Гродна
Улёткі і «Deviation» міліцыянерам не спадабаліся
У мiнулую нядзелю каля Палацу тэкстыльшчыкаў было затрымана 10 сябраў незарэгiстраванай арганiзацыi Гродзенскi Малады Фронт. Чацвёра з якiх аказалiся непаўналетнiмi.
Увечары ў той дзень сябры дадзенай арганiзацыi праводзiлi сваё чарговае паседжанне. Адрознiвалася яно ад папярэднiх толькi тым, што адбывалася на прыступках Палаца тэкстыльшчыкаў. На свежым паветры. На месцы было вырашана раздаць адпачываючым гродзенцам каля 100 улётак з эмблемай «Выбiрай». Але не атрымалася. Да маладых людзей пад’ехалi два варанкi. Можна здагадацца, што адбывалася далей. Уся колькасць улётак, а таксама некалькi налепак было канфiскавана на месцы, а 10 чалавек затрымана для высвятлення асобаў. Ужо ў пастарунку мiлiцыянеры без тлумачэнняў i пратаколу забралi ў непаўнагадовага хлопца касету гродзенскага гурта «Deviation». Потым растлумачылi: «Паслухаць». На жаль музыка iм не спадабалася. Касету не вярнулi.
У пастарунку хлопцаў i дзяўчат трымалi больш за тры гадзiны – адведзены законам тэрмiн для высвятлення асобы. Узяўшы тлумачальныя ў маладых людзей, супрацоўнiкi Ленiнскага РАУСу iх адпусцiлi. Было 23.40...
Вiка Майская
|