Амерыку кожны бачыць i разумее па рознаму. Толькi не ў кожнага з нас ёсць магчымасць там пабываць. Нашаму пазаштатнаму карэспандэнту гэта ўдалося. Ён i дзелiцца сваiмi ўражаннямi.
Дзень Незалежнасцi
У першым годзе новага веку сустракаць Дзень Незалежнасцi Рэспублiкi Беларусь, якi прызначыў першы прэзiдэнт краiны на 3 лiпеня, на Бацькаўшчыне нам не давялося. Тым не менш перажыць свята i пабачыць фейерверк у другой краiне пашэнцiла. Злучаныя Штаты Амерыкi 4 лiпеня адзначалi Дзень Незалежнасцi.
Амерыканцы, зрэшты, як i iншыя народы, шмат у чым падобныя да нас. Перадсвяточны дзень у iх таксама скарочаны, яны таксама чакаюць i рыхтуюцца. Праўда, транспаранты на вулiцах Чыкага ў гэты дзень асаблiва ў вочы не кiдаюцца. Не развешвалi над дзяржаўнымi ўстановамi i сцягi, паколькi яны тут вiсяць заўжды. А вось людзi не прамiнулi зрабiць гэта на сваiх уласных дамах. Ужо за два-тры днi да свята ля ўвахода дамоў з’явiлiся зорна-паласатыя сцягi, а месцамi i фiгура дзядзi Сэма.
Свята пачынаецца напярэдаднi 3 лiпеня. Пасля 18 гадзiнаў вечара людзi сем’ямi iдуць на бераг возера Мiчыган. Нясуць з сабою ежу, коўдры, крэслы. Блiжайшыя вулiцы ўздоўж возера перапоўненыя не толькi пешаходамi, але i палiцэйскiмi: пешшу, на конях, на веласiпедах, матацыклах, аўтамабiлях – паўсюдна сустракаеш палiцэйскiх. Аўтамабiльны рух на некаторых вулiцах спыняецца. Уздоўж вулiцы праз кожныя некалькi крокаў выстаўлены туалеты. Гарэлачных крамаў у цэнтры горада мала i мы толькi выпадкова трапляем у адну з iх на вулiцы Вабаш. Праўда, адзначаем свята пiвам, каб асаблiва не трацiцца. Крама сярэднiх памераў, але не змяшчае ўсiх жадаючых трапiць у яе. Тры касы не паспяваюць абслугоўваць пакупнiкоў: белыя, афра-амерыканцы, мексiканцы, в’етнамцы. Каго толькi няма ў гэтай калейцы. Напояў нiхто не купляе: пiва, гарэлка, вiно. Iдзем на наберажную. У палатках, дзе яшчэ ўчора мы куплялi чыкен (курыцу), мяса па-мексiканску ўсё скуплена. Прадаўцы прапануюць розную атрыбутыку, якая ахвотна размятаецца мясцовымi абарыгенамi i шматлiкiмi турыстамi. Вечарэе.
Нягучна льецца музыка Чайкоўскага. Адзiн за адным у неба ўздымаюцца палiцэйскiя верталёты. Мы iх налiчылi больш за дваццаць. Яны робяць кругi над залiвам, падымаюцца ў гару i завiсаюць. Палова дзесятай, ужо зусiм цёмна. Шматкiламетровы бераг возера запоўнены людзьмi, як кажуць «яблыку няма дзе ўпасцi». На наступны дзень газета «Чыкага трыбюн» напiша, што на беразе Мiчыгана сабралася не менш чым 800 тысяч чалавек. Позiркi iх скiраваны на пiрс. Вось-вось адтуль павiнны раздацца стрэлы, i ў небе ўспыхнуць рознакаляровыя агнi фейерверка.
Стрэл выбухнуў нечакана i рознакаляровыя агнi асвяцiлi наваколле, пiрс, ваду, яхты, людзей. Непаўторная люмiнацыя доўжылася 20 хвiлiн. Яна выклiкала радасць i захапленне, прычым не толькi ў нас, але i ў амерыканцаў. Магчыма толькi што яны адчувалi нешта iншае ў гэты момант. Гэта ж iх дзень Незалежнасцi. Мне марылася пра другое...
