Рэзананс
Яны хочуць адбыць «другі тэрмін»?
Што не скажа Лукашэнка, тое дагавораць яго падручныя. Так можна патлумачыць iнтрэв’ю «Сценарии и режиссёры» «чэснай» журналiсткi Людмiлы Маслюковай з першым намеснiкам кiраўнiка адмiнiстрацыi прэзiдэнта Ўладзiмiрам Замяталiным (гл. «Гродненская правда», 14 жнiўня г.г.). Уся каралеўская раць задзейнiчана ў апрацоўцы электарату. Цяпер надышла чарга найбольш спрактыкаваных, яшчэ той школы, кебiчаўскай...
Вiдаць, што цяперашнi кiраўнiк дзяржавы, адзiны i непаўторны, якiм ён сябе лiчыць, добра такi перапалохаўся. А разам з iм i яго верныя падручныя. Пагроза страцiць хлебныя i грашовыя пасады прымушае iх наўпрост брацца за алоўкi, крэмзаць паперу, лезцi на тэлеэкран, каб хоць на каленях выпрасiць у грамадзян «яшчэ адзiн прэзiдэнцкi тэрмiн». Для дасягнення гэтага прыдумваецца шалёны па свайму дзiкунству абман i ашуканства.
Палкоўнiку Замяталiну можна паспачуваць. Ну, куды ён пойдзе пасля паразы свайго шэфа на прэзiдэнцкiх выбарах! З бiяграфiяй Уладзiмiра Пятровiча (гл. «Кто есть кто в Беларуси», Москва., стр. 61-62) марна спадзявацца на паразуменне. Данецкае вышэйшае ваенна-палiтычнае вучылiшча i Ваенна-палiтычная акадэмiя iмя Ленiна выкавалi з яго палiтработнiка. Адно i ўмее, што абалваньваць народ i здраджваць тым, хто наблiзiў яго да сябе. Так было з былым прэм’ер-мiнiстрам Вячаславам Кебiчам. Тады паследаваў спрытны кульбiт – i вось ужо наш бравы палкоўнiк стаў адданым паплечнiкам новага кумiра – Аляксандра Лукашэнкi. На запэцканых эпалетах трывала замацаваўся надпiс: «Активный сторонник и организатор майского (1995) референдума, деятельный противник белорусского суверенитета». З такiм багажом сапраўды толькi можна паследаваць разумнай парадзе – чамадан-вакзал-Расiя. Аднак не хочацца развiтвацца з цёплым кабiнетам, дармовым заробкам, правам распараджацца лёсам такога талерантнага народа...
Ды што ж новага сказаў выбаршчыкам Уладзiмiр Замяталiн? Нiчога. Акрамя запалохвання жахамi, якiя наступяць, калi людзi зноў не абяруць Аляксандра Лукашэнку прэзiдэнтам. Выдатна распавядаецца пра магчымае разгортванне сiтуацыi «паводле Лукашэнкi». Будзе спроба, кажа ён, парушыць стабiльнасць у дзяржаве. Вынiкi выбараў апазiцыя аб’явiць пераможнымi для сябе. Гэта забяспечаць так званыя незалежныя назiральнiкi. Паралельны падлiк нельга дапускаць. Апазiцыя рыхтуе масавыя беспарадкi: 10 тысяч выйдуць на вулiцы, пральюць кроў, давядуць да смертазабойства...
«Гэтага хоча апазiцыя», – сцвярджае Лукашэнка, а за iм паўтарае Ўладзiмiр Замяталiн разам з Людмiлай Маслюковай. Чаго не скажаш, каб людзi пашкадавалi небаракаў, прагаласавалi за бедных. У аднаго Лукашэнкi, сцвярджае беларускi незалежны друк, ужо прыхавана на «чорны дзень» 2,5 мiльярда долараў. Сем гадоў дарэмна не губляў, працаваў. Людзям фiгу на зарплату, а сабе ў кiшэнь грошыкi за кожны прададзены азiятам ваенны самалёт, танк цi БТР!
