Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

Культура

«Я з вечна вандроўных»

Пад такой назвай ужо два тыдня ў Авальнай зале Новага замку працуе выстава, прысвечаная Язэпу Драздовiчу, адметнай асобе для беларускага мастацтва, археалогii, этнаграфii.

Гэтая выстава прадстаўлена для гродзенскiх наведвальнiкаў Нацыянальным музеем гiсторыi i культуры Беларусi, якi знаходзiцца ў Менску. Яна ўяўляе сабой чарговую спробу асэнсавання вобраза мастака, яго ўнутранага стану i жыццёвага лёсу. Жанр экспазiцыйнай лягенды, абраны аўтарамi выставы, дазваляе гледачам не толькi пазнаёмiцца з працамi мастака, але i зазiрнуць у яго свет, уявiць сабе вобраз творчай асобы Язэпа Драздовiча.

Нарадзiўся мастак на Вiцебшчыне, зямля якой падаравала шмат сапраўды таленавiтых людзей i сусветна вядомых дзеячоў культуры. Марк Шагал, Пятрусь Броўка ... Гэта далёка не ўсе.

Гады жыцця Язэпа Драздовiча прыйшлiся на 1888-1954 гады i фармаванне ягоных творчых iмкненняў адбывалася ў складаны, супярэчлiвы перыяд так званага беларускага адраджэння, у перыяд небывалага росту нацыянальнай самасвядомасцi, сацыяльна-гiстарычных перамен.

Выхадзец з беззямельнай шарочкавай шляхты, хлопец, якi з дзяцiнства адчуваў у сэрцы прагу да мастацкай творчасцi, атрымаў прафесiйную мастацкую адукацыю ў Вiленскай рысавальнай школе прафесара жывапiсу I. Трутнева. Усе яго працы маюць адметны характар: яны ўнiкальныя i традыцыйныя, наiўныя i мудрыя, рэалiстычныя i сiмвалiчныя, але заўсёды бязмерна шчырыя.

Фактычна, Язэпа Драздовiча можна назваць першым на Беларусi мастаком-мадэрнiстам. Яго мадэрнiстычна-сiмвалiчныя працы захавалi ў сабе мроi-летуценнi аўтара, яго позiрк у iншыя вымярэннi, уражаннi ад вандровак па роднай зямлi i касмiчнай прасторы Сусвету. Увазе тых, хто наведаў выставу ,былi прадстаўлены графiчныя лiсты цыкла «Палессе» , якiя датуюцца 1926 годам, кнiгi К. Буйло i А. Грыневiча, вокладкi якiх iлюстраваны самiм мастаком, Беларускi каляндар за 1913 i 1915 гады. Акрамя графiкi ў экспазiцыi выставы прадстаўлены вынiкi археалагiчных даследаванняў Драздовiча, яго замалёўкi беларускiх замкаў, урыўкi з дзённiка, працы па дрэву i надзвычай прыгожыя маляваныя дываны.

Язэп Драздовiч – не толькi выдатны графiк, жывапiсец, скульптар. Ён быў збiральнiкам фальклору i пiсьменнiкам, археолагам i настаўнiкам. Яго спадчына захавалася ў сотнях малюнкаў, якiя былi старанна адабраны навуковымi супрацоўнiкамi для тых, хто захапляецца беларускай мiнуўшчынай i ведае яе сапраўдны кошт.

Калыска, ручнiк i крыж – сiмвалы, якiя мастак лiчыў галоўнымi ў сваiм жыццi, неад’емнымi ў жыццi кожнага беларуса, таму экспазiцыя пачынаецца дзiцячай калыскай, сiмвалам пачатку руху мастака ў прасторы i часе, а заканчваецца вялiкiм крыжом, сiмвалам жыцця, сiмвалам сонца. А па ўсёй зале цягнецца льняны рушнiк-шлях, якi вядзе гледачоў па старонкам жыцця Вялiкага Беларускага Летуценнiка, крок за крокам, год за годам, праца за працай...

Вольга Арцеменка

Назад