Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

Не мёртвыя фонды, а жывыя дакументы

На пасадзе дырэктара Гродзенскага дзяржаўнага архiва Ларыса Iванаўна ЮНIНА працуе два гады. У гэтую ўстанову ўладкавалася ў 1976 г., закончыла Маскоўскi гiсторыка-архiўны iнстытут. Пачынала малодшым навуковым супрацоўнiкам. Пасля мела пасады загадчыцы аддзела, намеснiка дырэктара. Пры размове ўдакладнiла:

– У даведнiках пазначана, што архiў створаны 11 лютага 1940 года. Да гэтай даты мы адносiн не маем. У той час iснавала Беластоцкая вобласць. Фактычна наш архiў запачаткаваны ў кастрычнiку 1944 года, праз месяц пасля ўтварэння Гродзенскай вобласцi. Фонды часова мясцiлiся ў прыстасаваных памяшканнях, нават у падвалах, асаблiва трафейныя. Пра навукова-абгрунтаваныя ўмовы захавання гаварыць не даводзiцца. Праўда, з часам архiў размясцiлi ў былой лютэранскай кiрсе. У 1994 г. справiлi наваселле ў новым, спецыяльна пабудаваным 7-мi павярховым будынку. Пяць паверхаў займае сховiшча. Умовы працы добрыя. Што да кiрхi, то яна перададзена гарвыканкамам вернiкам i служыць па прызначэннi.

– Архiў – строгая ўстанова. Пра гэта нагадвае суровая вахцёрка ў вестыбюлi з абавязковым патрабаваннем пасведчання асобы i пытаннямi: куды, да каго чалавек iдзе...

– Так, мы рэжымная арганiзацыя. Але дзверы адчынены кожнаму, у каго ёсць патрэба звярнуцца да нас. У наяўнасцi маем 393 тысячы 140 адзiнак захоўвання на беларускай, рускай, польскай, нямецкай мовах. Сюды былi перададзены матэрыялы ўстаноў i прадпрыемстваў былых Маладзечанскай, Баранавiцкай, Беластоцкай абласцей, частка тэрыторый якiх была перададзена Гродзеншчыне. Дакументальных сведчанняў аб барацьбе членаў КПЗБ i КСМ Заходняй Беларусi няшмат. Мала дакументаў таксама за 1939 – 1941 гады. У 1943 годзе гiтлераўцы вывезлi амаль 40 адзiнак захавання гiстарычных дакументаў. Шкада, што iх след згубiўся нiбыта ў Данцыгу. Аднак мы затое маем каля 50 фондаў трафейных здабыткаў за 1941-1944 гады. Напрыклад, Гродзенскага ўезднага камiсара. Межы ўезда былi шырэй, напрыклад, чым сучаснага раёна. Пагэтаму маем дакументы з тэрыторыi цяпершняга Сувалкаўскага павету Польшчы, Шчучыншчыны...

– Цяпер шмат хто з грамадзян, у час вайны вывезеных на прымусовую працу ў Германiю, шукаюць дакументальныя пацверджаннi гэтаму. Як-нiяк, справа iдзе аб выплаце нямецкiм бокам грашовай кампенсацыi за страчанае здароўе, гвалт над чалавекам, невыносныя ўмовы паднявольнай працы...

– Найбольшы наплыў запытаў i заяваў прыйшоўся на пачатак 90-х гадоў. У 2000-м годзе да нас звярнулася 2.594 грамадзянiна. Дзесяць гадоў вывучаем былыя фашысцкiя дакументы. Перакладзена толькi нязначная частка. Шмат якiя з папер напiсаны готыкай, нават не ўсе вопытныя перакладчыкi могуць разабрацца што да чаго. У цэлым 50 працэнтаў людзей атрымалi станоўчыя адказы. Знайшлiся спiсы выгнаных, транспартныя лiсты, медыцынскiя карткi. Звяртаюцца асобы з Усходняй Беларусi, нават з Расii. Тлумачыцца гэта тым, што грамадзяне адтуль былi вывезены на паднявольную працу ў нашы мясцiны. Нельга забываць, што тэрыторыя Гродзеншчыны была далучана да рэйха.