Пасля гэтай прыгажосцi людзi пацiху пачалi разыходзiцца: хто на аўтобусы, хто ў метро, электрычкi. Толькi цяпер я ацанiў важкасць i прафесiяналiзм шматлiкiх палiцэйскiх. Яны вельмi ўдала кiравалi вялiкiм натоўпам людзей. Нiдзе нiякай небяспекi чалавечаму жыццю: спакойна, цiха, арганiзавана..., хаця падчас, як i ў нас, нехта выказваў сваю незадаволенасць, нехта абураўся.
Праз нейкiя поўгадзiны людзi раз’ехалiля. Назаўтра ранiцай некаторыя жыхары пайшлi ў царкву, дзе служылася меса ў гонар Айчыны. У iншых кварталах прайшлi парады. У другой палове дня чыкагцы, як i верыканцы, сем’ямi пайшлi ў госцi на барбекю. Звычайна так тут называюць мяса, смажанае на рашотцы над вуглямi. З гэтага часу бясконца да паўночы былi чутны выбухi пiрапатронаў.
Амерыка салютавала Дню Незалежнасцi.
Сыны Вялiкай Мядзведзiцы
Будучы на амерыканскiм кантыненце ў мяне ўвесь час цяплiлася жаданне даведацца пра лёс тых, хто жыў на гэтай зямлi да яе адкрыцця. Шматлiкiя мае субяседнiкi, у якiх я хацеў высветлiць пра сенняшнiя буднi iндзейцаў, цi ўвогуле нiчога не маглi адказаць на гэтае пытанне, цi распавядалi вельмi мала. Афра-амерыканцы таксама, як i эмiгранты з Азii, ствараюць разнастайныя камiтэты ў сваю абарону i актыўна вядуць барацьбу за роўныя правы з белымi. Але пры гэтым iх нi колькi не кранаюць праблемы карэннага насельнiцтва.
Тым не менш, амаль што знiшчаны народ працягвае жыць i iснаваць, толькi ў рэзэрвацыях. У свой час яны былi выселяны з багатых земляў на непрыдатныя для жыцця. Я так i не даведаўся, колькi iснуе iх рэзэрвацый у ЗША. Лiчба жыхароў рэзэрвацый складае каля двух мiльёнаў. Дарэчы, нам паведамiлi, што ў Чыкага болей за 100 тысяч iндзейцаў. У гэтым горадзе ёсць польскiя кварталы, рускiя, iндусаў, вьетнамцаў, кiтайцаў i iншых перасяленцаў, але iндзейскi квартал атсутнiчае. Магчыма, яны жывуць у мексiканскiм квартале.
Рэзэрвацыi – гэта дзяржава ў дзяржаве. Тут не дзейнiчаюць нi федэральныя законы, нi законы штата. У рэзэрвацыi свая палiцыя, свае суды. Белыя могуць знаходзiцца тут толькi маючы спецыяльны дазвол. Але калi грамадзянiн ЗША здзейснiць злачынства на гэтай тэрыторыi, то ўсёроўна яго судзiць не iндзейскi суд, а суд штата, дзе знаходзiцца рэзэрвацыя. Iснуе спецыяльнае федэральнае ведамства, якое займаецца пытаннем жыхароў рэзэрвацыi. Урад для яго выдзяляе вялiкiя грошы, але сярод iндзейцаў працягвае iснаваць павальнае беспрацоўе, i, як следства, беднасць, наркаманiя i алкагалiзм. Ужо не адзiн дзесятак год iдзе размова аб тым, што iндзейцы павiнны атрымаць кампенсацыю за тое, што былi выселены з урадлiвых зямель у пустыню, але адпаведных заканадаўчых актаў на федэральным узроўнi пакуль так i няма. Той факт, што з iндзейцамi паступiлi несправядлiва, прызнае большасць амерыканцаў, але каб выправiць такое становiшча, нiчога не робiцца.
Тым не менш, жыццё вымушае шукаць шляхi яго паляпшэння. Паколькi казiно забаронена паўсюдна ў Амерыцы, акрамя Лас-Вегаса, а ў рэзэрвацыях не дзейнiчаюць федэральныя законы, то ў некаторых з iх хутка пачаў развiвацца iгральны бiзнес. Тыя, хто пасялiў гэты народ тут, з вялiкiм задавальненнем ездзiць цяпер сюды адпачываць. I ўжо амерыканцы, а яны ўмеюць лiчыць грошы, з зайздрасцю кажуць, што многiя рэзэрвацыi сталi казачна багатыя.
