямлi. У 1916 годзе прыехала на пахаванне бацькi. У роднай вёсцы панаваў тыф, кiнулася дапамагчы людзям...

Цётка была надзвычай актыўнай i энергiчнай жанчынай. Просты аналiз яе бiяграфii сведчыць аб няўрымслiвым характары, натуры мэтанакiраванай i эмацыйнай. Вось яна ў Санкт-Пецярбургу чытае на вечарыне свае вершы. Неўзабаве выступае з прамовамi на маёўках у Вiльнi. Як актрыса, вандруе па Беларусi з тэатрам I.Буйнiцкага. Выступае заснавальнiцай «Беларускага музычна-драматычнага гуртка». У 1905 годзе ў Вiльнi яна знаёмiцца з Элiзай Ажэшкай i пакiдае вельмi добрае ўражанне ў знакамiтай пiсьменнiцы. Ананiмна друкуе кнiгу «Праграма для збiрання матэрыялаў аб батлейках на Беларусi». У 1915 годзе разам з братамi Луцкевiчамi адкрывае ў Вiльнi першыя беларускiя настаўнiцкiя курсы. У тым жа годзе Цётка прыязджае ў Гродна, наведвае ўсе рэвалюцыйныя гурткi, культурнiцкiя суполкi. Яна сябруе з Купалам, Коласам i Багдановiчам, Гарэцкiм, Гартным, Ядвiгiным Ш., Паўловiчам, Бядулем. Яе вершы, апавяданнi, дарожныя нататкi, артыкулы рэгулярна друкуюцца ва ўсiх больш-менш значных выданнях таго часу – «Наша нiва», «Беларускi календар», альманаху «Маладая Беларусь» (СПБ), «Лучынка».

«Мова Цёткi мае ў сабе паланiзмы, прызвычаеныя беларусам Лiдчыны, i русiзмы, прышчэпленыя школаю. Бо як на апрацаванне сваёй мовы, так i на шлiфоўку верша Цётка за рэвалюцыйнаю працаю шкадавала часу».

Максiм Гарэцкi, пiсьменнiк

Вядомы беларускi гiстарыёграф Мiтрафан Доўнар-Запольскi вызначаў яе «моцны грамадскi i палiтычны тэмперамент», «гарачую любоў да радзiмы, паэтычнае пачуццё прыроды роднай краiны». Адна з сучаснiц Цёткi, якая добра ведала паэтку з 1895 года, сведчыць, як на адным з мiтынгаў у 1905 годзе пазнала Алаiзу Пашкевiч.

«Я ведала яе як маламоўную, спакойную. А тут перад намi была аратарка, якая з вялiкай сiлай i перакананнем, усiм сваiм сэрцам будзiла ў слухачоў запал i любоў да прыгнечанага люду... Пашкевiч з вялiзнай энергiяй прабiвала сабе шлях у жыццё. Пасля 1905 г. яна ўцякла за гранiцу без грошай i сама зарабляла сабе». Юлiяна Вiтан-Дубейкаўская

Ёсць глыбокi сэнс у тым, што на магiлу Цёткi ў розныя часы прыязджалi Янка Брыль, Васiль Быкаў, Анатоль Вярцiнскi, Аляксей Карпюк, Данута Бiчэль, Генадзь Бураўкiн, Рыгор Барадулiн, Нiл Гiлевiч i дзесяткi iншых творцаў. Гэта прызнанне Цёткi як моцнага, таленавiтага пачынальнiка нацыянальнай лiтаратуры. Нездарма помнiкi ёй устаноўлены ў г.п. Астрына, у вёсцы Шастакоўцы Шчучынскага раёна, у Шчучыне. У Гродне iмя паэткi носiць вулiца, вучылiшча мастацтваў. Такiя асобы складаюць гонар нацыi.

Уладзiмiр КавалЁЎ

Назад