Традыцыя i культура шляхецтва закладвалася на працягу XVI стагоддзя. Перыяд XVI ст. прайшоў пад эгiдай Рэнесанса i Рэфармацыi. Адраджэнне ўнесла ў паўсядзённае жыццё антычны позiрк на цела i гэтым адышло ад сярэднявечных дагматаў.
Яшчэ да панавання Рэфармацыi свецкi шлюб быў найбольш прыймальнай i распаўсюджанай формай шлюбу ў грамадстве ВКЛ, бо праваслаўная царква была даволi слабая i не змагла ўзяць пад жорсткi кантроль шлюб. Пры заключэннi свецкага шлюба нявесце давалiся пасаг , жанiх апiсваў ёй вена (забеспячэнне) на 1/3 маёмасцi. Абавязкова рабiлi вяселле. Пазiцыi нявенчанай жонкi не былi нiжэй венчанай. Распаўсюджанне гэтай з’явы пацвярджае грамата Жыгiмонта Аўгуста за 1547 г. Яна была адрасавана князям, панам, ваяводам, старостам, княгiням, паненкам, удовам, баярам, дваранам, войтам i iншым. У ёй паведамлялася, што многiя нявесты пакiдаюць сваiх сужаных i па сваёй волi жывуць у незаконным шлюбе. Многiя хрысцiянкi маюць стасункi з яўрэямi, туркамi i татарамi. Гаспадар патрабаваў караць за гэтыя ўчынкi паводле звычаю.
Скасаваць нявенчаны шлюб было даволi лёгка, дастаткова была падаць у гродскi цi земскi суд заяву з просьбай аб разводзе i пры гэтым пазначыць прычыны. Напрыклад, у 1557 г. Iван Багушэвiч Таруса разам з жонкай Марынай Кумпелеўнай падаў заяву ў гродзенскi земскi суд у сувязi з дрэннымi адносiнамi мiж iмi. Нявенчаны шлюб адрознiваўся ад венчанага тым, што пры яго заключэннi не было абраду вянчання, а пры скасаваннi не трэба было звяртацца ў царкоўны суд. Гэты варыянт шлюбу iснаваў у жыццёвай практыцы, не гледзячы на артыкулы Статута 1529 г., а потым i 1566 г. Для шляхецкага грамадства былi правамоцныя дзве формы шлюбу. Нявенчаны шлюб не лiчыўся менш законным чым венчаны.
Такi стан у сямейна-шлюбных адносiнах параджалi рознага роду плёткi i незвычайныя ўяўленнi аб жыхарах ВКЛ. Варшаўскi бiскуп i кардынал Энiяс Сiльвус (1405-1458) яшчэ ў XV ст. пiсаў: «Жонкi прадстаўнiкоў вышэйшага саслоўя яўна наложнiкаў трымалi. Мужы iм гэта дазвалялi, i людзi такiх памагатых шлюба называлiся мужамi, але сорамна трымаць наложнiц, калi ёсць жонка. Шлюбныя сувязi былi даволi распусныя, i з гэтай нагоды пастанавiлi жанiцца занава.»
Калi параўнаць норавы ВКЛ i еўрапейскiх краiн i, адпаведна, суседняй Польшчы, то зразумела i прычына такiх выказванняў. Жанчына вышэйшага саслоўя ВКЛ займала амаль што роўныя з мужчынай пазiцыi. Гэта было не зразумела для еўрапейскiх краiн каталiцкага веравызнання, дзе каталiцызм жорстка кантраляваў сямейныя i эратычныя сферы жыцця, таму для замежных сучаснiкаў Вялiкае княства здавалася ледзьве не Садомай i Гаморай. Пад уплыў iх выказванняў трапiў польскi даследчык З. Куховiч. Ён паказаў прадгiсторыю сэксуальнага тэмперамента роду Радзiвiлаў, якi ў найвышэйшай ступенi праявiўся ў Барбары Радзiвiл. Жонка Караля II Рудога (1476-1522) Ганна Радзiвiл трымала для сыноў Януша i Станiслава гарэм з 8 наложнiц, а сама заляцалася да Жыгiмонта Аўгуста, дасылаючы яму падарункi. Пра мацi Барбары, якая таксама мела iмя Барбара, ён напiсаў, што яна прыцягвала ўвагу мужчын. Пад час сейма ў Гродне (1522) у яе закахаўся малады польскi магнат Андрэй Гурка. З. Куховiч таксама ўзгадаў пра скандальную рэпутацыю сястры Барбары, Ганны.
