Займацца палiтычнай дзейнасцю дазвалялася з 24 год. Але для гэтага неабходна была адпаведная адукацыя. Шляхцiцы вучылiся спачатку ў хатнiх настаўнiкаў, потым наведвалi школу, а пасля выязджалi замяжу, каб вучыцца ва ўнiверсiтэтах Iталii, Швейцарыi, Нямеччыны, Польшчы, Францыi. Такая практыка стала распаўсюджанай з другой паловы XVI ст. Яна спрыяла з’яўленню на палiтычным небасхiле адукаваных людзей з выключнымi здольнасцямi. Слынны дзеяч рэфармацыi Крыштаф Мондвiд Дарагастайскi вучыўся ў Стразбургу i Фрыбургу (1575). Пасля вучобы змагаўся ў Нiдэрландах на баку цэзара. Займаў наступныя пасады: ваўкавыскi староста i стольнiк ВКЛ (1588), крайчы ВКЛ (1590), падчашы ВКЛ (1592), надворны маршалак (1596), маршалак ВКЛ (1597). Будучы канцлер ВКЛ (1658) Крыштаф Жыгiмонт Пац быў адпраўлены бацькам, падканцлерам ВКЛ Стэфанам Пацам (?-1640) на адукацыю ў Кракаўскую акадэмiю, а потым у Iталiю. Маршалак ВКЛ i вiленскi кашталян Станiслаў Радзiвiл (1559-1599) валодаў 12 мовамi. Яго сыны Альбрэхт Станiслаў i Мiкалай (1589-1614) з 1605 па 1613 гады наведалi Нямеччыну, Бельгiю, Галандыю, Швейцарыю, вучылiся ва ўнiверсiтэтах Вюрцбурга, Лювэнi. Альбрэхт Станiслаў займаў пасаду канцлера ВКЛ 30 год (1623-1653). Ён быў знакамiтым царкоўным пiсьменнiкам i мемуарыстам. Петр Паўлавiч Пац пасля адукацыi ў Iталii вярнуўся дамоў i адразу атрымаў прывiлей на мсцiслаўскае староства (1592). Ён паступова прасоўваўся па дзяржаўнай лесвiцы: надворны харунжы (1615), надворны падскарбi ВКЛ (1635), трокскi ваявода (1640). Адукаванай асобай быў амбасадар у Iталii падканцлер ВКЛ Мiхаiл Казiмiр Радзiвiл (1625-1680). Ён ведаў 14 моў. Каб добра на iх размаўляць, трымаў пры сваiм двары людзей з гэтых краiн.
Можна прывесцi шмат такiх прыкладаў. Гэта паказвае нядрэнны iнтэлектуальны ўзровень урадавай шляхты. Дзяржаўныя дзеячы ВКЛ былi адукаваны адпаведна сваёй дзейнасцi, бо дабрабыт без навукi не меў сэнсу. Адукацыю праходзiла шляхта, якая займала павятовы пасады. Як мiнiмум, яна сканчывала школы. Канешне, пры размеркаваннi пасад значную ролю адыгрывала магутнасць роду, да якога належаў кандыдат, i яго сувязi. Часта пасады пераходзiлi ад бацькi да сына цi ад брата да брата. Для заможных i радавiтых сем’яў удзел у палiтыцы быў неабходным элементам.
Акрамя навукi, сапраўднаму шляхцiцу патрабавалiся яшчэ навыкi вайсковай службы. Многiя бацькi жадалi, каб iх сыны валодалi добра зброяй, ездзiлi на канi. Гэта лiчылася добрым выхаваннем для моладзi. Як пiсаў у тэстаменце берасцейскi ваявода Крыштаф Дэспат Зяновiч свайму сыну Мiкалаю Багуславу, «продкi i я з табой тут нарадзiлiся, самой Рэчы Паспалiтай каб як сын служыў i верыў i яе цноту яе з патомствам захоўваў». У перыяд небяспекi Айчыны шляхцiц павiнен быў умець абаранiць яе.
Моладзь па першаму патрабаванню кiдала заняткi ў школах i акадэмiях i выпраўлялася ў паход. Вайсковая служба была рыцарскiм iдэалам, якi падмацоўваў пачуццё асабiстай годнасцi. Хоць служба ў магнацкiх харугвах была дарагой, многiя iмкнулiся туды папасцi, бо яна давала магчымасць праявiць сябе, добра пачаць кар’еру i набыць неабходныя сувязi.
Чачэрскi i прапойскi староста Юрый Зяновiч браў свайго сына Крыштафа ў вайсковыя паходы супраць Масквы ў 1560-х гадах. Самуэль Пац з дзяцiнства прысвяцiў сябе вайсковай службе. У 15 год ён быў таварышам гетмана ВКЛ Яна Караля Хадкевiча ў Iнфлятскай вайне i ў бiтве пры Кiрхольмам (1605). Удзельнiчаў ў выправе на Маскву, быў паранены пад Масквой i Смаленскам. За вайсковыя паслугi атрымаў пасаду харунжага ВКЛ. Януш Кiшка пачаў службу ў юнацкiм узросце ў войску гетмана Яна Караля Хадкевiча. У 1609 г. удзельнiчаў у бiтве пад Кiльхольмам, Белым Каменем, Дыяментам. За гэта атрымаў парнаўскае староства. Зрабiў выдатную вайсковую кар’еру, стаўшы польным i вялiкiм гетманам ВКЛ. Генерал-маёр каралеўскiх войск Эрнэст Ян Корф (1622-1680) пасля сканчэння Вiленскай школы служыў 4 гады пры двары караля Уладзiслава. Адтуль яго забраў бацька i адправiў служыць да Вiльгельма Аранскага ў Галандыю. Доўгi час ён ваяваў за мяжой. За адвагу ў бiтве пад Вертынгам атрымаў залаты ланцуг. Потым вярнуўся на Радзiму, дзе служыў пад началам Януша Радзiвiла i меў 10 харугваў драгунаў. За свае паслугi атрымаў грашовыя ўзнагароды, за iх купiў маёнткi на тэрыторыi ВКЛ. З маладых год пачаў вайсковую кар’еру Мiхал Казiмiр Пац. Ужо ў 1649 г. ён вызначыўся ў вайне з казакамi. Мiхал Казiмiр дасягнуў самай высокай вайсковай пасады ў ВКЛ, стаўшы вялiкiм гетманам у 1667 г.
