Яны не адседжвалiся ў цiхiм месцы, а былi на вастрынi жыцця. У той час моднага зараз слова стрэс яны не ведалi, але турбот хапала штодня. I не такiя мацакi ламалiся, складалi крылы i растваралiся ў шэрым людскiм натоўпе. Нашы героi не скарылiся выпрабаванням, у змаганнi шчаслiва абмiнулi ўсе пасткi i закалоты.
Бiяграфii гэтых асобаў вядомыя. Аляксандр Канстанцiнавiч Шыдлоўскi ўдзельнiчаў у рэвалюцыйным руху Заходняй Беларусi, сядзеў у турмах тагачаснай даваеннай Польшчы. Быў артыстам Беларускага ансамбля песнi i танца. Закончыў Белдзяржунiверсiтэт, настаўнiчаў. Заслужаны дзеяч культуры Беларусi. Аўтар песень, якiя выдавалiся асобнымi зборнiкамi.
Апанас Цыхун таксама глынуў бяды па горла. У Iндуры закончыў сямiгодку, вучыўся ў польскай настаўнiцкай семiнарыi ў Гродне. Быў паклiканы ў войска. Змагаўся з гiтлераўцамi на Беласточчыне. Закончыў Гродзенскi педiнстытут i настаўнiчаў. А яшчэ ўсё жыццё збiраў i вывучаў спадчыну свайго земляка – акадэмiка Яфiма Карскага, напiсаў пра яго кнiгу, адкрыў прысвечаны вучонаму музей. Друкуе краязнаўчыя артыкулы, выдаў некалькi зборнiкаў вершаў. Заслужаны настаўнiк Беларусi...
Такiя простыя жыццi, калi прабегчы па верхатуры iх жыццяпiсаў i пазначыць асноўнае. А калi зазiрнуць углыб скупых радкоў, пашырыць межы сказанага? Вось тады мы ўбачым характары гэтых людзей, праяўленыя праз падзеi. Усяго было – i дрэннага, i добрага. Чаго больш, папросту не скажаш.
Яны людзi свайго пакалення. Магчыма, чагосьцi не разумеюць у паводзiнах моладзi, нешта асуджаюць. Такое ўласцiва людзям сталага веку. Урэшце, якiмi будзем мы з вамi? Пры маленькай умове: калi Бог дасць дажыць да 90. Будзем спадзявацца, у некага атрымаецца.
Не, яны не апошнiя з магiкан, а нашы сучаснiкi, дарадчыкi, прыветныя i добрыя людзi. Шкада, што ў мiтуснi кожнага дня мы не надта зважаем на iх, не знаходзiм часу шчыра пагаварыць з ветэранамi.
Каб не спазнiцца ў заўтра, трэба паспяшацца сёння...
Антон Лабовiч
На фото: Аляксандр Шыдлоўскi i Апанас Цыхун