Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

«Устань ты, старонка»

Да 105-годдзя з дня нараджэння Антона Валынчыка

Антон Мiхайлавiч Валынчык (23.07.1896 г. в. Мальканавiчы Слонiмскага раёна – 13.11.1985, Гродна). Беларускi харавы дырыжор, кампазiтар, музычны дзеяч. Заслужаны работнiк культуры Беларусi (1964). Скончыў вышэйшыя музычныя курсы Варшаўскай кансерваторыi пры Крамянецкiм музычным лiцэi (1935). Да 1939 г. выкладаў спевы ў Клецкай i Навагрудскай беларускiх гiмназiях. Там арганiзаваў самадзейныя хоры.

Хормайстар Маладзечанскага абласнога ансамбля песнi i танца (1947-1961), Гродзенскага народнага ансамбля песнi i танца «Нёман» (1961-1965). Кiраўнiк Гродзенскай народнай харавой капэлы настаўнiкаў (1965-1971). У 1961-1976 г. загадваў кафедрай музыкi i спеваў Гродзенскага педiнстытута iмя Янкi Купалы. Напiсаў шэраг хораў i песень, у т. л. «За праўду», «Устань ты, старонка», «Зайшло ўжо сонейка», «А зязюля кукавала» на вершы Я. Купалы, «Устаньце, хлопцы», «Лiпы старыя», «Касцы» на вершы Я.Коласа. Ёсць творы Антона Валынчыка на вершы К.Буйло i iншых аўтараў.

Яго песня была зброяй...

Iмя Антона Мiхайлавiча Валынчыка вядома даволi шырока. Гэта быў патрабавальны дырыжор, тонкi музыкант, дасканалы салiст-выканаўца, хормайстар народнага ансамбля «Нёман», кiраўнiк харавой капэлы настаўнiкаў Гродна, Заслужаны дзеяч культуры Беларусi, аўтар песень на вершы Я.Коласа, Е.Лось, П.Броўкi, А.Русака.

Аднак ёсць старонкi ў яго бiяграфii, пра якiя ведае малое кола людзей. Факты сведчаць пра мужнасць i дасцiпнасць гэтага чалавека. Iншае ён паведаў сам.

Жнiвеньскiм вечарам 1980 года ў кватэры А. М. Валынчыка журналiстка Лiлiя Мялешка з Клецка Мiнскай вобласцi запiсала ўспамiны Антона Мiхайлавiча пра яго работу цягам трох гадоў у Клецкай беларускай гiмназii. 84-гадовы гаспадар успамiнаў важную вяху свайго жыцця. Гэта адлюстравана ў гiсторыка-дакументальнай хронiцы «Памяць. Клецкi раён».

«1927, 1928, 1929... Я памятаю ўсё, у мяне назаўжды ў памяцi Клецкая гiмназiя. Там неяк усё было па-асаблiваму, там выкладчыкi i навучэнцы жылi адной сям’ёй – душа ў душу. Якубёнак...(дырэктар) гэта быў цудоўны, рэдкi, дзiвосны, непараўнаны чалавек, папраўдзе родны бацька дзецям. Ён аддаваў iм душу, час, сродкi, усе свае здольнасцi i мары.

Усе выкладчыкi, акрамя Кiшкеля i настаўнiка польскай мовы, былi прасякнуты духам беларускiм, бунтарскiм, вольнадумным. Усе жылi ў адзiным прыўзнятым рытме i настроi. Дзецi вучылiся настойлiва, iмкнулiся да ведаў. I – да свабоды... Пачалi займацца рэвалюцыйнай дзейнасцю. Мы, выкладчыкi, ведалi аб гэтым, хвалявалiся вельмi за вучняў, але душой былi з iмi i за iх.

У гiмназiю пастаянна прысылалi паганых iнспектараў. Мэтай было закрыццё гiмназii. Памятаю, у 1929 годзе прыслалi з Вiленскага кураторыума iнспектара Мяноўскага — вельмi гадкага чалавека. Хадзiў на ўрокi, прыдзiраўся да дробязей, даводзiў выкладчыкаў да непрытомнасцi. А я даведаўся, што ён украiнец... I вечарам мы як далi яму канцэрт на паўгадзiны! Праспявалi i знакамiтую «Кобзу» Давыдоўскага, i «Вiдзьма». Ну, i беларускiя таксама: «Лiпы старыя», «Касцы» (гэта мае), народных вельмi многа. Ведаеце, «Лiпы старыя» я пiсаў у 1927-м, калi быў страшна хворы, з высокай тэмпературай, у стане трызнення. Лепшая мая рэч... Мабыць, здолелi мы яго праняць да душы. Ён нават расчулiўся i доўга дзякаваў. I галоўнае – нiякiх дрэнных наступстваў вiзiту!

А наогул, у гiмназii спявалi многа, ахвотна. Спявалi i мае: «Як на свет радзiўся Янка», «Зайшло ўжо сонейка», «За праўду», «Устаньце, хлопцы». Усё ж такi гэта быў цудоўны час...».

Падрыхтаваў Антон ЛАБОВIЧ

Назад