Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

Прыгожа пішам, але грошай не маем

Абласная газета «Гродзенская праўда» у бягучым годзе не шкадавала месца для афiцыйных паведамленняў. У лютым з’явiўся агляд «Эканамiчнае становiшча Гродзеншчыны ў 2000-м годзе», у маi – «Эканамiчнае становiшча Гродзенскай вобласцi ў I-м квартале 2001 года», у лiпенi – «Эканамiчнае становiшча Гродзенскай вобласцi ў першым паўгоддзi 2001 года» i «Аб вынiках сацыяльна-эканамiчнага развiцця Гродзенскай вобласцi за 1995-2000 гады».

Мала хто прачытаў тыя агромнiстыя газетныя «просцiны», насычаныя лiчбамi. Цiкавяць, напрыклад, эканамiчныя выкладкi прамысловасцi. Найперш таму, што падаткi прамысловых прадпрыемстваў вобласцi складаюць 67,5 працэнта да агульных. Гэта асноўны напаўняльнiк бюджэту вобласцi. За сем месяцаў выраблена прадукцыi на 635 млрд. рублёў. Тут працуюць без малога 110 тысяч чалавек. Сярэдняя зарплата ў галiне дасягнула 144 тысяч рублёў.

У той жа час тэмпы роста вытворчасцi прамысловай вытворчасцi за студзень-чэрвень былi правалены. У лiпенi ўдзельная вага гатовай прадукцыi ў сярэднемесячным аб’ёме вытворчасцi ў цэлым па вобласцi склала 57,2 працэнта (59,3 млрд. руб.). Адным словам, затаварванне, работа на склад. У канцы 2000-га года, для параўнання, на складах засталося гатовай прадукцыi на 33,5 млрд. руб, што складала 49,1 працэнта. Сёлета гэтая праблема паўстала як нiколi востра для аб’яднання «Гроднаабутак», лiдскага завода «Оптык», Гродзенскай тытунёвай фабрыкi, шклозавода «Неман», аб’яднання «Мастыдрэў» i iншых.

Значнае скарачэнне вытворчасцi назiралася ў першым паўгоддзi на прамысловых прадпрыемствах Воранаўскага, Мастоўскага, Зэльвенскага, Карэлiцкага, Астравецкага, Ленiнскага раёна горада Гродна. З 301 улiчваемага прадпрыемства павялiчылi выпуск прадукцыi 168 (55,8%), скарацiлi 131 прадпрыемства (43,5%). З гэтай колькасцi 75 прадпрыемстваў скарацiлi вытворчасць на 20 i больш працэнтаў. Больш чым напалову зменшана вытворчасць радыёпрыёмных прыладаў, ахтобусаў, дрэваапрацоўчых станкоў, мiнi-трактараў, набораў корпуснай мэблi, палiмернай плёнкi, шоўкавых тканiн, кансерваў з гароднiны i малочных, макаронных вырабаў, харчовых канцэнтратаў i iнш.

Не рэалiзаваная прадукцыя вядзе да нястачы абаротных сродкаў не толькi для тэхнiчнага перасабсталявання, але нават на набыццё сыравiны i матэрыялаў, камплектуючых для простага ўзнаўлення. Нарматыў патрабуе мець забяспечанасць абаротнымi сродкамi 30 працэнтаў. У наяўнасцi прадпрыемстваў – 3,1– 4 працэнты. Без хуткага вырашэння гэтай праблемы няма чаго спадзявацца на высокаэфектыўную работу.

Канкурэнтаздольнасць з’яўляецца прамым вынiкам нiзкай якасцi прадукцыi i высокага сабекошту яе. Аднак зрабiць якасныя тавары нельга, бо iзнос прамыслова-вытворчых асноўных сродкаў у мiнулым годзе склаў па вобласцi 59 працэнтаў, у тым лiку ў хiмiчнай i нафтахiмiчнай прамысловасцi – 70,4 працэнта, лёгкай – 58,2, лясной i дрэваперапрацоўчай i цэлюлозна-папяровай – 58,1, машынабудаваннi i металаперапрацоўцы – 51,5 працэнта. Яшчэ горшы паказчык па актыўнай частцы асноўных фондаў – 80,4 працэнта пры сярэднерэспублiканскiм iзносе 76,9 працэнта. Унутраных i знешнiх iнвестыцый для абнаўлення асноўных сродкаў няма. Тэмпы росту экспарту пры павелiчэннi адгрузкi тавараў за межы рэспублiкi на 40 працэнтаў дасягаюць у доларавым выражэннi толькi 95,1 працэнта пры плане 104. Змяншаецца i iмпарт.

Няма грошай – няма чым плацiць людзям зарплату. У лiпенi бягучага года ў вобласцi запазычанасць дасягнула 10,8 працэнта (3,9 млрд. руб.) фонда аплаты працы. Такая сiтуацыя тлумачыцца таксама тым, што многiя прадпрыемствы з’яўляюцца стратнымi. На Гродзеншчыне iх 37 працэнтаў. Рэнтабельнасць прадпрыемстваў складае толькi 7,3 працэнта пры неабходных 25. Напрыклад, у Гродне з 60 прадпрыемстваў, якiя даюць больш 40 працэнтаў ад усяго аб’ёма прамысловай прадукцыi вобласцi, 27 працэнтаў ад агульнай колькасцi прадпрыемстваў — стратныя.

Прамысловасць Гродзеншчыны, як уся эканомiка Беларусi, патрабуе аднаўлення. Без кардынальных мер ужо не абыйсцiся.

Антон Лабовiч

Назад