Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

Сям'я і дзеці ў шляхецкім грамадстве

Iнстытут сям’i з’ўляецца ўнiкальным i адзiным у сваiм родзе. Ён прызнаецца даследчыкамi асноўным носьбiтам культурных узораў, якiя перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Усе першасныя навыкi чалавек набывае менавiта ў сям’i.

Шляхецкая сям’я мела патрыярхальны ўклад. На той час феадальнае грамадства было пабудавана па патрыярхальнай мадэлi. Увогуле весь сусвет быў так створаны. Бог уя’ўляўся як айцец, якi любiў сваiх дзяцей i дараваў iм iх грахi. Кароль быў айцом Рэчы Паспалiтай, а феадал – бацька для сялян. Такiм чынам, патрыярхат стварыў сiстэму, якая мела моцныя ўнутрычалавечыя сувязi. Пераемнасць у феадальнай сям’i iшла па мужчынскай лiнii.

Для дзiцяцi сям’я з’яўлялася першай групай, з якой пачыналася яго развiццё як асобы. Гэты iнстытут даваў выхаванне i адукацыю, далучаў да шляхецкай культуры i традыцый.

З’яўленне дзiцяцi ў свет чакала ўся сям’я. Асаблiвыя надзеi былi на нашчадкаў мужчынскага полу. Але далёка не ўсе дзецi дажывалi да дарослага перыяда. Часта яны памiралi, не пражыўшы i года. Здаралася i так, што нават у дзень свайго нараджэння, пражыўшы некалькi гадзiн. З 6 дзяцей жмудскага старосты Станiслава Радзiвiла (1559-1599) i Марыяны Мышчанкi (1563-1600) да паўналецця дажылi 4. Жонка Паўла Якаўлевiча Ўнiхоўскага Кацярына Трызна за 22 годы нарадзiла 17 дзяцей. З iх было тры пары блiзнятаў. Да падлеткавага ўзросту не дажылi 5 дзяцей. Пасля апошнiх родаў Кацярына памерла. Жонка вiлькамiрскага лоўчага Рахель Юдзiта Гадэбска Пачобут Адлянiцка (1649-1682) за 13 год шлюбу была цяжарна 12 разоў. З iх – 3 выкiдышы i 4 памерлi, не пражыўшы года. Часта з’яўленне на свет чалавека каштавала жыцця яго мацi. У той час медыцына не магла зрабiць роды бяспечнымi. Жанчыны цяжарылi амаль кожны год, што значна паслабляла арганiзм i прыводзiла да смерцi ў маладым узросце.

Шляхцiцы вельмi перажывалi смерць сваiх нашчадкаў. Мiкалай Крыштаф Радзiвiл цяжка ўспрыняў смерць малых дзяцей сына Мiкалая (1588) i блiзнятак Хрысцiны (1599) i Кацярыны (1600). Наваградскi падсудак Фёдар Ёўлашоўскi са смуткам пiсаў пра смерць жвавага ўнука Станiслава (7 снежня 1603). Ён пражыў толькi 7 месяцаў. Вiлькамiрскi лоўчы Ян Уладзiслаў Пачобут Адлянiцкi i Рахель Юдзiта Гадэбска былi вельмi засмучаны смерцю сваiх дзяцей. Станiслаў Незабытоўскi i Марыяна несуцешны былi з-за смерцi сына Казуся. Цяжкiя выпрабаваннi выпалi на яго сям’ю ў перыяд 1695-1700 гг., калi ў iх памёрла 7 унукаў. Дзецi былi ва ўзросце ад 1 дня да 2 гадоў.

