Чыя праўда?
У рэдакцыю трапiла iнфармацыя з Ваўкавыска наконт затрымання на мiнулым тыднi Вiталя Гулякi, сябра iнiцыятыўнай групы па збору подпiсаў С. Домаша, i Максiма Жмурына, абодва 1983 года народжання.
Згодна прадстаўленай iнфармацыi, хлопцы ўвечары вярталiся з семiнара, наладжанага грамадскай арганiзацыяй «Аслона» i свабодным прафсаюзам. Семiнар, дарэчы, быў прысвечаны такiм тэмам, як правядзенне мабi- лiзатыйнай кампанii i паводзiнам грамадзян пры затрыманнi мiлiцыяй. Хлопцы неслi ў руках спецвыпуск газеты «Рабочы», чаго, вiдавочна i хапiла патрульным для затрымання. Далей гiсторыя разгортваецца ў лепшых традыцыях жанру: у Ваўкавыскiм РАУС, куды трапiлi маладыя людзi, у iх адабралi акрамя вышэйадзначаных спецвыпускаў яшчэ i кнiгi па гiсторыi Беларусi, якiя, як высветлiлася пазней, прызначалiся кiраўнiцтву ваўкавыскай мiлiцыi, а таксама асабiстыя рэчы. Допыт «у цёмным кабiнеце», як распавядалi потым Вiталь i Максiм, доўжыўся амаль дзьве гадзiны. Увесь гэты час малады лейтэнант, у распараджэнне якога i трапiлi «ахвяры», запудваў хлопцаў, абражаў уласны гонар, называючы псiхiчна хворымi, i за iх дзейнасць «раiў» звярнуцца ў псiхушку ў «Баяры», акрамя таго паабяцаў хлопцам праблемы, i што iмi зоймецца КДБ. На просьбу Вiталя Гулякi дазволiць тэлефонны званок юрысту «Аслоны», ён атрымаў катэгарычную адмову. Лагiчна, што выпушчаныя пасля прыходу бацькоў Максiма Жмурына хлопцы, знаходзiлiся ў стане псiхалагiчнага шоку.З тых жа самых вытокаў вядома, што гэтая справа атрымала сваё прадаўжэнне, калi ў пракуратуру Вiталём Гулякам былi пададзены скаргi на неправамерныя дзеяннi супрацоўнiкаў мiлiцыi. Праводзiлася высвятленне абставiн незаконнага затрымання, пасля чаго адбылася гутарка з намеснiкам мiлiцыi, якi афiцыйна папрасiў прабачэння ў Вiталя i паабяцаў вярнуць рэчы хлопцаў.
Згадзiцеся, што справа сур’ёзная, асаблiва калi раней неаднаразова з’яўлалася iнфармацыя аб незаконных арыштах, якiя праводзяцца супрацоўнiкамi мiлiцыi, таму за каментарыямi наконт гэтай справы звярнулiся непасрэдна ў Ваўкавыскi РАУС. Iх тлумачэннi гэтага выпадка аказалiся, мякка кажучы, некалькi iншымi. Хлопцы самi звярнулiся ў аддзяленне мiлiцыi, заявiўшы аб знойдзеных iмi рэчах. Аб чым i быў састаўлены акт. На наступны дзень адзiн з хлопцаў прыйшоў у аддзяленне, каб забраць уласныя рэчы, сярод якiх былi i газеты, i вышэйадзначаныя кнiгi па гiсторыi нашай Радзiмы, якiя, вiдаць, усё-ткi вырашылi не дарыць роднай мiлiцыi. А што датычыцца двухгадзiннага допыту, то яго, як заявiў прадстаўнiк ваўкавыскай мiлiцыi, не было.
Што ж, справа ясная, што справа цёмная... З чыйго боку адбылася правакацыя – з упэўненасцю можа сказаць толькi сам правакатар. Але чакаць адказу не прыходзiцца.
В. АрцЁменка
|