Канешне, найбольшы водгук у польскiх сучаснiкаў выклiкаў раман, а потым шлюб Барбары Радзiвiл i караля Жыгiмонта. Наконт яе яны не саромiлiся ў выразах. Гiсторык i архiвiст Станiслаў Гурскi называў яе «вялiкай блуднiцай» i «адборнай курвай», В. Закжэўскi – «польскай Месалiнай». Ажахоўскi быў упэўнены, што «яе меў, хто хацеў». Андрэй Гурка налiчыў 38 яе палюбоўнiкаў.
Гэтаму шлюбу супрацiўлялiся i ў Кароне, i ў ВКЛ. Для княства гэта было звязана з жаданнем не даць узвысiцца дому Радзiвiлаў, а для Польшчы – больш з маральнымi прычынамi. Калi кароль меў полюбоўнiцу, то шляхецкае грамадства i царква гэта трывала. Але тут сувязь Барбары Радзiвiл i караля Жыгiмонта парушыла ўсе стэрэатыпы. Гэта было не проста ўзнёслае каханне, а гарачае пачуццё, якое поўнасцю захапiла караля. У iм не апошнюю ролю адыгрывала на цялеснае жаданне. Для маралi каталiцкай царквы i шляхты Кароны гэта быў удар. Барбара не ўспрымалася яшчэ i таму, што яна была ўдава з дрэннай рэпутацыяй, яна не была паннай, не была з каралеўскага роду, мела палавыя стасункi з Жыгiмонтам да шлюбу. Тое, што грамадства магло дараваць звычайнай шляхцянцы, яно не магло дараваць каралеве. З такой рэпутацыяй яна не падыходзiла для гэтай ролi.
Гэта гiсторыя кахання да сённяшнега дня мае шмат вымыслаў i плётак. У ёй цяжка аддзялiць рэальнае ад прыдуманага. Асоба Барбары Радзiвiл выклiкае разнастайную рэакцыю. Яе лiчаць i распуснай жанчынай, i гераiняй. Для свайго часу гэта была неардынарная з’ява.
У XVI стагоддзi гэта была не адна скандальная гiсторыя. У 1565 г. вiлькамiрскi павет быў узрушаны забойствам Мельхера Вайцяховiча. Ён вярнуўся ад сябра Марцiна Гановiча падвыпiўшы, але здаровы, а на наступны дзень яго жонка Кацярына Валчкоўская паведамiла ўсiм родным i сябрам аб яго смерцi. Далейшае разбiральнiцтва высветлiла, што забойства было агранiзавана жонкай з служкамi. Кацярына Валчкоўская ўжо некалькi год сустракалася з вiлькамiрскiм плебанам. Адносiны з мужам былi вельмi дрэннымi, i яна даўно хацела пазбавiцца ад яго. Муж ведаў пра яе здраду, сварыўся i бiў яе з-за гэтага. У вынiку, ўсе ўдзельнiкi злачынства былi пакараны смерцю, Кацярыне Валчкоўскай з-за цяжарнасцi тэрмiн выканання прыгавора перанеслi.
У кнiгах Упiцкага земскага суда ёсць падобная скарга Яна Вяковiча на жонку яго брата Мiкалая Вяковiча Хрысцiну (1587). Ён абвiнавачваў яе ў чарах i атручваннi яго брата. Дадаткова Ян Вяковiч паведамляў, што Хрысцiна «непристойне в малженском стане жила». Гэта мог быць сур’ёзны матыў для злачынства, як i ў папярэднiм выпадку.
Для дасягнення сваiх мэтаў шляхцянкi не грэбавалi нiякiмi сродкамi. Канешне, яны маглi развесцiся. Але ў дадзенай сiтуацыi жанчыны былi самi вiнаваты ў разводзе, бо мелi каханкаў. Па заканадаўчым нормам шляхцянкi гублялi пасаг, а застацца без сродкаў на iснаванне i мець дрэнную рэпутацыю яны не хацелi. Пазiцыi ўдавы былi значна лепшыя. Яна захоўвала ўнёсак, вена i трымала маёмасць мужа да паўналецця дзяцей. Гэтыя абставiны маглi iх падштурхнуць на забойства.