Пасля нараджэння бацькi спяшалiся хрысцiць дзiця, бо не ведалi, колькi яму наканавана пражыць. Смерць без прывядзення да веры ўспрымалася дрэнна. Нехрышчоных шляхецкiх дзяцей таксама хавалi ў сямейных склепах. Хрышчэнне азначала далучэнне да веры i ўвядзенне ў грамадскае кола. Навароджанаму абiралi хросных бацькоў. Пасля царкоўнага абраду адбывалася святкаванне падзеi. Хроснай першага сына Яна Цадроўскага i Ганны Мiрскай была жонка Станiслава Залескага Алена Воўкава (1651). Мсцiслаўскi падчашы Стэфан Цадроўскi i яго старэйшы сын Ян прысутнiчалi на гэтым хрышчэннi. 13 лютага 1672 г. у Песках (Слонiмскi павет) Ян Уладзiслаў Пачобут Адлянiцкi i Ганна Барбара Копаць Выганоўская хрысцiлi дзяўчныку, якой далi iмя Ружа. Некалькi дзён адзначалi падзею з добрай музыкай i танцамi. Кумамi сына Яна Незабытоўскага Стэфана Станiслава сталi пiнскi падстолi Атэнауз, Самуэль Дамаслаўскi, хелмскi стольнiк Сянiцкi, Багуслаў Алендзкi, Чыж, Фелькезан, маёр Ашард i iх жонкi (1696). Колькасць хросных не была строга нармiравана, бацькi рабiлi гэта на ўласны густ. На ролю хросных запрашалi знакамiтых асоб. Кароль Уладзiслаў IV i каралева Хрысцiна хрысцiлi сына канцлера Льва Сапегi Казiмiра Ляона (1609). Для дачкi вiленскага кашталяна Януша Радзiвiла Соф’i Агнешкi быў абраны шчэцiнскi князь Францiшак (1618), а для яго сына Багуслава – Фрыдэрык V (1620). Былi выпадкi, калi ў шляхты кумамi станавiлiся «ўбогiя». Багдана Багданавiча Саламярэцкага (1589-кл.1630) хрысцiў нейкi ўбогi стары (1589). З гэтай жа катэгорыi былi абраны хросныя для дзвух першых дачок Крыштафа Кiшкi Кацярыны (1621) i Альжбеты (1622), дачкi Яна Ўладзiслава Пачобута Адлянiцкага Клары (1671), сына Дамiнiка Пачобута Адлянiцкага (1678-1709) Казiмiра Мiхаiла (1706).

Падчас хрышчэння навароджанаму надавалася iмя. З прыняццем хрысцiянства ў жыццё ўвайшло шмат хрысцiянскiх мужчынскiх i жаночых iмёнаў. Найбольш распаўсюджаным для хлопцаў было iмя Аляксандр, Казiмiр (заступнiк ВКЛ), Крыштаф, Марiн, Мiхаiл, Мiкалай, Станiслаў, Стэфан, Самуэль, Уладзiслаў, Юрый, Януш, Ян, для дзяўчынак – Альжбета, Алена, Аляксандра, Ганна, Кацярына, Марыя, Соф’я. Рэдка сустракалiся такiя iмёны як Анiкей, Ксаверый, Севярын, Рахель, Ружа, Сiбiлiя i iншыя. Распаўсюджанай з’явай было названне дзяцей у гонар бацькi цi мацi. Другое iмя сыноў Яна Жаркоўскага i Хаецкай Ежы Крыштафа было Ян. Ашмянскi стольнiк Аляксандр Слiзень i Кацярына Фахоўская аднаго з сыноў назвалi Аляксандрам. Падляшскi ваявода Мiкалай Юр’евiч Пац i Аляксандра Гальшанская абралi для першага сына iмя Мiкалай. Вiленскi ваявода Ян Глябовiч i Ганна Станiславаўна адну з 5 дачок назвалi ў гонар мацi. Вельмi часта ўжывалi iмёны, якiя пераходзiлi ад бацькi да сына. У Саламярэцкiх карысталася папулярнасцю iмя Багдан, у Шэметаў – Мельхер, у Радзiвiлаў – Мiкалай, Станiслаў, Ян, у Хадкевiчаў – Ян, Iеранiм.

Тыповым у XVI ст. для шляхты стала даваць iмёны з двух слоў: (iмя+прозвiшча). Напрыклад, Януш Корсак, Гаўрыла Гарнастай i iншыя. Гэта форма шырока ўжывалася ў тагачасных дакументах. У XVII ст. з’явiлiся на каталiцкi ўзор найменнi з двума ўласнымi iмёнамi: Людвiк Канстанта Пацей, Людвiка Каралiна Радзiвiл i iнш. Другое iмя не заўсёды, як у Мiкалая Крыштафа Сапегi, належала бацьку. Паралельна з гэтымi тыпамi наймення ў гэтыя перыяды сустракаецца ўжыванне iмя па бацьку: Ганна Мiкалаеўна Масальская, Сямён Канстанцiнавiч Жаба i iнш.