Яшчэ невялiкая колькасць рэзэрвацый, якiя знаходзяцца на берагах Вялiкiх Азёраў, дзе людзi займаюцца рыбалоўствам, iснуюць прыстойна.
Ва ўсiх iншых iндзейцы жывуць за мяжою беднасцi. Iх колькасць змяняецца. Маладыя пакiдаюць рэзэрвацыi i едуць у свет.
Вэрдзi, кола i барбекю
Нiколi не думаў, што класiчную музыку можна слухаць, лежачы на паляне парка, шмат есцi i запiваць гэта колай, пiвам ды вiном. Аказваецца можна, ды яшчэ як.
На поўначы Чыкага знаходзiцца цудоўны парк Равiнiя. Тут збудавана адкрытая канцэртная зала. Наўкола канадскiя клёны ды акацыi, цудоўны зялёны газон.
У гэтым парку штогод на працягу лета адбываюцца канцэрты ў межах фестываля «Равiнiя». Большасць з iх праходзiць у нядзелю вечарам. У гэты дзень на прыгараднай электрычцы кошт праезду да Равiнii ўдвая танней: туды i назад можна з’ездiць за 4 даляры, пры гэтым выдаецца спецыяльны бiлет.
У межах культурнай праграмы нам прадставiлася магчымасць паслухаць «Рэквiем» Вэрдзi ў выкананнi Чыкагскага сiмфанiчнага аркестра i хору. У глядзельнай зале бiлет каштуе 40 даляраў, а на адкрытым паветры – 10. Паколькi мы мелi танныя бiлеты i павiнны былi слухаць канцэрт седзячы на газоне, нам прапанавалi адзець адпаведную вопратку i абутак, а таксама коўдру, ежу на пiкнiк ды iншае. Праўда, як ежу, так i напоi тут купляюць мала, паколькi гэта значна даражэй чым у звычайнай краме. Таму гледачы цягнуць з сабой вялiкiя скрынкi, напоўненыя ядою. Народ збiраецца сюды за 2-3 гадзiны да пачатку канцэрта, сядаюць на газон, раскладваюць свае запасы i, згодна з амерыканскай традыцыяй, нi на кога не зважаючы, сiлкуюцца ў сваё задавальненне. Маладыя не саромеюцца ляжаць i абдымацца. Людзей хоць i шмат, i на вялiзнай плошчы нельга адшукаць вольнае месца, але гэта нiкому не перашкаджае. У парку наогул не вiдаць палiцэйскiх. За 15 хвiлiнаў да пачатку канцэрта тыя, у каго былi больш дарагiя бiлеты, падалiся ў залу. Усiх гледачоў пэўна палiчыць немагчыма, але iх не менш за 10 тысяч.
Цудоўная акустыка залы, развешаныя на дрэвах калонкi дазваляюць атрымаць асалоду ад музыкi ў любым куточку парка. На паўтары гадзiны музыка зачаравала ўсiх.
Адно, што кiнулася ў вочы: на канцэрце прысутнiчалi выключна людзi з белай скурай.
А як там на бiржы
Пабываць у Чыкага i не наведацца на бiржу, значыць не пабачыць нi Чыкага, нi Амерыкi наогул. Бiржа з’яўляецца каталiзатарам эканамiчнай актыўнасцi i рэгулятарам эканамiчных адносiнаў.
Для агульнага азнаямлення можна канстатаваць, што на бiржы заключаюцца кантракты на нейкi пэўны тэрмiн. Прыкладам, на пастаўку бабоў будучага ўраджая. Згодна з заключаным кантрактам пэўная колькасць тавару ў прызначаны тэрмiн павiнна быць дастаўлена ў вызначанае месца. Такiя кантракты называюцца ф’ючэрнымi.