– Работа з пiсьмамi грамадзян рэгламентавана законам. Аднак гэта вымагае шмат часу на пошук патрэбнага, падрыхтоўку афiцыйнага адказу заяўляльнiку. Цi прадугледжана аплата за аказанне пэўных паслуг?

– Усе паслугi па сацыяльна-прававых запытах выконваюцца бясплатна. Iншыя – за невялiкi кошт, напрыклад, падрыхтоўка даведак бiяграфiчнага характару. Сустракаюцца просьбы аб пацверджаннi валодання зямлёй, пабудовамi да 1939 года паводле сведчанняў найперш дакументаў на польскай мове. Гэта, думаю, уласцiва толькi архiвам Гродна, Брэста i Маладзечна. Нехта просiць знайсцi ў судовых справах дадзеныя аб разводзе, знаходжаннi ў лагерах, гета. У кожнага свая праблема. Спрабуем дапамагчы...

– У архiўнай справе свае законы. Ёсць, напэўна, тэрмiны, калi прадпрыемствы i арганiзацыi абавязаны здаць на захоўванне вызначаныя зацверджаным спiсам дакументы?

– Мы атрымлiваем звесткi з сямi раёнаў вобласцi. Гэта статыстычныя сведчаннi, дакументы, якiя маюць гiстарычную каштоўнасць, дадзеныя па розных галiнах народнай гаспадаркi, дакументацыя прадпрыемстваў так званага першага звяна – Гродзенскага вытворчага рэспублiкнскага ўнiтарнага прадпрыемства «Азот», камбiната будаўнiчых матэрыялаў i iнш. Штогод прымаем ад крынiц папаўнення да 12 тысяч спраў. Тэрмiны ведамаснага захоўвання складаюць ад пяцi да 30 гадоў. Пасля гэтага дакументы павiнны быць здадзены ў архiў. Маем 562 крынiцы камплектавання, пачынаючы з узроўню выканкама сельскага Савета. На Гродзеншчыне ёсць таксама Лiдскi i Навагрудскi архiвы.

– Выканаць такi аб’ём работы пад сiлу зладжанаму калектыву...

– Штат колькасна не мяняўся ўжо гадоў дваццаць. З 43 чалавек – 25 спецыялiсты. Усе маюць вышэйшую адукацыю. Белдзяржунiверсiтэт рыхтуе выпускнiкоў-гiсторыкаў з патрэбнай нам спецыялiзацыяй. Маем чатыры аддзелы – захаванасцi дакументаў, iнфармацыйна-пошукавых сiстэм, ведамасных архiваў, аддзел навуковага выкарыстання. Кожны мае канкрэтны кiрунак работы. Займаемся таксама рэстаўрацыяй дакументаў. Уласнымi сiламi рыхтуем 8-10 публiкацый у год, распавядаем аб нашай рабоце, цiкавых фактах мiнулага. Друкуюць свае даследаваннi вучоныя i краязнаўцы, гiсторыкi i студэнты, якiя штодня наведваюць чытальную залу. Шмат хто цiкавiцца газетамi Гродна i Вiльнi 20-х – 30-х гадоў, польскiмi статыстычнымi зборнiкамi даваеннага часу, дакументамi савецкага перыяду. Як навукова-метадычная ўстанова аказваем дапамогу ў арганiзацыi захавання архiўных спраў на прадпрыемствах. Мы зацiкаўлены атрымаць дакументы ў добрым стане. Рыхтуем уласны даведнiк па нашаму архiву, тады знайсцi патрэбны дакумент будзе куды лягчэй, чым зараз. Адным словам, працуем...

Гутарыў Антон ЛАБОВIЧ

Назад