Рэплiка
Здыміце ружовыя акуляры, Т.Васілевіч!
Абласная газета «Гродзенская праўда» у нумары за 19 лiпеня пад рубрыкай «Меркаванне» змясцiла пiсьмо жыхара г. Ашмяны Т.Васiлевiч (ён, яна?) «Надоело!» – Надоело?..». Гэтае выданне пазбягае друкаваць рэзкiя палiтычныя матэрыялы, а тут нават на першай паласе. Вiдаць, ашмянец(ка) адкрылi нейкую iсцiну ў вышэйшай iнстанцыi...
Прачытаў i задумаўся. Не над «глыбокiм зместам», а над наiўнасцю публiкацыi. Бачыцца няўменне весцi палiтычную барацьбу. Усё праз праклён i лямант. Цi развучыўся электарат Лукашэнкi гэта рабiць, цi нiколi не ўмеў. Аўтара добра-такi праняў змест «газеты-листовки «Наша Свабода» от 30 июня, в уголке названия которого небезызвестная «Погоня». Пiльны сiгналiзатар «Гродзенскай праўды» адразу даведаўся (адкуль?), што нумар газеты бясплатна развозiлi два падлеткi, «не случайно в День Независимости Республики».
Тыя падлеткi павiнны шчыра падзякаваць тав. аўтару за пераказ тэксту ўлёткi ў абласной газеце. Калi вы бачылi, каб орган гар– i аблсаветаў, гар– i аблвыканкамаў раптам змясцiў справядлiвыя радкi накшталт «украли семь лет жизни», «...власть сама рождает анархию и хаос», «Лукашенко не остановил разворовывание государства..., обещал помочь, обещал зарплату..., не сумел, не смог, не захотел – обманул». Такая крытыка цяперашняй улады ў дзяржаўным друку абнадзейвае.
Асаблiва аўтара публiкацыi ў аблгазеце знервавала выслоўе «Поэтому он (Лукашенко А.Г.) должен уйти... Мы обязаны забрать власть». Што ж тут такога? Палiтычная барацьба заўсёды вырашае прыналежнасць улады той цi iншай сiле.
Каб давесцi чытачу, што ў Беларусi ўсё вельмi добра, тав. Т.Васiлевiч дае слова «честным и искренним людям, которые смотрят на жизнь в Беларуси и своих странах не через черные или розовые очки, а объективно, сообразуясь с нормами порядочности и морали».
Мы нiколькi не сумняваемся ў выдатных чалавечых якасцях лаўрэата Нобелеўскай прэмii Жарэса Алферава, маскоўскай журналiсткi Таццяны Марозавай, жанчыны з ашмянскага рынку з расiйскага гор. Саранска, госця з Польшчы Станiслава Аленцыновiча (г.Лодзь), кiеўлянкi Лiдзii Казубенка. Але iх выказваннi ўспрымаем крытычна. Паважаны акадэмiк Алфераў пабачыў у нашай краiне «такую модель экономики, которая характерна для развитых стран». Журналiстка Марозава сцвярджае, што «вернувшись с поездом «Памяти» из Беларуси, я теперь рассказываю о том, как прекрасна жизнь в Беларуси». Жыхарка расiйскага Саранска, што ў Мардовii, радуецца, што ў Беларусi ў яе нiхто нiчога «не вымогает» – «А у нас сплошной рэкет», «Я бы так, как у вас, спокойно не стояла на рынке», «Мясо у вас в два раза дешевле, молочные продукты тоже», «Я, да мы все, за союз с Белорусью. Люди у вас хорошие. Только вот есть почему-то недовольные...». Паляк пан Станiслаў, якi прыехаў у госцi да родных у в. Бецюны, паведамiў пра дрэннае жыццё у сваёй дзяржаве. Ён ведае пра дэфiцыт, беспрацоўе, сялянскае банкрутства ў Польшчы. «Поля у вас ухоженные. Продуктов в магазинах хватает, причем своих. Неплохо живете!». Украiнка Казубенка на з’ездзе жанчын Украiны чамусьцi гаварыла не аб праблемах сваёй дзяржавы, а пра тое, як добра жывецца ў Беларусi, прыводзiла лiчбы, якiя i наш грамадзянiн наўрад цi ведае. Аказваецца, з Украiны лепш вiдаць, што Беларусь у многiм апярэдзiла Расiю, «далеко впереди Литвы, Латвии, тем более Украины, Казахстана и других бывших республик Советского Союза»...
Толькi чаму пра жыццё на Беларусi не запытаць жыхароў самой Беларусi? Нiякi чужынец лепш не ведае. Т.Васiлевiч наiўна сцвярджае, што «малая зарплата у нас компенсируется властью» — «мы оплачиваем лишь 25 процентов стоимости коммунальных услуг». А вось у Лiтве, Арменii зусiм кепска. Адным словам, хочам далей жыць за кошт збяднелай дзяржавы.
Трэба выказаць папрок журналiсту «Гродзенскай праўды», якi рыхтаваў матэрыял да публiкацыi. Я не веру, што Т.Васiлевiч браў (ла) iнтэрв’ю ў Алферава i Казубенкi. Тады чаму iх выказваннi даюцца праз «прамую мову», няма спасылкi, з якой крынiцы вядзецца цытаванне?
Падумалася: калi жыхар Ашмян Т.Васiлевiч не вытрымаў «наскокаў дэмакратаў» i напiсаў у абласную газету, то што ж друкуе раённы «Ашмянскi веснiк»? Паглядзеў падшыўку. Не памылiўся, ёсць публiцысты i на перыферыi! Нехта М.Iваноўскi змагаецца з iншадумцамi, друкуючы свае допiсы «Аўтограф, за якi сорамна», «Тэхналогii падману». Грамадзянка Д.Змiтровiч накiравала ў раёнку сваё пiсьмо «Не дайте себя обмануть!». Маўляў, агiтатаркi-дэмакраткi па аўтобусах сваю прапаганду супрацьлукашэнкаўскую вядуць. Узгадваюцца «подрывные» беларускiя газеты «Народная воля», «Рабочы», «Свободные новости» у купе з радыё «Свабода», «Балтыйскiмi хвалямi».
Намеснiк сакратара Ашмянскай раённай арганiзацыi КПБ Л.Яфiмцава часцяком публiкуе свае артыкулы ў райгазеце. Яна была дэлегатам 2-га Усебеларускага народнага сходу. Успамiнае, як вучоны Алфераў казаў пра дрэннае жыццё у Расii, лiдэр украiнскiх камунiстаў Сiманенка – на Украiне, нiбыта беларус з Беласточчыны Ян Сычэўскi – у Польшчы. Нехта Л.Абухава ў чарговы раз лье бруд на БНР («Розныя погляды на адну падзею»). Знаёмая нам Л.Яфiмцава сардэчна вiтае прыход да ўлады камунiстаў у Малдавii (чаму не ў Малдове?)...
Антон ЛАБОВIЧ
|