Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

Там пануе дух дзяржаўны...

Раённыя газеты Гродзеншчыны таксама ўключылiся ў перадвыбарную прэзiдэнцкую гонку. Асаблiва не разагналiся, але i не марудзяць. Друкуюць паведамленнi Цэнтрвыбаркама, мясцовых органаў кiравання, якiм даручана арганiзацыя падрыхтоўкi i правядзення выбараў-2001. Пераважаюць маленькiя iнфармацыйныя паведамленнi. Але часам сустракаюцца варыяцыi на вольныя тэмы, але з iдэалагiчным ухiлам i толькi ў адзiн бок...

Звяртае на сябе ўвагу факт любовi ўсiх без выключэння рэдактараў раённых газет да галоўнага прэзiдэнцкага рупару – «Советской Белоруссии». Менавiта з гэтага выдання перадрукаваны публiкацыi «Сцэнарыi i рэжысёры» Л. Маслюковай, «Гутарка з бацькам пра час i прэзiдэнта» А. Чарнiцкага, «Зданi ў зале «Сукно» С.Сяргеева, «Выкрадальнiкi Д.Завадскага чакаюць суду» А.Шэлеставай. Другое «супадзенне» ў тым, што гэтыя матэрыялы з’явiлiся на старонках газет акурат напярэдаднi i ў час збору подпiсаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў на пасаду прэзiдэнта.

Перадрукоўкi

Гэтыя перадрукоўкi зроблены менавiта па ўказаннi прапрэзiдэнцкiх iнстанцый.

З асаблiвай пачцiвасцю да iх ставяцца ў рэдакцыi газеты «Слонiмскi веснiк» (рэдактар Марыя Данюк). Грамадска-палiтычнае жыццё тут адлюстроўваецца шырока. Праўда, аднабакова, усё больш пiшацца, што Лукашэнку гарантавана 100-працэнтная падтрымка. Пра гэта сведчыць допiс сакратара Слонiмскай арганiзацыi КПБ Уладзiмiра Маменкi «Камунiсты падтрымлiваюць». Вядома, Лукашэнку на пасаду прэзiдэнта Беларусi, бо ён вядзе правiльную палiтыку ў эканомiцы, сацыяльных пытаннях.

Увесь гумар гэтага паведамлення ў тым, што ў папярэднiм нумары былi змешчаны звесткi аб рабоце Слонiмшчыны за паўгода. У раёне 44,8 працэнта ад агульнай колькасцi стратныя прадпрыемствы. Такая вось правiльная эканамiчная палiтыка павадыра...

З газеты «Рэспублiка» пазычана iнтэрв’ю з жонкай Лукашэнкi Галi-най Радзiвонаўнай «Жизнь президента я знаю лучше, чем кто-либо другой...». У гэтым нiхто не сумняваецца. Асабiста я чакаў ад журналiста аднаго простага пытання да галоўнага спецыялiста Шклоўскага раёна па аздараўленнi Г.Р.Лукашэнкi (па сумяшчальнiцтву жонкi прэзiдэнта): чаму яна дагэтуль не жыве з мужам як нармальная сям’я?

«Воранаўская газета» (в/а рэдактара Мiхаiл Трушко) таксама крочыць правiльным шляхам.

Загадчык аддзела грамадска-палiтычнай iнфармацыi райвыканкама А.Вiзгалаў у карэспандэнцыi «Хорошо подумайте, за кого голосовать» робiць адкрыццё, што «оппозиция – исключительно политическое явление», гаворыць аб празаходнiх функцыях «гэтых «ганчары- каў» i «домашаў». Выбары будуць не памiж прэзiдэнтам i апазiцыяй, а памiж Лукашэнкам i Захадам. Аўтар спрабуе, i няўдала, абаранiць нiкчэмную палiтыку Лукашэнкi: «Решающей причиной падения жизненного уровня как раз и является разрушение нашего бывшего государства в 1991 году». Маўляў, не Лукашэнку трэба ў гэтым вiнавацiць, а сябе, панове дэмакраты. Не будзем спрачацца з раённым работнiкам на нiве прапаганды i агiтацыi. Але няхай адкажа, чым займаўся апошнiя сем гадоў яго любiмы кiраўнiк? Iншыя краiны паспелi за гэты час выйсцi з агульнага крызiсу 90-х гадоў. У Беларусi працягваюцца размовы аб рыначным сацыялiзме...