У пачатку жыцця дзiцём, незалежна ад яго полу, займалася мацi. Ёй дапамагалi кармiлiцы i служкi. Да 7-8 год выхаванне магло праходзiць па-рознаму. Бацькi аддавалi сваiх нашчадкаў бабулям i дзядулям, цi ў сем’i сваякоў. Маленькага шляхцiца маглi аддаць на выхаванне ў сям’ю сярэдняга цi дробнага шляхцiца. Пасля выхаду ў свет рамана Ў. Караткевiча «Каласы пад сярпом тваiм» у навуковы зварот увайшло апiсанне звычаю «дзядзькавання», калi шляхцiца аддавалi ў сялянскую сям’ю для выхавання добрых фiзiчных i духоўных якасцяў. Але такiх фактаў у прыватных дакументах аўтарам не знойдзена.

Як адбываўся працэс выхавання, вызначыць даволi цяжка. Крынiцы не змяшчаюць падрабязных апiсанняў. Вядома, што аўтарытэт бацькоў у феадальнай сям’i быў непахiсным.

У дакументах сустракаюцца апiсаннi рысаў характару, якiя б бацькi хацелi бачыць у сваiх дзецях. Берасцейскi ваявода Крыштаф Дэспат Зяновiч жадаў, каб дзецi былi паборнiкамi кальвiнiзму. Сыну Мiкалаю нагадваў, што трэба слухацца мацi, абараняць i апекаваць яе, служыць сваёй Айчыне, добра ставiцца да братоў па шляхецкай крывi, нiкому не казаць дрэнных слоў. Вiленскi ваявода Мiкалай Радзiвiл Сiротка наказваў сваiм сынам Мiкалаю Крыштафу, Яну Ежы, Альбрэхту Ўладзiславу, Каралю Жыгiмонту, Аляксандру Людвiку прытрымлiвацца хрысцiянскай веры, жыць у мiры, служыць Вялiкаму княству Лiтоўскаму i каралю, баяцца, як полымя, растратаў, п’янства, пышных убораў, спакусаў маладосцi, мiласэрна абыходзiцца са слугамi (1612). Ян Дамаслаўскi наказваў сваiм сынам Самуэлю i Генрыху, каб яны шанавалi Бога, не крыўдзiлi мацi Ганну Алену, слухалiся яе, паважалi старэйшых, пачцiвыя былi да сваякоў i апекуноў (1675). З малога ўзросту ў шляхцiцах выхоўвалi набожнасць, павагу да бацькоў, старэйшых i сваякоў, рыхтавалi iх да выканання абарончай функцыi ў сям’i, спрыялi iх кар’еры i поспеху ў асяроддзi. Бацькi жадалi бачыць сваiх сыноў годнымi шляхцiцамi, якiя займаюць высокiя пазiцыi не толькi па праву нараджэння, але i па сваiх чалавечых якасцях.

Адукацыя i выхаванне дзяўчынак была пастаўлена па-iншаму. У асноўным iх рыхтавалi да сямейнага жыцця. Шляхцянак вучылi пiсьму, чытанню, рэлiгiйным законам. Асаблiва вылучалiся адукаванасцю ў сферы рэлiгii пратэстанткi. У выхаваўчым працэсе значная ўвага звярталася на фармаванне ў шляхцянкi такiх якасцяў, як цнатлiваць, рэлiгiйнасць, гаспадарлiваць. Яе рыхтавалi да ролi будучай мацi i гаспадынi. Гэтая тэндэцыя ў выхаваннi найбольш яскрава праявiлася ў XVII ст. Для дзяўчыны галоўным iнстытутам быў шлюб. Яна ўступала ў яго ў даволi юным узросце. Найлепшым месцам для такога выхавання быў кляштар. Больш магчымасцяў у адукацыi дзяўчат з’явiлiся толькi ў XVIII ст.

Як бачым, дзецi былi галоўнай мэтай пры стварэннi феадальнай сям’i. Без iх шляхецкае грамадства не магло ўзнаўляцца. Пазiцыi дзяцей у сям’i залежылi ад iх полу. Сыны мелi асобы статус як прадаўжальнiкi роду. Яны былi асноўнымi спадкаёмцамi бацькоўскай маёмасцi. Пасля смерцi бацькi сыны займалi яго месца i станавiлiся абаронцамi сваёй сям’i. Дзяўчыны выходзiлi з кола сям’i, у якой нарадзiлiся, i набывалi ролю гаспадынь ў iншых сем’ях.

Наталля СлIж

Назад