Дакументальнае кіно у падтрымку «Выбірай»
У рамках мабiлiзацыйнай кампанii «Выбiрай» 13 жнiўня Гродзенскi Малады Фронт распачаў Фэстываль дакументальнага кiно – паказ фiльмаў, прысвечаных палiтычнай сiтуацыi на Беларусi, асобе дзеючага прэзiдэнта i, вядома, выбарам.
У Еўропе фэстываль пад назвай «Адзiны свет» ужо стаў традыцыйным. Першы прайшоў у Чэхii у 1999 годзе. Потым у Польшчы, Славакii, Сербii ды Косава. I нарэшце, завiтаў у Беларусь. Фэстываль прадстаўляюць 14 дакументальных фiльмаў, знятых расiйскiмi, беларускiмi i чэшскiмi рэжысёрамi.
Увазе гледачоў будуць прадстаўлены «Дзiкае паляванне» П. Шэрэмета – журналiсцкае раследванне знiкнення Дзмiтрыя Завадскага, аператара ГРТ. А таксама «Звычайны прэзыдэнт», «Беларусь у ценi Сталiна», «Страх» i г.д.
Адметнасць гэтага фэстываля ў тым, што ён дае магчымасць убачыць Беларусь i беларускiя праблемы вачыма розных людзей i з розных пазiцый.
Дэманстрацыя фiльмаў будзе працягвацца да 19 жнiўня ў штаб-кватэры БНФ. Пачатак сэансаў у 18.00. Уваход вольны.
В. КамЯгIна
|