Прапаганда не ведае лiчбаў

Усе раённыя газеты паведамiлi аб стварэннi ўчастковых выбарчых камiсiй, надрукавалi iх склад. На старонках з’явiлiся знакамiтыя «водгукi працоўных». Журналiсты са стажам ведаюць, што гэта такое. Знаходзяць патрэбнага чалавека i ад яго iмя пiшуць паведамленне на зададзеную тэму. «Ашмянскi вес-нiк» (рэдактар Ю.Нiкалаеў) надрукаваў iнфармацыю ветэрана вайны i працы, члена КПБ А.Кадолкi «Лёс Бацькаўшчыны мяне хвалюе таксама». Лукашэнка клапоцiцца аб ветэранах – вось лейтматыў допiсу. Вiдаць, без яго ўмяшальнiцтва не будзе вырашана праблема, якая хвалюе аўтара: «Асаблiва прыкра, што на так званых «кропках» прадаюць самагонку «сумнiцельнай якасцi». Што нi кажы, а якасць трэба падымаць, пажадана, з дапамогай прэзiдэнта.

Шматлiкi пазаштатны актыў аказаўся ў газеты «Зара над Нёманам» (Масты, рэдактар С.Звяровiч). Тут не знiкае рубрыка «Мастаўчане падтрымлiваюць Прэзiдэнта». Старшыня Харцiцкага сельсавета Ў.Маскаль, стараста вёскi Пацавiчы Ў.Плытнiк, ветэран вайны i працы А.Шышмакоў, загадчык Мiжаўскай сельскай бiблiятэкi Г.Дзенiсевiч, старшыня райсавета ветэранаў вайны i працы Л.Варанец агiтуюць за падтрымку Лукашэнкi на выбарах.

У газеце «Полымя» (Карэлiчы, рэдактар Iван Шлык) матэрыял «Першыя – сярод краiн СНД» дае адказ на пытанне чытача, нiбыта Беларусь мае самы нiзкi ўзровень жыцця. Лухта гэта, сцвярджае газета. У нас самы малы паказчык беспрацоўя – каля ста тысяч чалавек на дзесяць мiльёнаў, а вось у Лiтве – 200 тысяч на 3,5 млн. чалавек. У нас сярэдняя зарплата амаль 80 долараў ЗША. У Лiтве – 300? А колькi там за кватэру, iншыя паслугi трэба заплацiць? Не, у нас сама лепш жывуць грамадзяне!

Але дастаткова зазiрнуць у вынiкi работы галiн народнай гаспадаркi Карэлiччыны за першае паўгоддзе, каб гонар саступiў месца горычы. Хваляцца надоямi за паўгоддзе – 1347 кг малака на карову. Няхай да новага года надояць столькi ж. Атрымаем 2697 кг. На такую карову сорамна i корм пераводзiць. План продажу дзяржаве мяса выкананы на 113 працэнтаў. Звыш патрэбнага прададзена 375 тон. Зноў жа выдатна! Аднак сярэднясутачныя прывагi буйной рагатай жывёлы i свiней сведчаць, што продаж жывёлы вядзецца вымушана, з-за бяскормiцы. Нагрузка на жнiве на камбайн склала 147 гектараў. Вось тут i патрэбна параўнанне. Навукова даведзеная норма – 80 га. У калгасах «Знамя победы», «Лукi» намнога большыя плошчы прыходзяцца на камбайн. У калгасе «Мiрскi» наогул 230 гектараў!

