Паляванне на кампутары
Практычна дэтэктыўныя гiсторыi адбываюцца на Гродзеншчыне з канфiскацыяй кампутарнай тэхнiкi ў грамадскiх арганiзацый. Прадстаўнiкi АБЭПа спрабавалi забраць кампутары ў Радунi Воранаўскага раёна i Ваўкавыску.
У сераду пасля 21 гадзiны вечара ў хату да Вiталя Куплевiча, кiраўнiка незарэгiстраванага грамадскага цэнтру «Вiленшчына» завiталi тры мiлiцыянты ў цывiльным. Адзiн з iх местачковы ўчастковы i два прадстаўнiкi раённага АБ ЭПу. Мужчыны прадставiлiся i запатрабавалi паказаць кампутар. Гаспадар хаты патрабаваў у iх якога-кольвек дакумента на вобыск. Тыя адмовiлiся прадстаўляць. Яго ў iх не было. Таму яны пачалi лаяцца i патрабаваць кампутар, крычалi, што ў хаце збiраюцца невядома якiя людзi i праводзяць антыпрэзыдэнцкiя сходкi. Гаспадар затэлефанаваў да свайго сябра Станiслава Леўшыка, кiраўнiка iнiцыятыўнай групы С.Домаша, дэпутата ВС 13 склiкання. Той хутка з’явiўся. Аднак размова з мiлiцыянтамi не атрымлiвалася. Хлопцы, праўда, паказалi адпаведныя дакументы на кампутар, але адмовiлiся падпiсваць пратакол, якi тут жа быў складзены з тым, каб канфiскаваць яго. Даходзiла чуць цi не да бойкi, але ўрэшце мiлiцыянты спынiлiся i адыйшлi. Гэта было ўжо каля 24 гадзiны ўначы. Напалохаўшыся такога вiзiту, Вiталь вымушаны быў кампутар схаваць у надзейнае месца. Гэта сiтуацыя нагадвае партызанскую вайну, калi людзi хавалi i закопвалi зброю дзе толькi маглi, абы яна не патрапiла ў рукi ворагу.
У Ваўкавыску АБЭПаўцы запатрабавалi дакументы на кампутары, але Мiкола Кавальчук адмовiўся прадстаўляць iх. Безсэнсоўная размова працягвалася больш гадзiны, пасьля чаго правяраючыя адыйшлi.
М.МIКАЛАЙЧЫК
|