Па такому сэксуальнаму злачынству, як згвалтаванне, па заканадаўству ВКЛ выносiлася смяротнае пакаранне, але гэта не спыняла злачынцаў. 18 лiпеня 1586 г. жонка каралеўскага ротмiстра Марцiна Карызны Ганна Каспараўна Падгайская падала скаргу на жамойцкага земянiна Каспара Марцiнавiча Юшкевiча. Баярыня Марына Сякiраўна 10 лютага 1590 г. скардзiлася на гаспадарскага земянiна, ураднiка вiленскага ваяводы Яна Нямiру за згвалтаванне яе дачкi Ганны Шэцiлаўны ў маёнтку Смалявiчы, якi належаў сястры Марыны жонцы Арцёма Яцкава, i за гвалтоўны звоз у двор вiленскага ваяводы.
Сярод злачынстваў супаць маралi Статутам 1588 г. былi вылучаны зводнiцтва i пералюб. Зводнiц каралi абрэзваннем носа, вушэй i вуснаў i выганялi з мястэчак. Смяротнае пакаранне пагражала за пералюбства i жанчыне i яе палюбоўнiку. Дзяўчына, якая вяла распуснае жыццё, пазбаўлялася маёмасцi. Але Статут абараняў жанчыну, калi яе бяздоказна называлi «вшетечница» (распуснiца). У старабеларускай мове «вшетеченьство» азначала – распусту. Гэты тэрмiн даволi часта сустракаецца ў Статуце ў адпаведных артыкулах. У параўнаннi з папярэднiмi Статутамi Статут 1588 г. ўводзiць больш жорсткiя пакараннi за антымаральныя паводзiны грамадзян ВКЛ i за злачынствы на сэксуальнай глебе. Як бачна з прыведзяных прыкладаў, для гэтага былi слушныя прычыны. Упершыню ў iм з’яўляюцца артыкулы пра зводнiцтва i пералюб. Заканадаўства паступова, крок за крокам, iшло да замацавання трывалага манагамнага шлюбу, якi стаў асновай дзяржавы.
Нягледзячы на даволi «дэмакратычную» эпоху XVI стагоддзя нельга сказаць, што вышэй прыведзяныя факты па забойствам, згвалтаванням, пералюбу былi характэрнай з’явай у шляхецкiм грамадстве ВКЛ. Як i ў наступных стагоддзях сэксуальныя стасункi ў асноўным адбываюцца ў шлюбе. Аднак перыяд Рэфармацыi i Адраджэння адрознiваўся большай свабодай нораваў. Гэта быў час станаўлення шляхецкага грамадства, яго культуры, традыцый, таму было менш забаронаў, строга вызначаных стэрыятыпаў у паводзiнах, маралi, сэксуальным жыццi. Толькi ў гэты перыяд быў распаўсюджаны ў шляхецкiм грамадстве нявенчаны шлюб, рэгуляваны звычаёвым правам. Пасля перамогi Контррэфармацыi, прыняцця Статута 1588 г. для iснавання нявенчанага шлюба былi створаны неспрыяльныя ўмовы. Ён ужо не гарантаваў парадачу спадчаны дзецям. Нашчадкi, народжаныя ў такiм шлюбе, лiчылiся бенкартамi i не мелi права на маёмасць.
У 1601 годзе ў Браслаўскiм павеце былi пакараны канфiскацыяй маёнткаў Пневiца i Росiца, ў полацкiм ваяводстве (iх перадалi канцлеру ВКЛ Льву Сапезе) Багдан Сямёнавiч Пашкевiч i Марына Iванаўна Расiцкая за тое, што ён узяў «над право Божае и над право посполитое земское за жону властъною мачоху сваю» па смерцi яго бацькi i «ен прыстойне праве в порубстве з нею мешкаетъ».
Для гэтага перыду было характэрна станаўленне шляхецкай сям’i, закладвалiся асновы шляхецкай культуры. На працягу стагоддзя змянiлiся паводзiнкавыя ўзоры. Усё гэта адпаведна паўплывала на сэксуальнае жыццё шляхты. Калi напачатку грамадства спакойна ўспрымала нявечаны шлюб, дазваляла больш свабоды жанчыне, то са зменай культурна-рэлiгiйных плыняў шляхцянка становiцца абмежаванай у сваiх дзеяннях. Рэлiгiя падпарадкавала сабе знешнi бок маралi шляхты. Пералюб, бенкарты, стасункi да шлюбу i iншае пераходзяць у тайную сферу жыцця.
Наталля СЛIЖ