Навучыцеся аналiзаваць лiчбы, панове агiтатары! Навошта бессаромна дурыць сялян i пры гэтым прызнаваць, што «финансовое состояние хозяйств очень сложное», адбылося знiжэнне рэалiзацыi тавараў нехарчовай групы. Скажыце проста: зарплата ў сельскай гаспадарцы раёна вясной раўнялася 52,8 тысячы рублёў. Падумайце лепш, як забяспечыць прыстойнае жыццё 11,4 тысяч пенсiянераў раёна, у тым лiку 227 iнвалiдаў, 309 удзельнiкаў вайны, 427 сем’яў загiнуўшых i памерлых ад ран, звыш двух тысяч адзiнокiх i адзiнока жывучых. Навошта ж пiсаць — добра жывём. Каб вы так самi жылi, як пiшаце!

Гэткi падыход да справы нагадвае мне артыкул трэнера Аляксандра Бортнiка «Президент прав, вкладывая деньги в спорт», надрукаваны в газеце «Наш час» (Ваўкавыск, рэдактар Мiкалай Кiсляк). Але навошта тады друкаваць аналiтычны агляд «Полугодие не оправдало надежду». Выпуск таварнай прадукцыi склаў усяго 97,1 працэнта. 11 прадпрыемстваў з 17 не дацягнулi нават да мiнулагодняга ўзроўню. Трэба клапацiцца аб эканомiцы, развальваецца на вачах. А вы кажаце, што грошы трэба ўкладваць у спорт. Усяму свой час.

Выбарчы працэс – на кантролi

Прэзiдэнцкiя выбары – гэта дзяржаўны клопат.

Пра сур’ёзнасць сiтуацыi сведчаць паведамленнi аб праверцы падрыхтаванасцi Радзiвонiшкаўскага i Маламажэйкаўскага выбарчых участкаў, што на Лiдчыне. Сюды завiталi намеснiк старшынi райвыканкама В.Баранаў, кiраўнiк раённай камiсii па выбарах прэзiдэнта М.Роўба, загадчык аддзела арганiзацыйна-кадравай работы райвыканкама А.Глаўнiцкi. Сустрэчы з iдэалагiчным актывам Лiдчыны правялi вучоныя I.Коўкель, У.Ягорычаў, I.Крывашчокаў. Гаварылi аб знешнепалiтычным курсе Беларусi, задачах эканамiчнага i палiтычнага развiцця краiны. У працоўных калектывах яны вялi размовы пра выбары.

У Ашмянах лектарскiя групы штодзень выступаюць перад працаўнiкамi ўстаноў i прадпрыемстваў. Актыўнасць праявiлi пракурор В.Бутрым, памочнiк пракурора Д.Дайлiдка, юрысты С.Малец, А.Лянкевiч, юрысконсульты Н.Зiневiч, Г.Сiнкевiч, В.Зык. У Ашмянах створана каардынацыйна-кансультатыўная група па садзеяннi раённай i ўчастковым камiсiям у падрыхтоўцы i правядзеннi выбараў на чале са старшынёй райвыканкама В.Кудыркам. I так паўсюдна.

«Вертыкаль» учэпiста трымае на кантролi выбарчы працэс. Надзейна адсунуты з палiтычнай арэны Саветы. Нiводная газета не змясцiла матэрыялаў аб адсутнасцi ў выбарчых камiсiях прадстаўнiкоў няўрадавых грамадскiх арганiзацый. Мiж iншым, гэта вялiкая праблема, якая патрабуе разбiраль-нiцтва. Работнiкi дзяржаўных СМI не асмеляцца i слова сказаць у абарону незаконна адкiнутых актывiстаў дэмакратычных арганiзацый. Няма матэрыялаў аб зборы подпiсаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у прэзiдэнты. Хаця б пра iнiцыятыўныя групы Лукашэнкi паведамiлi. А так невядома, якiм чынам ён сабраў свае 300 тысяч «за». Навошта такая таямнiца? Цi ёсць аб чым прамаўчаць?

Сапраўды, слова – не верабей. Надрукаванае застаецца. Як сведчанне пазiцыi людзей цi яе адсутнасцi, маўклiвай згоды, заангажаванасцi. Цяперашнi раённы друк цалкам i поўнасцю знаходзiцца пад кантролем «вертыкалi».

Антон ЛАБОВIЧ

Назад