Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

Гiсторыя

Піва, віно і гарэлка ў ВКЛ

Традыцыi ўжывання алкагольных напояў у ВКЛ маюць сваю цiкавую i адметную гiсторыю. Пiва, гарэлка i медавуха карысталiся попытам у прадстаўнiкоў усiх саслоўяў: шляхты, духавенства, мяшчан i сялян. Традыцыйным месцам, дзе ўжывалi вышэйпералiчаныя напоi, была карчма.

Аднак, калi б вы зайшлi ў тагачасную карчму i паспрабавалi выбраць пiва цi медавуху, то ў вас бы нiчога не атрымалася. Кожная карчма мела свой профiль: у ей маглi прадаваць толькi пiва, цi медавуху, цi гарэлку. Магдэбурскае права дазваляла гарадскiм уладам адчынiць на рынкавай плошчы карчму i карыстацца яе прыбыткамi. Але гэта не азначала, што ў горадзе была адзiная карчма. Напрыклад, у мястэчку Шадава ў 1554 г. было 113, з iх 93 – пiўныя, 4 – мядовыя, 16 – гарэлачныя. Яны маглi належаць прадстаўнiкам любых саслоўяў. У кожным шляхецкiм маёнтку была карчма, якая часта здавалася ў арэнду. Пiцейныя дамы адчынялiся пры кляштарах, цэрквах, касцёлах.

У карчму хадзiлi не пiць, а як называлi ў той час – «бяседаваць». Наведвалi яе i мужчыны, i жанчыны. Гэта бачна па судовых скаргах, бо карчма была яшчэ i месцам, дзе маглi пабiцца. Так, шляхцiц Стас Эйсмант скардзiўся на шляхцянку Альжбету Эйсмант i яе сына Баўтрамея за тое, што яны пабiлi яго жонку пры «бяседзе». Шляхцiц Адам Даўгашыч падаў скаргу на Марцiна Тыдзiна за тое, што Тыдзiн яго пабiў у карчме. Прыдарожная карчма нярэдка станавiлася ахвярай заезжых наведвальнiкаў. Арэндатар з маёнтку жонкi мсцiслаўскага кашталяна Iвана Саламярэцкага, Ганны Янаўны Глябовiч, Лазар Есковiч скардзiўся на Еска Юр’евiча. Бо той не захацеў плацiць па рахунку i да таго ж зрабiў пагром у карчме.

Як правiла, дзе ёсць алкагольныя напоi, там можна сустрэць жанчын лёгкiх паводзiн. I карчма не была выключэннем. Магiстрат Слуцку загадаў строга караць «непачцiвых жанчын, распуст», браць пад арышт i пасылаць на самыя брудныя работы – чэрпаць твань з абарончых рвоў, чысцiць вулiцы i iншае.

З напояў найбольшым попытам карысталася пiва. Пiва вышэйшага гатунку ўтрымлiвала 5 % алкаголю i называлася «шляхецкiм». У ВКЛ дазвалялася варыць пiва для сябе. Падаткаў за пiва не трэба было плацiць, калi iм не гандлявалi. Гарэлка стала распаўсюджвацца на тэрыторыi Вялiкага княства з сярэдзiны XVI ст. Яна была трох вiдаў: 15-20 %, 35-40 % i 70 % (гэта ўжо лiчыўся спiрт). Адной з лепшых была «Залатая гарэлка». Яе маглi сабе дазволiць толькi заможныя людзi. Рэцэпт гарэлкi налiчваў некалькi лекавых каранеў i 4 залатыя манеты. Дарэчы, гарэлку ўспажывалi не толькi ўнутр, але i пры хiрургiчных аперацыях. Вiна пачалi прывозiць з-за мяжы з канца XVI ст. У асноўным гэта былi вянгерскiя вiна, iтальянскiя i мараўскiя.

Пры жаданнi кожная асоба магла знайсцi сабе напой па густу. Аднак не ўсе ведалi меру, i таму здаралася шмат кур’ёзных сiтуацый. Напрыклад, гетман ВКЛ Ян Караль Хадкевiч пiсаў сваёй жонцы, што на каралеўскiм балi ён так напiўся, што нiчога не памятаў. А на наступны дзень яму расказалi, што ён пасварыўся з канцлерам Львом Сапегай, i iх ледзьве разнялi, а жаўнер Дзiтрык ледзьве не рубануў канцлера па твару.

