Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

Жанчына ў шляхецкім грамадстве XVI-XVII ст.

Для трывалай патрыярхальнай шляхецкай сям’i i стабiльнага грамадства неабходна была выхаваная i адукаваная жанчына. Ад яе залежыў сямейны дабрабыт i выхаванне будучага пакалення.

Статус шляхцянкi значна павышаўся, калi яна выходзiла замуж. Жанчына атрымлiвала магчымасць самой кiраваць у новай сям’i. Шлюб даваў ёй правы самастойна выступаць у эканамiчнай, юрыдычнай, сацыяльнай, рэлiгiйнай, культурнай сферах. Шматлiкiя дакументы сведчаць, што шляхцянка вяла даволi актыўнае жыццё. Яна заключала дагаворы, пазычала, брала ў доўг, купляла маёмасць. Так, жонка абознага ВКЛ Яна Казiмiра Валовiча Кацярына Ружа падпiсала ў 1696 г. кантракт з яўрэямi на арэнду карчмы ў мястэчку Басi на 3 гады. Ваўкавыскi возны зафiксаваў, што яўрэй Лейба не выплацiў сваячасова доўг Гальшцы Краеўскай Адамовiч (1653). Жонка Ўладзiслава Казаноўскага Iзабэла Масальская пазычыла 500 злотых у шляхцянкi Пiнскага павету Ганны Любамiрскай Фiлецкай (1653). Пазыковыя запiсы фiксавалiся памiж мужам i жонкай. Дачка менскага войскага Стэфана Ваньковiча Ганна пацвердзiла атрыманне ад мужа Фёдара Адамовiча 400 коп лiтоўскiх грошаў, якiя ён пазычыў у мiнулым 1576 годзе. Магдалена Дашкавiчоўна разам з мужам Самуэлям Радзiшэўскiм прадала маёмасцi Злацкаўшчызна, Радзiвалавiчы, Багданаўшчызна, Савiцкаўшчызна ў Слонiмскiм павеце Якубу Касперовiчу i яго жонцы Канстанцыi Раманоўскай (1695). Рэестр дакументаў Барбары Карскай за 1672-1676 гг. вельмi добра iлюструе яе дзейнасць. У iм сустракаюцца квiты на атрыманне падаткаў, пазыковыя запiсы, прыватная перапiска, тэстаменты, спiсы рэчаў, рэестры справаў з разнастайнымi асобамi i iншае. Пра хатнiя справы жанчыны клапацiлiся нават у асабiстай перапiсцы. Марыя Хмара пiсала свайму сыну Гiлары, што град пабiў жыта i нанёс гаспадарцы вялiкiя стараты, i што жыта неабходна купiць зараз, бо потым яно будзе каштаваць даражэй.

Эканамiчная актыўнасць шляхцянак нiчым не абмяжоўвалася. Яны выступалi ў эканамiчных аперацыях нароўнi з мужчынамi. Часам жанчыны вялi свае маёмасныя справы больш паспяхова, чым мужчыны. Менскi кашталян, смаленскi i мсцiслаўскi ваявода Петр Мiкалаевiч Дарагастайскi пастаянна пазычаў грошы ў сваёй жонкi Барбары Вайцяхоўны Шэмет на харчаванне, лячэнне, удзел у вальных сеймах, гаспадарскую службу, выкуп з маскоўскага палону. Ён меў маёнткi ў Менскiм i Ашмянскiм паветах, але яны былi закладзены. Па дакументах бачна, што iх ўтрымлiвала жонка. Каб не яе ўменне весцi маёмасныя справы, то сям’я даўно бы разарылася. Жонка ашмянскага стольнiка i харунжага Станiслава Пазняка Марцыбэла Анфаровiч запраўляла ўсiмi справамi ў маёнку мужа Солы (Ашмянскi павет). Яшчэ пры жыццi яго яна зрабiла сабе капiтал. Пасля смерцi мужа (кл.1711) Марцыбэла жыла ў гэтым маёнтку i кiравала iм.

Шляхцянкi былi не менш актыўныя i ў юрыдычнай сферы. Жанчыны выдавалi прывiлеi, падавалi скаргi, судзiлiся, актыкавалi свае дакументы ў кнiгах трыбунальскiх, гродскiх i земскiх судоў. Кацярына Астрожская Замойская дала прывiлей Тамашэўскаму ткацкаму цэху, якi пацвярджаў яго статут (1641). Праз год яна падпiсала дакумент Тамашэўскаму цэху слесароў, кавалёў, мечнiкаў i iнш. Ганна Радзiвiл Кiшка дазволiла не плацiць 10 год падаткi тым, хто будаваў дамы на пустых землях у Кейданах (1643). Жонка мазырскага старосты Iзабэла Хадкевiч вызвалiла карчму Мялецкай царквы ад капшчызны з пiва, мёду i гарэлкi (1693). Жанчыны падавалi скаргi. Паланея Васiлеўна Копаць Валовiч скардзiлася на разнiшэўскага дзяржаўцу Каспара Дэмбiцкага i яго жонку Марыну Iванаўну Копаць за наезд на маёнтак Верхавiцкi, пагром, крадзеж рэчаў. Жонка Андрэя Туганоўскага Дар’я Сакалоўская скардзiлася на Пятра Мураўскага. Ён разам з братам быў на пастоi ў яе, з’ехаў i скраў дзве срэбраныя лыжкi i прыправы, якiя яна прыгатавала для свайго брата.

