Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

Ці выйдзе сёння «Пагоня»?

«Чарговы нумар газеты «Пагоня» можа выйсцi ў свет толькi пры ўмове, калi ў iм не будзе абразы i паклёпу ў дачыненнi прэзiдэнта РБ», – так заявiў следчы Гродзенскай абласной пракуратуры Алег Кулевiч.

Як мы ўжо распавядалi ў папярэднiм нумары «БI», у чацвер не выйшаў ужо другi запар нумар гродзенскай газеты «Пагоня». Аддрукаваны наклад 8100 асобнiкаў канфiскаваны ў друкарнi. Следчы Ленiнскай пракуратуры Гродна Альфрэд Танкевiч, якi сумесна вядзе справу «Пагонi» са следчым абласной пракуратуры Алегам Кулевiчам, заявiў, што ў нумары змешчаны асобныя артыкулы, у якiх утрымлiваецца абраза i паклёп у дачыненнi прэзiдэнта РБ. Канкрэтна артыкулаў ён не называў.

У мiнулы чацвер абодва следчыя правялi вобыск у рэдакцыi «Пагонi». Iх цiкавiлi арыгiналы матэрыялаў, якiя былi змешчаны ў папярэднiм нумары. У рэдакцыi быў сканфiскаваны кантрольны экзэпляр апошняга нумара газеты, а таксама лiст чытача з Брэста – артыкул датычыў тэмы маладзёвага графiцi. М.Маркевiч, рэдактар газеты, адмовiўся падпiсваць пратаколы выемкi дакументаў. Ён толькi запытаў у следчага А.Кулевiча, цi варта рыхтаваць наступны нумар, паколькi на гэта выдаткоўваюцца немалыя грошы, а газету iзноў могуць канфiскаваць. Следчы адказаў, што калi там не будзе матэрыялаў з абразай i паклёпам на прэзiдэнта, то газета выйдзе. Тады Маркевiч пацiкавiўся: «Як ведаць: ёсць там абраза, цi не, можа перад друкам прынесцi кантрольны экзэмпляр у пракуратуру?». «Прынясiце, – адказаў следчы Кулевiч. – Мы прачытаем i адкажам». Вось табе бабка i Юр’еў дзень, а ў Канстытуцыi РБ запiсана чорным па беламу, што цэнзура ў нашай краiне забаронена.

27 верасня ў памяшканнi Вышэйшага Гаспадарчага Суду РБ адбудзецца разгляд iска пракурора Гродзенскай вобласцi аб прыпыненнi дзейнасцi рэдакцыi газеты «Пагоня».

М.Маркевiч звярнуўся са скаргай да старшынi аблвыканкама Ў.Саўчанкi. Той, у сваю чаргу, вызначыў сустрэчу а 9.00 у сераду. А сам... раптоўна з’ехаў у Мiнск, адклаўшы спатканне на другую палову дня. Але, здаецца мне, што гэтае спатканне не адбудзецца нi сення i нi заўтра Што можа сказаць сп. Саўчанка «Пагонi»7 Што ён сумяшчае пасаду губернатара з пасадай цэнзара?

М.КАРНЕВIЧ

Назад