3 чэрвеня завiталi на двор пiсара i падканцлера ВКЛ Лаўрына Войны госцi. Уначы, калi ўсе ўжо былi п’яныя, слуга пана Сарнацкага непрыстойна жартаваў з гаспадаром i намаўляў яго танчыць па-iтальянску. Тады ўгневаны шляхцiц пачаў ганяцца за iм з шабляю. А як той лiтасцi запрасiў, то звязаў яго i так пакiнуў на ўсю ноч. Толькi ранiцаю гаспадар вызвалiў яго з путаў.

Людовiк Пацей быў запрошаны да падскарбiя ВКЛ Бенедзiкта Сапегi. Добра падвыпiўшы вiна, ён узяў стрэльбу i пачаў страляць у столь. Потым разам са сваiмi людзьмi асадзiў вiленскi замак. Пасля Л. Пацей тлумачыў свае паводзiны, што такiм чынам ён скардзiўся Богу (1733).

Вiленскi ваявода Караль Радзiвiл «Пане Каханку» i Iгнацi Пац любiлi на падпiтку на канi ездзiць. Гарцавалi яны так, што можна было шыю зламаць. Цвярозы чалавек на такое б не адважыўся.

Вiленскi ваявода Мiхаiл Казiмiр Радзiвiл так пiсаў у сваiм дзённiку: «20 лютага 1736 г. З ранiцы ездзiлi мы з братам да Альбы. Напiўшыся па-людзкi, мы раз’ехалiся. Мой брат – у Слуцк, я – у Нясвiж. 21 лютага. Балiць галава з пахмелля.»

Жонкi не заахвочалi ўжыванне алкаголю мужчынамi. На вяселле Адама Чартарыйскага i Iзабэлы Флемiнг з’ехалася шмат гасцей з Польшчы i ВКЛ (1761). Марцiн Матушэвiч з шляхцiцамi чакаў у ваўкавыскай карчме прыезду гетмана ВКЛ Мiхала Казiмiра Радзiвiла. Пры гэтым яны пiлi вянгерскае вiно. Калi пад’ехаў гетман, засталося толькi дзве бутэлькi. Вядома, яны былi яму прапанаваны. Але следам ехала жонка. Яе карэта спынiлася. Яна выйшла са словамi: «Спынiце гэта п’янства». Пабачыўшы такую сiтуацыю, М. Матушэвiч кiнуўся перад ёю на каленi, а М.К. Радзiвiл паспеў гэтым часам ад’ехаць з «месца злачынства».

Е. Кiтовiч прыводзiць iмёны знакамiтых п’янiц XVIII ст. Гэта маршалак ВКЛ Януш Аляксандр Сангушка, завiхорскi кашталян Барэйка (любiў пiць з духавенствам, зачыняў кляштар i нiкога з яго не выпускаў), вiленскi ваявода Караль Радзiвiл, Адам Матахоўскi.

У мяшчанскiм асяроддзi таксама сустракалiся выпадкi злоўжывання алкаголем. Магiлёўскi мешчанiн Якаў Андрэевiч Сапацковiч сваiм стылем жыцця давёў сваю жонку да галечы. Каб замалiць свае грахi, ён пайшоў у манастыр.

Мяшчане мелi своеасаблiвы метад, каб «закадзiравацца» ад п’янства. Магiлёўскi мешчанiн Лука Паўлавiч Авечкiн напiсаў лiст у магiстрат (1594). У iм ён даваў абяцанне больш не пiць, пачынаючы са свята Вялiкдзень. А калi ён вып’е ў карчме або так дзе-небудзь, то яго цесць мае права пасадзiць яго ў мясцовую турму.

Аднак нельга сказаць, што гэта была агульная хвароба тагачаснага грамадства ВКЛ. Прыгоднiцкiя выпадкi здараюцца амаль з кожным з нас. Аднак па iм нельга стварыць агульную карцiну i статыстыку па ўжыванню алкагольных напояў. Тым не менш гiсторыя захавала для нас цiкавыя факты, якiя распавядаюць пра штодзённае жыццё грамадства. I тут мы можам сказаць, што за вызначаны час чалавек не вельмi змянiўся i не заўсёды кiруецца вопытам продкаў. Iнакш не былi б i зараз актуальныя словы паэта XVII ст. Вацлава Патоцкага:

«П’яны чалавек не пiша вершаў. Што ён можа?

Размаўляць добра не ў стане.»

Наталля Слiж

P.S. Гэта быў апошнi артыкул з цыклу прысвечанага замалёўкам з гiсторыi i культуры жыцця шляхты Вялiкага княтсва Лiтоўскага. Спадзяюся, што чытачам было цiкава даведацца пра невядомыя старонкi нашай гiсторыi.

Назад