Гiсторыя такога гандлю распачалася з пачаткам XIX стагоддзя i звязана непасрэдна з Чыкага. Блiзкасць пладародных зямель Сярэдняга Захаду ператварыла Чыкага, якi размешчаны на пачатку Вялiкiх Азёраў, у зернявы тэрмiнал. Узнiклi праблемы продажу i куплi i, каб хоць неяк стабiлiзаваць становiшча, у 1848 годзе 82 гандляры стварылi цэнтралiзаваны рынак – Чыкагскую таварную бiржу. У той час выглядала ўсё прыкладна так: у адной «яме» цi так званай «пiце» збiралiся прадаўцы i пакупнiкi аднаго вiду тавару ды вялi гандаль. Пiтаў было столькi, колькi назваў тавараў. Пiта – васьмiвугольная платформа на ўзвышшы са ступенькамi, што вядуць унiз. Гэта дае магчымасць пакупнiкам i прадаўцам бачыць адзiн другога. Сёння Чыкагская таварная бiржа знаходзiцца ў 45-цi павярховым будынку, якi быў пабудаваны ў 1930 годзе. Над будынкам узвышаецца статуя Цырэры, рымскай багiнi зерня i ўраджая, вышыня якой 31 фут (9,45 м). Яна сiмвалiзуе тавары, па якiм вядзецца гандаль. У 1982 годзе будынак бiржы дабудавалi. На гэта было патрачана 111 млн. даляраў. Дадаткова да старой залы ў 1965 кв.м., дзе здзяйснялiся гандлёвыя аперацыi, далучана зала ў 2972,8 кв.м., што адпавядае па памерам футбольнаму полю. Гандлёвыя залы знаходзяцца на 5 i 10 паверхах. Больш за ўсё ўражваюць сродкi камунiкацыi. Пад падлогай залы пралягае прыкладна 10.000 мiль (16093 км) тэлефонных кабеляў. Для абслугоўвання клiентаў устаноўлена 4000 тэлефонаў. Калi раней цэны i iх змены пiсалi на дошцы крэйдаю, то зараз па перыметру залы ўстаноўлены электронныя табло, якiя паказваюць прыблiзна 90000 зменаў у дзень. Шмат камутатараў i манiтораў, на якiх можна атрымаць любую iнфармацыю.
Ёсць цэнтр наведвальнiкаў, якi размешчаны на першым паверсе, але знаходзячыся за тоўстым шклом можна пабачыць мiтусню, узмахi рук, рознакаляровую вопратку брокераў, маклераў ды пасыльных. Сюды не далятаюць iх вокрыкi. А гамана стаiць, вiдавочна, страшэнная.
Зараз на бiржы 1402 члены. Акрамя грашовага ўзносу неабходна рэкамендацыя двух сяброў. Пасля чаго спецыяльная камiсiя правярае крэдытаздольнасць, фiнансавую адказнасць, а таксама яго асобу i чэснасць.
На бiржы iснуюць два вiды гандляроў: хеджары i спекулянты. Хеджары – гэта асобы цi кампанii, якiя маюць тавар ды хочуць прадаць яго цi набыць, але яны баяцца, што кошт тавару зменiцца да таго, як яны купяць цi прададуць яго. Без спекулянтаў на бiржы нельга было б знайсцi паразумення ў кошце тавару, бо прадаўцы выстаўляюць самы высокi кошт, пакупнiкi жадаюць набыць тавар як мага танней. Спекулянты запаўняюць прастор памiж коштам, якi прапануюць i пытаюць. Яны робяць рынак больш эфектыўным i не ствараюць рызыкi, бо рызыкуюць самi, у надзеi атрымаць прыбытак. Спекулянты купляюць кантракты на тавар, калi адчуваюць, што кошт iх узрастае, у надзеi пазней здзейснiць лiквiдацыйны продаж, каб атрымаць прыбытак. I наадварот.
Рэальна пакупнiкi iмкнуцца заключыць кантракт непасрэдна з прадаўцом, бо на бiржы выконваецца толькi 3% кантрактаў. Тым не менш, пачынаючы з 1925 года нi адзiн клiент на бiржы цi за яе межамi не згубiў грошаў праз невыкананне абавязкаў па ф’ючэрных пазiцыях.
Яшчэ адно правiла бiржы: нi адзiн кантракт не можа быць заключаны да той пары, пакуль не празвiнiць звон, якi сведчыць аб афiцыйным адкрыццi бiржы, i нi адной здзелкi не можа быць заключана пасля таго, як звон апавясцiў аб яе закрыццi.
Адразу пасля гэтага маклеры, як адзiн, выходзяць на вулiцу, паспешна паслабляюць гальштукi, зацягваюцца цыгарэтаю ды асiплым голасам мацюкаюцца. У Амерыцы нi хто так не мацюкаецца, як бiржавыя маклеры.
Я.ПАЛУБЯТКА