Шляхцянка звярталася ў суд не толькi ў выпадку крымiнальных спраў, але пры вырашэннi спрэчных маёмасных пытанняў. Яна падавала скаргу самастойна цi з бацькам, мужам або сынам, цi наймала каго-небудзь, каб прадстаўляў яе iнтарэсы ў судзе. Але паўнапраўнай юрыдычнай асобай жанчына станавiлася толькi пасля ўступлення ў шлюб. З гэтага часу i заканадаўства, i судаводства надзялялi яе шырокiмi правамi, якiя мала ў чым саступалi правам мужчын. Шляхцянкi не выбiралiся на сеймы i сеймiкi, не маглi быць сведкамi пры завярэннi дакументаў. Аднак паступова жанчыны настолькi пранiклi ў юрыдычную сферу, што гэта выклiкала абурэнне з боку шляхцiцаў. Iнструкцыя на сейм шляхты Берасцейскага ваяводства за 1735 г. адзначала, што жанчын трэба адсунуць ад права валодання прывiлеямi.

Судовая практыка мае выпадкi, калi скаргi падавалiся на жанчын за ўдзел у разбойным нападзе на суседзкiя маёнткi i падданых. Так, Мiхаiл Масальскi скардзiўся на Фёдара Масальскага i яго жонку Ганну, што з iх ведама былi пабiты яго людзi Лукаш Варабеявiч Рэзнiк i цiвун Андрэй Дробны. За гэты ўчынак яны павiнны былi выплацiць грашовы штраф (1613). У скарзге Якуба Эйсманта на Барталамея Станiслававiча Талочка i яго жонку Паланею Цыплянку адзначалася, што яго пабiлi, калi ён хацеў узяць «галаўшчызну» за смерць бацькi. Барталамей Талочка разам са сваiмi слугамi i слугамi жонкi напаў на яго, жорстка збiў i загнаў у балота. Спачатку шляхцiца прыгаварылi да вывалання. Ён не згадзiўся з прыгаворам i атрымаў 24 тыднi сядзення ў Гарадзенскiм замку. Жонку пакiнулi без пакарання (1615). Да грашовага штрафу i выгнання з ВКЛ прысудзiлi Яна Рашкоўскага i яго жонку Ганну Вяпрынскую, якiя разам з слугамi нападалi на шляху (1696). Не абыходзiлi такiя здарэннi нават царкоўную маёмасць i святароў. Ад iмя дамiнiканскага манастыра ў Сейненах падаў скаргу Данiла Храноўскi на Паўла Стабiнскага, дрысенскага старосту Адама Семпкоўскага i яго жонку. Гэтыя тры асобы разам з узброенымi слугамi пашкодзiлi дрэвы, палi i мяжу ўладанняў манастыра (1651). Шляхцiцы Гарадзенскага павету Федар Юр’евiч Кулiкоўскi i яго жонка Марыяна Талочка, Рыгор Марцiнавiч Эйсмант i яго жонка Хрысцiна Лаўрэнцеўна з дапамогай арганiста абрабавалi Навадворскi касцёл (1669). Гэтыя выпадкi паказваюць, што жанчына не заўсёды была ахвярай. Яна таксама магла ўдзельнiчаць у неправавых дзеяннях. Нават калi шляхцянка сама не прымала непасрэдны ўдзел, але ведала пра злачынства мужа, то яна таксама ўзгадвалася ў скарзе.

Шмат шляхцянак рэлiзоўвалi сябе ў рэлiгiйным мецэнацтве, рабiлi фундацыi самастойна цi з мужамi. Наваградскi кашталян Аляксандр Iванавiч Палубiнскi i Соф’я Юр’еўна Гальшанская запiсалi вiленскаму Свята-Троiцкаму праваслаўнаму брацтву маёнтак Судэрвы ў Вiленскам павеце на заснаванне там праваслаўнай школы (1593). Трокскi падкаморы Багдан Мацвеевiч Агiнскi i Раiна Рыгораўна Валовiч пабудавалi ў сваiм маёнтку Еўе (Трокскi павет) праваслаўную царкву. У 1619 г. яны вырашылi перадаць ёй гэты маёнтак i маёнтак Алеснiцкi, каб там заснавалi манастыр, школу, тыпаграфiю. Праз 14 год, калi муж ужо памёр, Раiна Рыгораўна зноў пацвердзiла фундуш, падаравала 6 000 злотых i Евейскую пушчу. Гетман ВКЛ Крыштаф Радзiвiл i Ганна Кiшка (?-пасля 1642) далi разам 25 000 злотых на фундацыю збораў у мястэчку Кейданы, вёсках Бiржы i Баянарава (Ковенскi павет) (1631). Жонка Аляксандра Капусты Аляксандра, жонка берасцейскага падкаморыя Мiхаiла Паца Агаф’я Соф’я, жонка Iеранiма Жабы Ганна Залеская, Брандэрбургская макграбiна Людвiка Каралiна Радзiвiл (1667-1695), Кацярына Грабоўская (1663-1729/30) i iншыя жанчыны рабiлi фундацыйныя запiсы разнастайным рэлiгiйным установам.

Прыведзеныя прыклады паказваюць, што шляхцянка мела даволi высокi статус у грамадстве, якi быў падмацаваны шырокiмi правамi. Жанчына вяла гаспадарку з веданнем тагачаснай эканамiчнай сiстэмы. У судзе яна магла выступаць i як ахвяра, абараняючы свае правы, i як злачынца. Многiя шляхцянкi актыўна падтрымлiвалi рэлiгiйныя плынi. Праз гэтыя рычагi прадстаўнiцы шляхецкага саслоўя ўплывалi на сацыяльнае жыццё i на асяроддзе, у якiм яны знаходзiлiся.

Наталля Слiж

1. Невядомы мастак. Партрэт Людвiкi Каралiны Радзiвiл. Другая палова XVII ст.

2. Невядомы мастак. Партрэт кацярыны Астрожскай. Каля 1597 г. Нацыянальны музей у Варшаве

Назад