Навошта гэта робiцца? Навошта людзей палохаюць страхамi, якiя самi i прыдумалi? Каб застацца ва ўладзе i далей дурыць народ, абiраць яго да нiткi. Кожны кiраўнiк краiны, якi хоча перавыбрацца на пасадзе, спасылаецца на дасягненнi ў эканомiцы, паляпшэннi жыцця грамадзян. Лукашэнка цвердзiць, што ён забяспечыў мiр i спакой у рэспублiцы. А што, хiба вайна пагражала Беларусi? Нашы суседзi, акрамя братняй Расii, заняты мiрным будаўнiцтвам. Беларусi слова кепскага не сказалi. Iм не да гэтага, шлях у Еўропу пракладаюць, самi вырашаюць свае праблемы.
Падумаць толькi, фальсiфiкатары Лукашэнкi папярэджваюць людзей пра магчымую фальсiфiкацыю прэзiдэнцкiх выбараў! Можна падумаць, што ў Цэнтрвыбаркаме заселi лютыя апазiцыянеры, i кiруе не прызначэнка Лукашэнкi – Лiдзiя Ярмошына, а якi-небудзь прадстаўнiк БНФ! На месцах ужо створаны выбарчыя камiсii. Там не аказалася нiводнага «падазронага» чалавека з дэмакратычным перакананнем. Усе навокал родныя, свае, савецкiя i правераныя. Выканаўчая ўлада зрабiла ўсё, каб не было створана нiякiх нечаканасцяў на шляху да прэзiдэнцтва менавiта Аляксандру Лукашэнку.
Усё прасцей. Гэта Ўладзiмiр Замяталiн «со товарищи» раскрываюць карты на выпадак пройгрышу Лукашэнкi на выбарах. Ясна, што ўладу яны не аддадуцьнi пры якiх умовах. Паспрабуюць сiлай унутраных войскаў «замацаваць» галаслоўнае сцвярджэнне Ярмошынай аб перамозе Аляксандра Рыгоравiча. Апазiцыя папярэджана: будзеце супрацiўляцца, не прызнаваць вынiкаў, прагалошаных Цэнтрвыбаркамам, пагаворым па-iншаму. А для чаго раптам напачатку верасня (выбары 9-га) на Гродзеншчыне праводзяцца вайсковыя вучэннi «Нёман-2001» з удзелам 10-цi тысяч салдат, 60 адзiнак ракет i артылерыйскiх сiстэм, 1000 адзiнак аўтатранспарту, 200 БТРаў, 40 самалётаў? А навошта спатрэбiлiся рэзервiсты – хлопцы ад 30 да 40 гадоў? Толькi гэта перакрэслiвае прыгожыя словы Замяталiна, якi прыкiдваецца авечкай i паказвае, што ёсць драпежны воўк.
Цяпер вядзецца апрацоўка грамадскай думкi: здарыцца можа ўсякае, i тады трэба будзе баранiць выбар народа ў 1994 годзе. А для гэтага ўсе спосабы прыдатныя. Хаця, канечне, кроў людская – не вадзiца...
Што да мадам Людмiлы Маслюковай, супер-карэспандэнткi «Советской Белоруссии», то яшчэ нядаўна яна працавала ў апазiцыйнай газеце «Народная воля». Мне даводзiлася некалькi разоў слухаць яе выступленнi на семiнарах у Гродне, куды яна прыязджала з незалежнымi журналiстамi краiны i горача расказвала пра неабходнасць баранiць свабоду, кляймiла нягоднасць лукашэнкаўскай улады, заклiкала да яднання дэмакратычных сiлаў. Пiсала пра гэта ў сваёй газеце, выкрывала правакацыi «вертыкалi». Цяпер пiша зусiм iншае i наадварот. Такiя вось кульбiты. Ну проста, як у Замяталiна. Таму яны i «поговорили» ў iнтэрв’ю няхiтра так, па-простаму, бо кожнае пытанне i адказ заранёў вядомыя. Яна ведала, пра што пытацца, а ён – якiя адказы даваць. Кропкi i коскi праверылi надзейныя асобы з адмiнiстрацыi прэзiдэнта. 30 сярэбранiкаў зароблена. А чаго больш трэба? Нi ён, нi яна да Беларусi адносiн не маюць. Прыезджыя асобы. Сумленне не замучыць. Так i жывём. Мы тут. Яны – там. Кожны будучыню бачыць па-свойму. Але добрай для сябе.
Антон ЛАБОВIЧ
|