Мала сказаць, што Аркадзь Смолiч – адзiн з першых беларускiх акадэмiкаў, прафесар (1927), работнiк Наркамзема Беларусi (1922), старшыня Бюро краязнаўства Беларусi (1924), намеснiк старшынi Iнстытута беларускай культуры (1925), сябра Прэзiдыума Акадэмii Навук, выкладчык Белдзяржунiверсiтэта (з 1923). Узнагароджаны залатым медалём Рускага геаграфiчнага таварыства (1930)...
Ён стварыў сваю галоўную кнiгу жыцця – «Геаграфiя Беларусi» яшчэ ў 1919 г. Яна перавыдавалася ў 1922, 1923, 1925 г. У Савецкай Беларусi вучоны працаваў над раянаваннем, будучы сакратаром камiсii па адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльным дзяленнi рэспублiкi. Сучасныя межы раёнаў i сельсаветаў распрацаваны iм i Язэпам Дылам. Па прапанове Смолiча тады выдавалiся часопiсы «Плуг», «Наш край».
Гэта, так бы мовiць, сцiслыя афiцыйныя бiяграфiчныя звесткi жыцця Аркадзя Смолiча. Але ён вядомы таксама як найлепшы сябра Максiма Багдановiча. Менавiта Смолiч засведчыў, што верш «Пагоня» быў напiсаны восенню 1916 года. Твор упершыню быў прагалошаны аўтарам у Мiнску ў Народным доме «Беларуская хатка» разам з вершам «Страцiм-лебедзь».
Цiкава i тое, што патрыёты Багдановiч, Зоська Верас i Аркадзь Смолiч далi адзiн аднаму слова, што напiшуць падручнiк пра беларускi край. Максiм Багдановiч узяўся за гiсторыю беларускай лiтаратуры. Зоська Верас вырашыла асвяцiць пытаннi мастацтва, Аркадзь Смолiч – геаграфii. Уласную манаграфiю пачаў пiсаць у Мiнску ў хаце Кантаровiча ў 1918. Неаднаразова перапрацоўваў. Як падручнiк для школ БССР кнiга пабачыла свет у выдавецтве Клецкiна.
Iмя Смолiча-палiтыка пачынаецца з 1910 года. Ён стаў сябрам Беларускай Сацыялiстычнай Грамады. На 3-м з’ездзе (1917) гэтай партыi быў абраны ў ЦК разам са Змiтро Жылуновiчам (Гартным), Бранiславам Тарашкевiчам, Язэпам Дылай, Сымонам Рак-Мiхайлоўскiм. Рэдагаваў газету «Грамада».
Цiкава, што юнаком Смолiч скончыў Мiнскае духоўнае вучылiшча, паступiў у семiнарыю, але праз чатыры гады забраў дакументы. Вучыўся ў Кiеўскiм полiтэхнiчным iнстытуце, аднак адтуль перавёўся ў Нова-Александрыйскi iнстытут сельскай гаспадаркi i лесаводства ў Пулавах (скончыў у 1916 г.). Выключаўся з вучобы за ўдзел у студэнцкiх хваляваннях. Дазвол на атрыманне дыплома атрымаў у сувязi з амнiстыяй, праведзенай з выпадку 300-годдзя дома Раманавых. У час вымушанага адлучэння ад вучобы працаваў таксатарам i каморнiкам у Вiленскай, Мiнскай i Гродзенскай губернiях.
Ён вядомы як адзiн з заснавальнiкаў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыi (1918). Прымаў удзел у стварэннi Беларускай Народнай Рэспублiкi. Быў намеснiкам старшынi Рады (1919), народным сакратаром асветы ў першым урадзе БНР, намеснiкам старшынi цэнтральнай Беларускай школьнай рады. Уваходзiў у склад Найвышэйшай Рады БНР. Быў надзвычайным паслом БНР ва Ўкраiнскiм урадзе, дамогся для Беларусi крэдытаў у памеры чатырох мiльёнаў карбаванцаў. Кiраваў работай камiсii па стварэннi Белдзяржунiверсiтэта. Стаяў у вытокаў Таварыства Беларускай Мовы (1921).
Пэўны перыяд жыцця Аркадзя Смолiча быў звязаны з Гродна. 15-16 снежня 1918 года ён правёў у Гродне Беларускi сялянскi з’езд. Калi Чырвоная Армiя ў 1920 годзе падыходзiла да Мiнска, урад БНР вырашыў пераехаць часткова ў Вiльню, часткова ў Гродна. Аркадзь Смолiч з жонкай Аляксандрай Iгнатаўнай Каткоўскай i дачкой прыязджае ў наш горад. Тут ён канчаткова, з дапаўненнямi i ўдакладненнямi, падрыхтаваў новую рэдакцыю сваёй кнiгi «Геаграфiя Беларусi».
У Гродне Ваенна-рэвалюцыйным камiтэтам быў запрошаны на працу ў зямельны аддзел, кiраваў эканамiчным пададдзелам. Служыў не за iдэю, а для забеспячэння сям’i. Збiраў звесткi пра стан Гродзенскага павету, дапамагаў сялянам парадамi па агранамii, агiтаваў iх за арганiзацыю сельскагаспадарчых кааператываў. З 6-га жнiўня 1920 года пачаў браць на работу спецыялiстаў – К.Шабянкова, Сiгiзмунда Будкевiча, Вацлава i Мiхаiла Шумкоўскiх.
Ён часцяком чытаў сялянам лекцыi i даклады, арганiзоўваў агранамiчныя курсы. Яго выступленнi закраналi тэмы «Аб камуне i арцелi», «Аб грамадскай апрацоўцы зямлi», «Аб сельскагаспадарчай кааперацыi». Рабочыя так званага народнага ўнiверсiтэта ў Гродне слухалi яго лекцыi па эканамiчнай геаграфii. Тут вучоны выкарыстоўваў багатую ўласную практыку, абагуленую раней у работах «Эканамiчнае палажэнне Беларусi перад вайной», «Арганiзацыя сельскай гаспадаркi ў раёнах цэнтральнай Беларусi», «Сялянства Заходняй Беларусi».
Пасля работы ў Гродне Аркадзь Смолiч перабраўся ў Вiльню. Займаўся ўкладаннем геаграфiчных карт. Яго работы былi надрукаваны ў Берлiне. У 1922 годзе ён паверыў абяцанням Савецкай улады i вярнуўся ў Мiнск. 26 чэрвеня 1930 г. быў арыштаваны разам з 104 асобамi, прылiчанымi да надуманай справы так званага «Саюза вызвалення Беларусi». У красавiку 1931 г. атрымаў пяць гадоў адмнiстрацыйнай высылкi ў Пермскую, затым Омскую вобласцi. Тут i застаўся, бо яму забаранялася жыць у пагранiчных зонах, буйных населеных пунктах. Чарговы арышт здарыўся 17 чэрвеня 1937 г. Аркадзь Смолiч быў расстраляны ў Омскай турме 17 чэрвеня 1938 г. Месца пахавання невядома.
... Ёсць у Гродне бюст спраўнаму кавалерысту-чырвонаармейцу Васiлю Чапаеву, якi нiколi ў нашым краi не быў, i, мабыць, не ведаў пра яго iснаванне. А вось дзесяткi змагароў за свабодную Беларусь наогул не ўзгадваюцца. Нi таблiчкi пра iх, нi помнiка, нi радка ў Энцыклапедыi.
Антон ЛабовIЧ