Абарона краiны азначала абарону сваёй сям’i i маёмасцi. Па словах Аўгусцiна Вiцiнскага, шляхцiц не павiнен чакаць смерцi, а калi будзе патрэба, то аддаць сваё жыццё за Айчыну. Такiя пасады як гетман, палкоўнiк, капiтан, ротмiстр i iншыя давалiся прадстаўнiкам шляхецтва. Перыяды вайны былi самыя небяспечныя. Судовая скарга 1660 г. паказвае, як вайна ўносiла раскол сярод шляхты. Ян i Мацей Дэнбiцкiя прысягнулi Маскве i атрымалi права на валоданнi ў Каменецкiм старостве (Берасцейскае ваяводства), сярод iх быў фальварк Радасць, якi належыў Бялецкаму. Яны выгналi яго разам з сям’ёй. Нават прысутнасць гаспадара не змагла адвесцi небяспеку.
Шляхта цанiла мужных ваяроў. У 1653 г. адзначалi выбiтных сыноў Вялiкага княства Лiтоўскага i Кароны ў перыяд антыфеадальных войнаў 1648-1651 гг., пра дзеяннi якiх няўдзячна забылiся. Сярод iх быў аршанскi староста, а потым мсцiслаўскi ваявода Юры Друцкi Горскi. Ён разам з дабраахвотнiкамi i ротмiстрам Аршанскага павету праводзiў баявыя дзеяннi ў тылу ворага. 15 студзеня 1649 г. ён разбiў полк казакаў пад Старадубам, узяў шмат палонных. Частку з iх адправiў гетману, а частку – пакараў смерцю ў Оршы. Пад час гэтай падзеi адбiў 80 шляхцянак, якiя трапiлi ў варожы палон. Узгадалi мужнага кавалера, харунжыя ВКЛ Яна Самуэля Паца За свой кошт (100 000 злотых) ён набраў некалькi харугваў жаўнераў i бiў ворага на пераправах i шляхах Аршанскага павету. Пiсар ВКЛ Уладзiслаў Валовiч таксама баранiў Айчыну пад Бабруйскам.
Як выдатныя вайсковыя палкаводцы былi ахарактарызаваны гетманы ВКЛ Ян Караль Хадкевiч (на фота), Павел Сапега, Мiхал Сервацыюш Карыбут Вiшнявецкi. Ян Караль Хадкевiч зрабiў выдатную вайсковую кар’еру. Ён ваяваў у Iнфлянтах, змагаўся з Масквой, шведамi, туркамi. Ф. Бiркоўскi нават адзначыў, што ў яго была знешнасць, якую павiнен мець гетман: суровы твар, высокi лоб, арлiны нос.
Мужчына абараняў не толькi краiну, але i сваю сям’ю. Суды ў той час разбiралi шмат канфлiктаў з суседзямi з-за мяжы i з роднымi з-за падзела маёмасцi. Часта ў гродскiх i земскiх кнiгах змяшчаецца больш за палову такiх спраў у томе. Пры чым у ролi як ахвяр, так i нападаючых сустракаюцца амаль усе шляхецкiя рады.
Шляхецкае грамадства патрабавала ад мужчыны, каб ён быў добрым сем’янiнам. Жанчыны больш за ўсё цанiлi мужчынскую падтрымку ў жыццёвых сiтуацыях. Напрыклад, Соф’я Скiндаравая Коцел лiчыла, што яе муж мсцiслаўскi падчашы Лявон Коцел праявiў да яе каханне праз аднаўленне пабудоваў у маёнтку Пашушвнi ў Жмудскiм княстве, якiя Соф’я атрымала ад бацькоў Крыштафа Скiндара i Тэклi Блiструбаўны, выплату за палову гэтай маёмасцi сястры Кацярыне Скiндараўне Урбавiчоўне, а таксама праз набыццё разам з жонкай маёмасцi Бенковiчы ў Навагарадскiм ваяводстве. (1680). Гэтыя два маёнткi яна даравала яму ў пажыццёвае карыстанне.
Не меньш важнай функцыяй для мужчыны была функцыя гаспадара. Самастойна цi з жонкай шляхцiц пакупаў цi прадаваў маёнткi, браў пазыкi цi пазычаў, сачыў за агульным станам гаспадаркi, наведваў фальваркi. Ён здзейсняў кантроль над агульным функцыянаваннем феадальнай эканамiчнай адзiнкi. Жонка больш займалася унутрыгаспадарчымi справамi.
Як бачым, сапраўдны шляхцiц у вачах грамадства прадставаў як ваяр, абаронца, дзяржаўны дзеяч, добры сем’янiн, рэлiгiйны чалавек. Гэты эталон быў выпрацаваны на працягу XVI ст. i стаў неад’емным элементам шляхецкай культуры.
Наталля Слiж
Cвае пытаннi можаце даслаць на e-mail talitas@pochtamt.ru, або ў рэдакцыю газеты «Бiржа Iнфармацыi»